Царква святых апосталаў Пятра і Паўла, народнае вучылішча, старэйшая школа — Карэліччына ўчора і сёння ў праекце «Бацькаўшчына»

Працягваем цыкл публікацый, прысвечаных Году гістарычнай памяці, “Карэліччына: на скрыжаванні гісторыі”. Запрашаем перагарнуць разам з намі старонкі гістарычнага праекта і зазірнуць у мінулае роднага краю.

Чайная, плошча 17 Верасня, 1952 год

Цяпер на гэтым месцы знаходзіцца будынак Карэліцкага райвыканкама, пабудаваны ў 1969 годзе.

 

 

Былы яўрэйскі будынак, плошча 17 Верасня, 1952 год

Памяшканне ўзведзена яўрэем Капланам каля 1914 года. У 1944-1961 гадах тут размяшчалася школа для старэйшых класаў. Цяпер гэта будынак рэдакцыі Карэліцкай раённай газеты “Полымя”.

 

Вуліца Гастэлы, 1952 год

У пачатку XX ст. тут размяшчаліся 2-класнае народнае і 4-класнае гарадское вучылішчы. У савецкія часы тут знаходзіўся раённы аддзел унутраных спраў і школа для пачатковых класаў. Цяпер у гэтых будынках размешчаны ЗАГС, раённы Цэнтр творчасці дзяцей і моладзі. Сярэдняя школа № 2 райцэнтра была пабудавана ў 1961 годзе.

Царква святых апосталаў Пятра і Паўла  ў г.п. Карэлічы

Пабудавана ў 1866 годзе. Сам царскі ўрад вылучыў грошы на яе будаўніцтва. Царква была пабудавана з цэглы, па форме яна напамінае крыж. Ужо ў 1882 годзе на будынку быў узведзены цэнтральны купал. Час быў літасцівы да гэтага храма. Ён не быў разбураны ні ў рэвалюцыйныя гады, ні ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Да таго ж нават цяжкія антырэлігійныя часы не змаглі разбурыць храм. Наадварот, у перыяд з 1972 па 1988 гады праводзілася маштабная рэканструкцыя будынка. Так, у гэты перыяд была выраблена замена даху і акна. Адрэстаўраваны былі таксама купал і сцены. Акрамя вонкавых абнаўленняў, у гэты перыяд часу ў XX стагоддзі быў абноўлены і іканастас усярэдзіне будынка Петрапаўлаўскай царквы.

Касцёл Маці Божай Найсвяцейшай Дапамогі ў Карэлічах

Пабудаваны ў 1938 годзе на ўзвышшы ў паўночна-заходнім сектары забудовы галоўнай плошчы мястэчка на сродкі графаў Жаўтоўскіх, уладальнікаў маёнтка Рута і асаднікаў з наваколіц. Пасля Другой сусветнай вайны касцёл быў зачынены і ў савецкія часы выкарыстоўваўся як віна-гарэлачная крама. Вярнулі святыню парафіянам у 1991 годзе, адразу ж пачалася рэстаўрацыя. Асвяцілі касцёл 26 верасня 1992 года пад тытулам Маці Божай Нястомнай Дапамогі. Кансэкрацыю праводзіў архібіскуп Гданьскі Тадэвуш Гацлоўскі.

 

Свята-Пакроўская царква ў Турцы

Узведзена ў 1888 годзе з бутавага каменю і цэглы. У плане ўяўляе сабой традыцыйную чатырохчасткавую схему (званіца, трапезная, асноўны трохнефны аб’ём у выглядзе крыжа і апсіда). У архітэктуры храма выкарыстаны элементы і формы старажытна-рускай архітэктуры: вісячыя падвойныя аркі на парталах прытвораў, ліштвы акон, трохлопасцевыя какошнікі на фасадах, пяцікупальная кампазіцыя асноўнага аб’ёму, цыбулепадобныя рабрыстыя купалы на васьмігранных барабанах галоўнага аб’ёму і на двух’яруснай званіцы. Спалучэнне прыроднага каменю і атынкаваных белых дэталей дэкору ўзбагачае архітэктурна-мастацкія якасці помніка.

Іна ЛЕЙКА

Фота аўтара і з архіва Карэліцкага раённага краязнаўчага музея