Павел и Валентина Лупсяковы из агрогородка Оюцевичи отпраздновали золотую свадьбу
Пяцьдзясят гадоў крочаць па жыцці рука аб руку Валянціна Антонаўна і Павел Рыгоравіч Лупсяковы з аграгарадка Аюцавічы. Як ім удаецца захоўваць моцную сям’ю, якім быў шлях да яе стварэння, якімі крытэрыямі кіраваліся ў жыцці, напярэдадні свята — Дня сям’і — журналіст гутарыць з залатымі юбілярамі.
— Раскажыце пра свой дзень знаёмства.
Валянціна:
— Мы пазнаёміліся на першым курсе падчас вучобы ў Гродзенскім сельскагаспадарчым інстытуце, калі накіраваліся ў калгас на сельгасработы. Гэта было 1 верасня 1968 года. Павел на машыне спрытна прымаў кашы з бульбай. Я вырашыла таксама паспрабаваць, але ў мяне не атрымалася. Тады звярнула на яго ўвагу, але сябраваць пачалі з другога курса.
Павел:
— Валянціна была вясёлай, гаваркой, актыўнай, таму і спадабалася. Я заўважыў, што яна вельмі працавітая і патрабавала гэтага ад усіх.
— Дзе і калі праходзіла вяселле?
Валянціна:
— На чацвёртым курсе студэнтаў адпраўлялі на практыку, і мы з Паўлам хацелі паехаць разам. Таму падалі заяву ў ЗАГС г. Гродна. Вяселле было студэнцкае, у сталовай «Гандальмаш». Гулялі сябры-студэнты, сваякі.
Павел:
— Было вельмі весела. Вырашылі запрасіць музыкаў з музпедвучылішча, і рабяты са студэнцкага ансамбля згадзіліся і нават не ўзялі за гэта грошай. У нас было класічнае студэнцкае вяселле: студэнты адпраўлялі ў загс з інтэрната і сустракалі хлебам-соллю. Група ў нас была вельмі дружная, займала лідзіруючыя пазіцыі па многіх накірунках. Іх падтрымка дапамагла ў арганізацыі вяселля.
— Як пачынаўся ваш працоўны шлях? Якое значэнне ў жыцці мела праца?
Валянціна і Павел:
— Па паспяховасці мы ішлі ў ліку першых пры размеркаванні. У ВНУ прыехаў старшыня калгаса «Большевик» Камянецкага раёна Брэсцкай вобласці — і мы далі згоду на пасады заатэхнікаў. Пазней прыехалі на Карэліччыну, у калгас «Савецкая Беларусь». Павел працаваў галоўным заатэхнікам, намеснікам старшыні калгаса, з 26 красавіка 1989 года — старшынёй калгаса «Савецкая Беларусь», на гэтай пасадзе знаходзіўся 17 гадоў. Валянціна была загадчыцай свінагадоўчага комплексу в. Вялікая Мядзвядка, з 1989 года і да выхаду на пенсію — эканамістам па жывёлагадоўлі.
— Добрая сям’я — узнагарода лёсу і вялікая адказнасць. Хто з вас з’яўляецца лідарам?
Валянціна:
— Заўсёды лідарам быў Павел. Ён галава сям’і, самы добры, прыстойны, надзейны, любячы. За ім як за каменнай сцяной. Пяцьдзясят гадоў адчувала і адчуваю апору і падтрымку ва ўсіх справах. На яго можна пакласціся ў самых складаных жыццёвых сітуацыях.
Павел:
— Валянціна была і застаецца самым надзейным маім тылам. Заўсёды была сапраўдным сябрам, дапамагала ў арганізацыі рабочага працэсу ў сельгасвытворчасці, актыўным арганізатарам вольнага часу вяскоўцаў. Умее арганізаваць дамашнюю ўтульнасць. Вельмі добрая гаспадыня, клапатлівая жонка, маці, нявестка. Побач з ёю пастаянна адчуваю дабрыню, ласку, любоў.
— Якое месца дзеці займаюць у вашых сэрцах? На якіх прынцыпах іх выхоўвалі?
