У сярэдняй школе №2 г.п. Карэлічы адбылося свята апошняга званка
30 мая ў 12 гадзін спартыўная зала сярэдняй школы № 2 г.п. Карэлічы нагадвала астравок дзяцінства. Яе запоўнілі вучні, настаўнікі, бацькі, госці — усе ў прыўзнятым настроі. Па вокнах стукаюць кроплі дажджу, а праз шыбы відаць прыгажуны-каштаны. Дрэвы радуюць сваёй квеценню і яны — сведкі свята.
… І урачыстасць пачынаецца. У залу ўносяць Дзяржаўны сцяг Рэспублікі Беларусь. Гучыць дзяржаўны гімн. Называюцца дасягненні вучняў. Актывісты, спартсмены, выдатнікі папрацавалі на славу.
Дырэктар школы Вікенцій Браніцкі, падводзячы вынікі года і віншуючы вучняў з заканчэннем навучальнага года, пажадаў выпускнікам, каб іх мары збыліся. З нагоды аб’яўленага Года памяці выказаў упэўненасць, што дзяўчынкі і хлопчыкі захаваюць у сваіх сэрцах падзяку пераможцам за падараныя жыцці пад мірным небам.
Дзве значныя падзеі ў школьным жыцці: пачатак навучальнага года і свята апошняга званка — адзначыў старшыня раённага Савета дэпутатаў Аляксандр Шкадаў. Па яго словах, сённяшні дзень для выпускнікоў рашаючы і вызначальны: важна вырашыць якую прафесію выбраць у жыцці. Пажадаў зрабіць усё магчымае, каб імі ганарыліся школа і бацькі. «Вам будаваць заўтрашні дзень, каб наша краіна развівалася і квітнела з кожным годам», — сказаў прамоўца.
Начальнік Карэліцкага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Дзяніс Стадольнік пажадаў выпускнікам школы не адступаць ад пастаўленай мэты і быць заўсёды наперадзе, уручыў буклеты па правілах бяспекі.
Вялікую ўдзячнасць вучням школы, якія прымалі ўдзел у святкаванні Дня Вялікай Перамогі, выказала дырэктар Карэліцкага раённага Цэнтра культуры і народнай творчасці Наталля Гароднік. «Рабіце добрыя справы — гэта крок да росквіту роднай Беларусі», — заклікала Наталля Мікалаеўна.
Паспяховай здачы экзаменаў і развіцця далейшых талентаў зычыў дзяўчатам і юнакам благачынны цэркваў Карэліцкай акругі, протаіерэй Мікалай Орса. Святар нагадаў аб тым, каб яны шанавалі сваіх бацькоў, а летнія канікулы правялі з карысцю, былі ўважлівымі і адказнымі. Пажадаў радасці, дабрабыту, дабра.
Класны кіраўнік выпускнікоў Ганна Аляксандраўна Гавака пажадала ім паспяховай здачы экзаменаў, вялікага шчасця, сапраўдных сяброў.
Ад імя бацькоў слова трымаў Віталій Станіслававіч Юрго. «Бацькі заўсёды будуць з вамі», — запэўніў прамоўца і выказаў словы ўдзячнасці настаўнікам. Усім пажадаў здароўя і мірнага неба.
Выпускнікі выказвалі словы прызнання педагогам школы за тыя ўрокі, якія дапамагалі ім авалодваць ведамі і знайсці свае накірункі ў жыцці.
… І вось яны, дзяўчаты і юнакі, закружыліся ў вальсе. Як гэта прыгожа!
Гучыць апошні званок. Права яго даць прадастаўлена першакласніцы Варвары Гавака і адзінаццацікласніку Віталію Маеўскаму.
Слова — выпускнікам
Мікіта ЧУБРЫК:
— Гэты хвалюючы момант са школьнага жыцця запомню надоўга. Гэта лесвіца жыцця, калі ты не дзіця, але яшчэ не дарослы. Планую прадоўжыць вучобу ў адной з вышэйшых навучальных устаноў. Буду старацца прыносіць карысць грамадству. Ад жыцця спадзяюся атрымліваць больш пазітыўных эмоцый, бо чалавек у добрым настроі здольны на многае.
Віялета ЛІСОЎСКАЯ:
— Свята апошняга званка вельмі чакала. Нават дажджлівае надвор’е не змагло сапсаваць добры настрой. Мяркую, што яно запомніцца мне надоўга. У жыцці хочацца дасягнуць пастаўленай мэты. Мару стаць філолагам, як мая настаўніца Марына Антонаўна Горбач перадаваць любоў да роднай мовы і літаратуры дзецям. Гэта цікава і захапляюча.
Галіна СМАЛЯНКА
Фота Ларысы ШУГЛІ