В Кореличском районе начали сев ранних яровых культур
У Карэліцкім раёне пачалі сяўбу ранніх яравых зерневых і зернебабовых культур. У пасяўную кампанію ўключыліся ДП “Птушкафабрыка “Чырвонаармейская”, СВК “Свіцязянка-2003”, “Жухавічы”, “Маяк-Заполле”, ДП “Племзавод Карэлічы” і “Царука”. Першымі выйшлі ў поле аграрыі «Чырвонаармейскай».
— Сяўбу яравых культур мы пачалі 23 сакавіка, — расказвае галоўны аграном птушкафабрыкі Ігар Русецкі.
— Клін ранніх яравых культур у нас складае 400 га, або 19% ад усяго яравога кліну плошчай 2 150 га. Першым на працягу трох дзён пасеялі авёс элітнага гатунку «Фрыстайл», які заняў 75 га. Паралельна ідзе падрыхтоўка глебы пад сяўбу ранніх яравых і цукровых буракоў. 470 га глебы ўжо падрыхтавалі: выраўнялі, пракультывавалі, закрылі вільгаць. Насеннем гаспадарка забяспечана на 100% Угнаенняў і паліва таксама дастаткова. Падкормлена 47% азімых зерневых, 51% шматгадовых траў. З 20 сакавіка правялі падкормку азімага рапсу на плошчы 500 га.
— Нашы аграрыі, занятыя на палявых работах, атрымліваюць дастойны заробак, яны забяспечаны ўсім неабходным, у тым ліку гарачым харчаваннем, таму пасяўную завершым у самыя кароткія тэрміны, — пераканана выконваючы абавязкі дырэктара прадпрыемства Анастасія Рабцэвіч. — Галоўнае — паспець пакласці насенне ў вільготную зямлю, якой вельмі не хапае.
Пад яравую сяўбу ў Карэліцкім раёне гатова 2 774 га, або 15% плошчаў. Адначасова ў гаспадарках ідзе работа па ўнясенні на палі калійных і арганічных угнаенняў, сяўбе і падкормцы шматгадовых траў. Таксама актыўна аграрыі пачалі падкормку азімых збожжавых культур і азімага рапсу.
У цэлым яравы клін Карэліччыны складае больш за 18 тыс. га. Сяўбу ранніх яравых плануюць завяршыць за 10 дзён.