Ураджэнец Карэліцкага раёна Віктар Лазарчык вёў барацьбу з наступствамі трагедыі на Чарнобыльскай АЭС
У маі 1986 года з’явілася новае слова “чарнобыльцы”. Так мы называлі тых, хто ехаў на поўдзень краіны на барацьбу з наступствамі трагедыі на Чарнобыльскай АЭС, і тых, хто жыў у тым наваколлі. Усё толькі пачыналася…
26 красавіка 1986 года на 4-м энергаблоку Чарнобыльскай атамнай электрычнай станцыі адбылася адна з найбуйнейшых у свеце катастроф на атамных электрастанцыях. У першыя хвіліны і часы аварыі, дзякуючы намаганням выратавальнікаў-пажарных, атрымалася ліквідаваць пажар на 4-м энергаблоку і не даць магчымасці агню распаўсюдзіцца па ўсёй тэрыторыі станцыі. Трагічную цану заплацілі выратавальнікі ў тыя першыя часы катастрофы: некаторыя загінулі, атрымалі радыяцыйнае заражэнне і вострую прамянёвую хваробу. Мы свята помнім і шануем іх подзвіг. Але доўгатэрміновыя выпрабаванні для нашай краіны і людзей былі яшчэ наперадзе. Ніколі, нідзе і ніхто ў свеце не сутыкнуўся з наступствамі такой маштабнай катастрофы і тымі каласальнымі пытаннямі, якія трэба было вырашаць хутка, адэкватна і галоўнае — мінімізаваць трагічны вынік. Жыццё падзялілася на “да” і “пасля”. Паўстала зусім не філасофскае пытанне: “Што рабіць?”.
У навакольнае асяроддзе была выкінута вялікая колькасць розных радыёнуклідаў з перыядам паўраспаду ад некалькіх гадзін да некалькіх сотняў гадоў, назвы некаторых з іх у 1986 годзе большасць насельніцтва пачула ўпершыню (Цэзій-137, Стронцый-90, Плутоній-238-241, Амерыцый-241). Асаблівасці метэаралагічных умоў у канцы красавіка- пачатку мая 1986 года, а таксама састаў і дынаміка аварыйнага выкіду радыёактыўных рэчываў абумовілі складаны характарзабруджвання тэрыторыі Рэспублікі Беларусь. І самае галоўнае — радыяцыю нельга было ўбачыць, памацаць ці нават пакаштаваць. Яе колькасць, якасць можна толькі даследаваць з дапамогаю спецыяльных прылад — дазіметраў. Як далей жыць на той ці іншай тэрыторыі, ці дазволена ўжываць прадукты, весці сельскую гаспадарку і папросту далей існаваць ва ўмовах той сучаснасці ў зоне, забруджанай радыёнуклідамі. На гэтыя і іншыя пытанні, на выклікі таго часу разам з другімі дзяржаўнымі ведамствамі спрабавалі тады ўпершыню даць адказ спецыялісты па радыяцыйнай бяспецы і гігіене сістэмы аховы здароўя, узброеных сіл і Дзяржаграпрама БССР. Адным з іх быў і мой бацька, Лазарчык Віктар, ураджэнец Карэліцкага раёна, хутара Ёлаўка, Варанчанскага сельсавета, бо меў спецыяльную падрыхтоўку па праблеме радыяцыйнай бяспекі, якую атрымаў яшчэ падчас праходжання тэрміновай вайсковай службы ў медыка-санітарным батальёне ў якасці ваенна-медыцынскага спецыяліста сярэдняга складу. Потым ён дасканала авалодаў дадзеным напрамкам дзейнасці ў дачыненні да сельскай гаспадаркі ў Маскоўскім інстытуце мясной і малочнай прамысловасці па спецыяльнасці ветэрынарнай санітарыі, і на спецыяльных курсах павышэння кваліфікацыі, працуючы на розных пасадах у Міністэрстве мясной і малочнай прамысловасці БССР, цэнтральным апараце Дзяржаграпрама БССР. І вось ён з групай сваіх калег у 1986 годзе першы раз быў накіраваны ў зону першачарговага адсялення ў Веткаўскі раён (Гомельская вобласць). На працягу 1986-1987 гадоў было яшчэ некалькі доўгатэрміновых камандзіровак у розныя куткі Гомельскай, Магілёўскай і Брэсцкай абласцей.
