На планерке у председателя: грейдирование дорог, проблема тунеядства, завершение сева сахарной свеклы
Стан мясцовых дарог знаходзіцца на пастаянным кантролі ў райвыканкаме. На мінулым тыдні ў раёне прагрэйдзіравана 40 км дарог. Пра гэта паведамілі на штотыднёвай працоўнай нарадзе ў старшыні райвыканкама Генадзія Шатуева.
Паводле слоў намесніка старшыні райвыканкама Аляксандра Быліча, грэйдзіраванне прайшло на ўчастках дарог Мір-Любна, Мір-Беражна, Мір-Мядзвядка, Мір-Жухавічы-Юравічы, Турэц-Браносава, Турэц-Вялетава. Праводзіцца ямачны рамонт на ўчастку дарогі Мір-Жухавічы-Юравічы, Трашчычы-Жухавічы-Цырын на плошчы 62 м квадратных. На бягучым тыдні плануецца прагрэйдзіраваць 46 км дарог, ямачны рамонт будзе праведзены на 110 м квадратных. Працягваецца ўборка дарог і падрыхтоўка мастоў пад афарбоўку.
— Значная частка зваротаў грамадзян тычыцца стану дарог, — падкрэсліў Генадзій Шатуеў. — Графікі рамонту распрацаваны і трэба іх прытрымлівацца.
Старшыня райвыканкама таксама засяродзіў увагу на праблеме дармаедства. У раёне жыве 86 працаздольных грамадзян, не занятых у эканоміцы. Часцей за ўсё яны злоўжываюць спіртным, скандаляць, жывуць за кошт састарэлых бацькоў. Пры гэтым у раёне ёсць 244 вакансіі.
— Службе занятасці насельніцтва, праваахоўнікам і мясцовым органам улады трэба больш пільна кантраляваць гэтую катэгорыю грамадзян, якая жыве па прынцыпе «праца не воўк, у лес не ўцячэ», — даў даручэнне кіраўнік раёна.
На палях раёна кіпяць сельгасработы. Да канца бягучага тыдня ў раёне будуць пасеяны цукровыя буракі, якія ў гэтым годзе зоймуць 3505 га. Завершана сяўба ранніх зерневых і зернебабовых (без кукурузы, грэчкі, проса). Яравыя культуры пасеяны на 47% плошчаў. Падрыхтоўка глебы пад сяўбу гэтых культур праведзена на 84% плошчаў. Пасеяна 177% аднагадовых траў, 56 — лёну-даўгунцу. Праводзіцца паўторная падкормка азімых зерневых (59%) і азімага рапсу (99%). Шматгадовыя травы падсеяны на 56% плошчаў. Умовы надвор’я пакуль не дазваляюць пачаць сяўбу кукурузы.
Іна ЛЕЙКА