Тыдзень роднай мовы прайшоў у СШ №1 г.п. Карэлічы

Мова — гэта не толькі сродак зносін. Яна душа народа, аснова яго культуры. Пакуль жыве мова, жыве народ. У мове заключаны “генетычны код” духоўнасці народа, і, авалодваючы ёю, мы “чытаем” сваю гісторыю, разумеем продкаў, ствараем сённяшнюю рэчаіснасць, крочым у будучыню. Гонар і абавязак кожнага — ведаць, шанаваць і любіць мову свайго народа, садзейнічаць яе развіццю і росквіту.

21 лютага — Дзень роднай мовы. Роднай, беларускай, нашай. З гэтай нагоды з 21 да 26 лютага ў ДУА “Сярэдняя школа № 1 г.п. Карэлічы”  прайшоў Тыдзень беларускай мовы і літаратуры, які меў на мэце папулярызацыю роднай мовы.

Творчая група, у склад якой уваходзілі і вучні, і настаўнікі, распрацавала план мерапрыемстваў на тыдзень. Улічылі густ, патрабаванні, магчымасці кожнага вучня праявіць сябе ў гэты час. Запрашаем і вас, паважаныя чытачы, у падарожжа.

Кожны дзень быў не падобны на астатнія. Панядзелак — Беларусь мілагучная. Ужо зранку вучняў і настаўнікаў сустракалі старшакласнікі ў нацыянальных касцюмах, каб павітацца па-беларуску, зацікавіць запланаванымі на тыдзень мерапрыемствамі. З цікавасцю спыняліся ля стэнда, на якім трансліраваліся ўсе падзеі, ля выставы  “Ёсць імёны і ёсць такія даты: юбіляры-пісьменнікі-2022”.  Жыхары і госці пасёлка прынялі ўдзел у акцыі “Пераходзь на беларускую!” На пешаходным пераходзе стаяў імправізаваны знак з аднайменным надпісам. Вучні ў нацыянальных строях  расказвалі аб тым, што нельга забываць нашу родную мову, трэба размаўляць на ёй, каб “гучала ў кожнай у хаце”. Інтэрактыўная віктарына для знаўцаў беларускай мовы  “Родная мова — цудоўная мова” прайшла ў гэты дзень для шасцікласнікаў. Сярод  пачаткоўцаў прайшоў конкурс фотаздымкаў “Я беларус”.

Гродзенскі абласны дыктант пісалі і дарослыя, і дзеці. Дзіўна было бачыць, што за парты селі настаўнікі, іншыя работнікі  ўстановы. Спачатку аднесліся з усмешкай да такой справы, але, калі настаўнік пачаў чытаць тэкст, твары сталі сур’ёзныя.

22 лютага — Беларусь літаратурная.  У аўторак  вучні дзявятых класаў адправіліся ў віртуальнае падарожжа па мясцінах Я. Купалы і Я. Коласа (да 140-годдзя з дня нараджэння паэтаў), а пасля  гучалі вершы, урыўкі з твораў паэтаў. У 3 ”А” класе прайшла выстава-прэзентацыя “Мая любімая кніга Я. Коласа і Я. Купалы”.  Малодшыя вучні ўдзельнічалі ў  конкурсе  чытальнікаў “Гавары па-беларуску”. На сайце школы бацькі, госці, настаўнікі аддавалі свой голас за лепшага.

23 лютага — Беларусь патрыятычная. Мы любім нашу краіну, знаёмімся з яе мінулым. Шануем памяць тых, хто аддаў сваё жыццё за сённяшні мірны дзень. Акцыя “Віншуем па-беларуску” была сюрпрызам для мужчын і хлопчыкаў. Працавала палявая пошта. Віншавальныя паштоўкі  адрасаты атрымалі на беларускай мове. Старшакласнікі мелі магчымасць  у гэты дзень сустрэцца  з ваеннаслужачым запасу Крывіцкім Я. В. і задаць пытанні пра службу ў беларускай арміі. “Служыць Айчыне — гэта гонар для кожнага юнака,” — з хваляваннем зазначыў госць, які сам нядаўна быў у ваенным страі.

Тэатралізаваная пастаноўка “Гуканне вясны”, выстава прадметаў нацыянальнага побыту “Дакрануцца да вытокаў”, майстар-клас “Беражы мяне, Берагіня!”, гульнёвы падворак,  выстава вышыванак “Дызайн па-беларуску”, выстава нацыянальнага адзення “Беларускі строй” — мерапрыемствы, якія нікога не пакінулі абыякавымі ў дзень з назвай «Беларусь традыцыйная»! Мерапрыемствы ўяўлялі сабой  тэатралізаваныя і музычныя пастаноўкі, рабяты рабілі лялькі сваімі рукамі, развучвалі народныя гульні. Захаванне традыцый не павінна губляць свайго значэння, таму што абапіраецца на мудрасць нашага народа, дапамагае цвёрда трымацца сваіх каранёў, сваёй гісторыі.

25 лютага — Беларусь музычная. У пятніцу ў школе гучала музыка, спявалі песні. Чулася “Роднаму слову прызнанне ў каханні”, калі вучні выконвалі  беларускія песні на музычных інструментах. А вось паспяваць песні жадалі многія. Караоке на беларускай мове  “Гадуем беларусаў” сабраў і хлопцаў, і дзяўчат.  Першакласнікаў зацікавілі літаратурныя пасядзелкі “Хата казкамі багата”, а той, хто застаўся ў групе падоўжанага дня, адправіўся ў  падарожжа ў краіну беларускай мовы.

У апошні дзень – Беларусь сучасная – падвялі вынікі Тыдня беларускай мовы і літаратуры. Завяршэннем традыцыйнага  тыдня стаў флэшмоб “Беларусь мая, сінявокая”.

 

Надзея ГУРЫН, настаўніца беларускай мовы і літаратуры СШ  № 1 г.п. Карэлічы