Члены смотровой комиссии посетили жителей Жуховичского сельсовета, которые ведут асоциальный образ жизни
У Жухавіцкім сельсавеце члены назіральнай камісіі наведалі грамадзян, якія вядуць асацыяльны лад жыцця.
Хто яны, да каго завіталі члены камісіі? Розныя па ўзросце, характары, занятку. Сябруюць з чаркай, і ад гэтага ў іх беды і праблемы. Да многіх адказныя асобы прыязджаюць не першы раз, каб у рэшце рэшт дастукацца да іх сэрцаў.
Алкагалізм называюць хваробай. Гэта свайго роду бяда і для тых, хто сябруе з зялёным зміем, і для родных людзей. Прыкра і балюча глядзець на тых, хто цягнецца да чаркі, і робіць гэта пастаянна. Мы сустрэліся з майстрам справы, чые рукі здольныя рабіць многае. Вось толькі нецвярозы лад жыцця прымушае членаў назіральнай камісіі час ад часу наведвацца да яго. Размова вядзецца аб простых ісцінах жыцця, і гэта паўтараецца ад рэйду да рэйду. Галоўнае, каб бяда абыйшла гэты дом.
Самы надзейны сябар — аўтаномны пажарны апавяшчальнік. Каб пры задымленні пачуць яго гук, патрэбна батарэйка. Удзельнікі камісіі рэкамендуюць гаспадарам своечасова замяняць «Крону». Радуе, што ўладальнікі дамоў адносяцца да гэтай прапановы з разуменнем і адказнасцю.
Куды складаней пераканаць аматараў не курыць у ложку ці на канапе. «У месцы для сну гэтага рабіць нельга. Непатушаная цыгарэта можа стаць прычынай пажару», — адзначае супрацоўнік раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях.
Ніякавата сябе адчуваеш, калі заходзіш у дамы вяскоўцаў, у якіх да чысціні і парадку далёка. Асабліва прыкра, калі гаспадыняй з’яўляецца жанчына, якая павінна ствараць дамашнюю ўтульнасць. Падчас правядзення рэйду давялося ўбачыць адваротнае: у доме мужчыны было, як у святліцы, а вось за гора-гаспадыню было вельмі сорамна.
Адзіноту не любяць многія. Хаця гэта не падстава для таго, каб весці нецвярозы лад жыцця. Выпітая чарка і непатушаная цыгарэта — крок да вялікай бяды. Яе можна прадухіліць, калі проста ўзяцца за розум і нешта змяніць у сваім жыцці да лепшага.
У дзень наведвання членаў назіральнай камісіі да гора-вяскоўцаў наваколле патанала ў квецені садоў, зеляніне дрэў, жоўтых дзьмухаўцах. Такая прыгажосць, што не перадаць. Акрамя таго, тут умеюць вырошчваць хлеб, вучыць дзяцей і многае іншае. Хочацца верыць, што візіты адказных асоб да грамадзян, якія знаходзяцца ў групе рызыкі, пайшлі апошнім на карысць: яны пачулі простыя ісціны жыцця і зрабілі пэўныя высновы дзеля таго, каб проста жыць і людзьмі звацца.
Галіна СМАЛЯНКА
Фота Івана ЗВОНКІ