В Кореличском районе завершена культивация почвы под сев льна, но посевную сдерживают холода

Сёлета ў Карэліцкім раёне лён-даўгунец будзе пасеяны на 2150 гектарах. Ільнаводы ўжо падрыхтавалі глебу для паўночнага шоўку, аднак пасяўную стрымліваюць нізкія тэмпературы. Сіноптыкі абяцаюць пацяпленне толькі з 10 красавіка.

— Акрамя гэтых 2150 гектараў, даўгунец будзе расці на 63 га арандуемых зямель у Навагрудскім раёне. Лідскі ўчастак ільнозавода пасее яшчэ 1008 га, — расказвае намеснік дырэктара ААТ «Карэлічы-Лён» Андрэй Комар. — Культываваць глебу пад сяўбу пачалі 21 сакавіка і за 10 дзён завяршылі закрыццё вільгаці. У чаканні цёплага надвор’я ўносім мікраэлементы: цынк, бор, а таксама КАС, праводзім збор камянёў. Насеннем і сродкамі абароны ад пустазелля забяспечаны пад поўную патрэбнасць, тэхніка гатова.

Адпраўляемся ва ўрочышча Дубрава, якое размешчана на землях ДП «Чарняхоўскі-Агра» недалёка ад вёскі Качаны. Тут працуе механізатар з 15-гадовым стажам Дзмітрый Донь, які за дзень закрывае па 40 га вільгаці.

— У перыяд веснавых палявых работ графік у аграрыяў напружаны, — гаворыць Андрэй Комар. — Але затое і зарабіць можна нядрэнна. На культывацыі, напрыклад, каля 80 рублёў за дзень. Акрамя таго, кожны дзень — практычна бясплатны сытны абед, кошт якога на 70% кампенсуе льнозавод.

Іна ЛЕЙКА

Фота аўтара