Задача ставілася неардынарная – даследаваць жывёлагадоўчыя фермы калгасаў, асабістыя гаспадаркі грамадзян на іх забруджванне радыёнуклідамі. Як гэта рабіць, якую трэба выкарыстоўваць метадалогію, канцэпцыю даследванняў, тады ніхто не ведаў. Трэба было спланаваць гэтую дзейнасць, разумець, з чаго пачынаць, вызначыць прыярытэты намаганняў. Адным словам – усе пытанні вырашаліся на месцы, зыходзячы з абставін часу ў неразрыўнай сувязі з вопытнымі спецыялістамі і арганізатарамі Дзяржаграпрама БССР.
Тады, у першыя дні і месяцы пасля аварыі, ужо было разуменне, што асноўнымі радыёнуклідамі, маючымі першапачатковае вызначэнне для апраменьвання насельніцтва, зямель, жывёлы і кармоў, з’яўляюцца Цэзій-137 і Стронцый-90. Па-першае, Лазарчык Віктар з калегамі вывучаў ступень заражэння кармоў, буйной рагатай жывёлы радыёнуклідамі. Спецыялісты ішлі ад адной калгаснай фермы да другой, ад аднаго асабістага падворка да наступнага. Штодня праводзілася дазіметрычнае даследаванне кармоў, жывёл і ўмовы іх ўтрымання з вывучэннем радыяцыйнага фону. Былі складзены цэлыя планы маніторынгу і прааналізаваны вынікі абеззаражвання, і толькі пасля гэтага прымалася рашэнне аб далейшым лёсе доследных кармоў, жывёл і ўмовах іх далейшага ўтрымання. Ужо тады былі закладзены асновы сістэмы кантролю радыёактыўнага заражэння канкрэтных тэрыторый.
Уся праца праводзілася толькі з дапамогай дазіметра іянізавальнага выпраменьвання, якім мой бацька карыстаўся прафесійна. “Незаменны прыбор ва ўмовах радыёактыўнага заражэння”, — успамінае ён. Але, на жаль, часам ад прыбора ішоў надрыўны гук (так апавядае тата), які сведчыў аб перавышэнні дапушчальнай дозы выпраменьвання. Гэты факт ён успрымаў без панікі. Вынікі фіксаваліся, аналізаваліся і былі знакам для прыняцця рашэння аб прымяненні праграмы дзеянняў. На забруджаных тэрыторыях прапаноўваліся комплексныя аграхімічныя, зааветэрынарныя, санітарныя і іншыя рашэнні. У аператыўным рэжыме вынікі даводзіліся да загадчыкаў ферм, кіраўніцтва гаспадаркай, адміністрацыі раёна, вобласці, быў зроблены хоць невялічкі, але ўклад у сістэму маніторынгу краіны ў постчарнобыльскі перыяд. Толькі зараз можна ўявіць, якая гэта была карпатлівая, шматгранная праца, з якой раней ніхто не сутыкаўся. Трэба было мець на ўвазе, што радыёактыўнае забруджванне тэрыторыі Беларусі было значным, і нашым спецыялістам, ратавальнікам неабходна было дайсці да кожнай кропкі роднай зямлі, не забываючы аб тым, што тут жывуць людзі, якія чакалі ад спецыялістаў і мясцовай улады выразных рэкамендацый.
