Жители Кореличского района рассказывают, какие газеты и журналы выписывают
Людміла МАНКЕВІЧ,
дырэктар прыватнага гандлёвага ўнітарнага прадпрыемства «Мілацвет»:
— Я пастаянна выпісваю раённую газету «Полымя», у ёй знаходжу цікавыя навіны і рэкламныя звесткі. Да таго ж прапаную і сваю рэкламу. Мяне цікавіць рубрыка «Азбука бяспекі», падабаюцца публікацыі на гістарычныя тэмы. Ёсць пажаданне журналістам: яшчэ больш пісаць аб людзях працы Карэліччыны.
Матулі на Новы год раблю своеасаблівы падарунак — падпіску на часопіс «Советчица». Васьмігадовага ўнука Рому радую часопісамі «3/9 царство» і «Непоседа», каб у яго быў момант чакання новага сябра і ён прывучаўся чытаць.
Алена ЖУЧЭНКА,
ветэран працы, жыхарка райцэнтра:
— Усё жыццё ў нашай сям’і выпісвалі раённую газету «Полымя». Яна родная, пра людзей Карэліцкага краю. На яе старонках змяшчаецца карысная і цікавая інфармацыя.
З задавальненнем чытаю і газету «Аргументы и факты». Выпісваю яе на
паўгода і не шкадую: сапраўды навіны заслугоўваюць увагі і пашыраюць кругагляд. Даўно пасябравала з часопісам «Однако жизнь», у якім знаходжу публікацыі на разнастайныя тэмы.
Чаму выпісваю газеты і часопісы? Гэта нашы сябры, якія дораць цікавыя імгненні сустрэчы з невядомым, даюць магчымасць зазірнуць у мінулае і заўтрашні дзень, напаўняюць наш час карысным заняткам.
Алена МАКАРЧЫК,
бібліёграф ДУК «Карэліцкая раённая бібліятэка», маці дваіх дзяцей:
— Для сваёй пяцігадовай дачкі Верачкі выпісваю дзіцячыя часопісы: «Зайкина школа», «Сказка на ночь», «3/9 царство». Дзіцячая перыёдыка пазнавальная, захапляючая, цікавая.
Часопісы дапамагаюць дзецям развівацца ўсебакова. Казкі, заданні, рэбусы — гэта патрэбна дзяўчынкам і хлопчыкам у дзіцячым узросце. Да таго ж выданні прыгожа і маляўніча аформлены. Гэта яшчэ больш захапляе дзяцей, і яны цягнуцца да чытання.
Вядучая рубрыкі Галіна СМАЛЯНКА