Валянціна:
— У нас дзве дачушкі Ала і Святлана — самае дарагое багацце ў жыцці. Яны — святло ў нашым акенцы, аберагаюць нашу старасць.
Павел:
— Мы выхоўвалі дзяцей на прынцыпах працалюбства. Разам з намі палолі дзялкі буракоў, збіралі каменне на калгасных палетках, дапамагалі па асабістай гаспадарцы.
— Ці апраўдалі яны вашы спадзяванні?
Валянціна і Павел:
— Яны выраслі працавітымі, прыстойнымі, паважлівымі ў адносінах да нас і людзей. Лёс аказаўся літасцівым да іх і надзяліў жаночым шчасцем. Сёння маем і двух сыноў, так называем сваіх зяцёў Аляксандра Батуру і Аляксандра Трусевіча. Яны плацяць нам павагай і любоўю, падарылі двух унукаў і дзвюх унучак, якімі мы вельмі ганарымся.
— Бытуе меркаванне, што ў жыцці мужчына павінен пасадзіць дрэва, пабудаваць дом, выхаваць сына. Што ўдалося зрабіць?
Павел:
— Дом пабудаваў, сад пасадзіў, нарадзіліся дочкі — гэта маё шчасце і мой гонар.
— Скажыце, на якіх кітах трымаецца ваша сям’я?
Валянціна:
— На пяшчоце, любові, узаемадаверы, на ўменні ўступіць адзін аднаму ў няпростых жыццёвых сітуацыях.
Павел:
— Самае галоўнае, што на працягу жыцця існавалі ўзаемадавер, узаемапаразуменне, каханне ў адносінах адзін да аднаго.
— Вы звязалі сваё жыццё з вёскай. Якім чынам гэта адбілася на ўзаемаадносінах у сям’і і ўкладзе вашага жыцця?
Валянціна і Павел:
— Мы ніколі не пашкадавалі аб гэтым. Умелі працаваць і адпачываць, і рабілі гэта заўсёды разам. Для вяскоўцаў стараліся ладзіць святы. Першымі ў раёне арганізавалі ў калгасе «Савецкая Беларусь» святочны агеньчык для ветэранаў вайны да Дня Перамогі, і было на тым агенчыку 103 ветэраны.
— Сёння хацелася б, каб вы ўспомнілі бацькоў. Якім было ваша выхаванне ў сям’ і што запазычылі з дзяцінства?
Валянціна:
— Мая мама працавала ў паляводстве і з самага дзяцінства прывучала да працы. Гэта мой асноўны ўрок жыцця.
Павел:
— Мае бацькі — настаўнікі. Яны мяне выхоўвалі на працы. Трэба было дапамагаць па гаспадарцы і доме. Прымушаць чытаць і вучыцца не прыходзілася, усё рабіў сам. Адукаваныя і працавітыя людзі — паважаныя ў грамадстве.
— Якімі рысамі характару павінен валодаць абраннік жыцця?
Валянціна:
— У першую чаргу, быць прыстойным чалавекам. Па-другое, добрым, і каб за ім жанчына была, як гавораць у народзе, «за мужам» — адчувала падтрымку і апору. Багацце і грошы нажываюцца з гадамі.
Павел:
— Павінна любіць, быць добрай гаспадыняй, дапамагаць ва ўсіх пачынаннях як на рабоце, так і дома. Гэтымі якасцямі валодае мая абранніца жыцця.
— Залатое вяселле — важная падзея ў жыцці. Што адчувалі ў гэты дзень праз пяцьдзясят гадоў сумеснага жыцця?
Валянціна:
— Мы пражылі пяцьдзясят гадоў, любоў з гадамі стала яшчэ мацнейшай, цаню свайго мужа яшчэ болей.
Павел:
— Аб сваім выбары ніколі не пашкадаваў, бо мы, нашы дзеці і ўнукі — вельмі дружная сям’я.
— У вас ёсць мары і пажаданні?
Валянціна:
— Каб былі здаровымі і шчаслівымі дзеці і ўнукі, а таксама — родныя, блізкія, сябры.
Павел:
— Каб быў мір на зямлі. Жадаю людзям усіх зямных даброт.
Галіна СМАЛЯНКА
Фота Іны ЛЕЙКІ і з архіва герояў