Тысячы нашых спецыялістаў па радыяцыйнай гігіене, медыцынскіх работнікаў, кіраўнікоў дзяржаўнай улады рэспублікі, абласцей, раёнаў пасля першых дзён узрушэння ад аварыі неймавернымі намаганнямі наладзілі спакойную прафесійную работу па мінімізацыі вынікаў тэхнагеннай катастрофы. І зараз ужо амаль што большая частка тых забруджаных зямель зноў увайшла ў сяўбазварот, ёсць ў гэтай справе хоць і невялічкая, але і кропля заслугі майго таты. Гэта праца нашых людзей у зоне забруджвання мела каласальнае значэнне, паколькі ўжо тады была закладзена аснова харчовай бяспекі краіны.
Так, праца нашых ліквідатараў па пераадоленню наступстваў той тэхнагеннай катастрофы была складаная, без выхадных дзён, запланаваных перапынкаў і часовычарнобыльцаў” з усіх бакоў была цяжкая, ніхто з іх і не думаў, што з імі адбудзецца потым, праз гады, дзесяцігоддзі… Людзі проста працавалі і, калі хочаце, працавалі за ідэю, за сваю краіну ў тых абставінах, у якіх іх выбраў час. Яны рабілі тое, што ўмелі, шмат чаму вучыліся на месцы, але заўсёды заставаліся адданымі сваёй зямлі, як маглі ратавалі нас усіх ад атамных прамянёў таго часу.
Спецыялісты са службовых камандзіровак вярталіся да сваёй звычайнай працы, а потым зноў без паказухі і асабістай увагі да сябе накіроўваліся ў Чарнобыльскае наваколле. Я называю гэтых людзей “ціхія героі”, ганаруся імі. Стан іх душы адлюстроўвае памятны нагрудны знак “Участник ликвидации последствий аварии на ЧАЭС”, якім узнагароджаны і Лазарчык Віктар. У цэнтры знака — кропля крыві як сімвал мужнасці і барацьбы за жыццё ў самых розных абставінах, магчымасць аддаць частку свайго жыцця дзеля жыцця другіх. Праз кроплю крыві праходзяць альфа, бэта і гама-промні, гэта азначае, з чым сутыкнуліся нашы выратавальнікі, што “прапусцілі” праз сябе і ў якіх умовах баранілі нашу Беларусь.
Навукоўцы і спецыялісты працягваюць вывучаць медыка-біялагічныя, сацыяльныя і экалагічныя наступствы чарнобыльскай катастрофы. Наш Прэзідэнт Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка штогод наведвае раёны, якія пацярпелі ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, звяртаючы самую пільную ўвагу на стварэнне камфортных умоў для жыцця людзей, развіццё сацыяльна-эканамічнага патэнцыялу гэтых тэрыторый. Пад непасрэдным патранажам Прэзідэнта ажыццяўляюцца дзяржаўныя праграмы па пераадоленні наступстваў катастрофы на ЧАЭС. Каля 3-х працэнтаў рэспубліканскага бюджэту закладзена штогод на выкананне мэтаў праграм, у цэнтры якіх — клопат аб чалавеку.
Сёння са старонак раённай газеты шаную, памятаю і ганаруся ўсімі “чарнобыльцамі”. Давайце не забываць тых, хто прымаў непасрэдны ўдзел у пераадоленні наступстваў той найбуйнейшай аварыі дваццатага стагоддзя, хто з’яўляецца для нас прыкладам адданасці і служэння Радзіме.
Выказваю вялікую падзяку свайму бацьку Лазарчыку Віктару за парады і кансультацыі падчас падрыхтоўкі артыкула.
* Пры падрыхтоўцы артыкула выкарыстаны матэрыялы: Беларусь и Чернобыль: 33 года спустя: информационо-аналитический сборник / под ред. П. В. Николаенко; Департамент по ликвидации последствий катастрофы на Чернобыльской АЭС Министерства по чрезвычайным ситуациям Республики Беларусь. – Минск: ИВЦ Минфина, 2019.
Ігар Лазарчык, г. Мінск