Памяць аб вайне – гарант міру на зямлі
Вялікая Айчынная вайна 1941-1945 гадоў засталася ў далёкім мінулым. На жаль, пакідае нас пакаленне, якое перажыло ўсе жахі вайны, мала засталося тых, хто можа расказаць сённяшнім дзецям і падлеткам аб тым ліхалецці. Каб данесці да сучасных школьнікаў аб’ектыўную праўду аб вайне, урокаў гісторыі недастаткова.
Таму з мэтай выхавання патрыятызму, павагі да гістарычнага мінулага ў нашай установе адукацыі праводзяцца цікавыя і карысныя сустрэчы з ветэранамі, сведкамі вайны, прадстаўнікамі ўлады, знакамітымі і таленавітымі людзьмі розных прафесій. Мы запрашаем іх на інфармацыйныя і класныя гадзіны, гутаркі, мітынгі, урокі Памяці.
Так, урок Памяці, прысвечаны 77-й гадавіне Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, “Нам мір завешчана берагчы”, прайшоў цікава і эмацыянальна.
З нашымі вучнямі ахвотна сустрэлася галоўны ўрач установы аховы здароўя “10-ая гарадская паліклініка” г. Мінска, дэпутат гарадскога Савета дэпутатаў 28-га склікання Цобкала Святлана Іванаўна. “Успаміны аб вайне вучаць кожнага чалавека быць смелым, моцным і цаніць тое, што ў нас ёсць. Дзякуючы подзвігам нашых продкаў, мы маем мірнае неба над галавой. Нашы прадзеды і дзеды ахвяравалі жыццём, абараняючы сваю Радзіму. Памяць аб вайне – гэта памяць аб гісторыі нашай краіны, памяць аб нашых продках”, – лічыць Святлана Іванаўна.
Яна расказала гісторыю свайго дзядулі-франтавіка, якую добра запомніла з расказаў старэйшых. Як няпроста было памяняць мірнае жыццё на ваеннае, не па сваёй волі, а таму, што інакш нельга было. Дзядуля разам з таварышамі — байцамі ішоў цяжкімі дарогамі вайны, ім прыйшлося змагацца мужна і бясстрашна, каб не даць ворагу нават малога шанца на выйгрыш, прыйшлося спазнаць горыч страт на полі бою. Дзядуля быў цяжка паранены ў баях, таму і жыццё яго абарвалася хутка.
У Карэліцкім раёне дзейнічала падпольная антыфашыстская арганізацыя, членам якой быў свёкар Святланы Іванаўны Цобкала Анатолій Канстанцінавіч. За перыяд акупацыі яны здзейснілі супраць фашыстаў шмат дыверсій, тым самым унеслі вялікі ўклад у барацьбу з захопнікамі.
Святлана Іванаўна ганарыцца сваімі продкамі, іх жыццё – сапраўдны прыклад стойкасці і адданасці Радзіме: “Усе мы нарадзіліся пасля Вялікай Айчыннай вайны, але вайна прыйшла ў кожны дом, закранула кожную сям’ю сваім чорным крылом. Мы, пакаленне, якое не ведала вайны, павінны помніць прыклады гераічнай стойкасці савецкіх воінаў, падпольшчыкаў, партызан, прыклады самаадданай працы жанчын, дзяцей, якія ў глыбокім тыле змагаліся, працавалі, прыбліжаючы Перамогу”.
Святлана Іванаўна – ураджэнка Карэліцкага раёна, наша зямлячка. Таму, напэўна, яе шчырая размова з дзецьмі, чулы аповед пра сваіх родных, лёсы якіх закранула вайна, увайшлі ў сэрцы і душы дзяцей. Яна пабывала ў многіх краінах, але прызналася, што любіць сваю краіну, ніколі ні на адну хвіліну ў яе не з’явілася жадання пакінуць родную Беларусь. У канцы размовы Святлана Іванаўна прызвала вучняў цікавіцца гісторыяй краіны, вывучаць мінулае сваёй сям’і, захоўваць фотаздымкі, выразкі з газет аб слаўных продках, каб не зніклі з нашай памяці іх вобразы, іх слаўныя подзвігі, і напомніла словы беларускага пісьменніка В.Быкава: “Памяць аб крывавых выпрабаваннях у мінулай вайне ёсць лепшы гарант міру і існавання розных народаў на нашай зямлі”.
Уцюж Іна Аркадзьеўна,
настаўнік рускай мовы і літаратуры ДУА “Аюцавіцкая базавая школа”