У Карэлічах адкрылася раённая выстава-конкурс дэкаратыўна-прыкладнога і выяўленчага мастацтва «Велікодная радасць»
Месцам адкрыцця выставы-конкурсу дэкаратыўна-прыкладнога і выяўленчага мастацтва «Велікодная радасць» стала фае першага паверха Карэліцкага раённага Цэнтра культуры і народнай творчасці. Дырэктар Наталля Гароднік адзначае, што тут прадстаўлены не толькі работы ўстаноў культуры раёна, але і адукацыі, мясцовых ліцэя і каледжа.
Конкурс «Велікодная радасць» праводзіцца з мэтай адраджэння традыцый святкавання Вялікадня, традыцыйных рамёстваў, папулярызацыі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.
Па выніках конкурсу будуць вызначаны пераможцы ў дзвюх намінацыях: дэкаратыўна-прыкладное і выяўленчае мастацтва.
Выстава будзе працаваць да 29 красавіка з 9.00 да 17.00.
Узнагароджанне пераможцаў конкурсу пройдзе 1 мая падчас правядзення святочных мерапрыемстваў, прысвечаных Дню працы.
На выставе-конкурсе вочы радуюць прадстаўленыя работы, тут разнастайныя сувеніры на велікодную тэму: яйкі, паштоўкі, кошыкі, пано, лялькі і іншае. Хочацца спадзявацца, што яна прынясе вялікую радасць.
Мы папрасілі наведвальнікаў падзяліцца сваімі ўражаннямі.
Анжаліка ШАСТАК,
бібліятэкар Карэліцкай цэнтральнай раённай бібліятэкі:
— Дастойныя работы выкананы з эстэтычным густам, яны адпавядаюць святочнай тэматыцы. У кожнай — свая «разынка». Відаць, што іх аўтары ўклалі душу ў зробленыя рэчы, і вельмі радуе, што яны — дзеці.
Аляксандр ЗАБЛОЦКІ,
мастак-афарміцель Карэліцкага Цэнтра культуры і народнай творчасці:
— Выстава ўразіла сваімі разнастайнымі падыходамі і тэхнікай выканання. Тут падабраны работы выканаўцаў рознага ўзросту, кожны зрабіў свае вырабы па-майстэрску. Асабліва ўразіў падыход да гэтай тэмы дзяцей малодшага ўзросту.
Галіна СМАЛЯНКА
Фота Наталлі САКАЛЯНСКАЙ