У Карэлічах на мемарыяльным комплексе «Зорка» адбылася ўрачыстая лінейка, прысвечаная 100-годдзю піянерскай арганізацыі

19 мая. А дзясятай гадзіне на мемарыяльным комплексе «Зорка» ў г.п. Карэлічы сабраліся вучні школ раёна, ветэраны піянерскага руху, прадстаўнікі мясцовай улады. Праводзіцца ўрачыстая лінейка «Салют піянерскаму папаўненню!» з нагоды 100-годдзя піянерскай арганізацыі. Пачынаецца пераклічка гатоўнасці піянерскіх дружын раёна да ўрачыстай лінейкі. Здаецца рапарт старшыні раённага савета піянерскай арганізацыі — і ўрачыстасць пачынаецца.
Слова прадастаўляецца начальніку ўпраўлення адукацыі Карэліцкага раённага выканаўчага камітэта Ірыне Асташэвіч. Ірына Валер’еўна назвала гэты дзень знамянальным, бо ўсе былі ў свой час піянерамі. Расказала пра тое, як сама ўступала ў піянеры ў Карэліцкай сярэдняй школе. «Я рада, што рады піянерскай арганізацыі папаўняюцца, гэта самая масавая і маладая арганізацыя», — зазначыла прамоўца і пажадала дзяўчынкам і хлопчыкам праявіць сябе ў вучобе, спорце, творчасці — быць першымі. Каб яны стваралі цікавыя сацыяльныя праекты, а самі раслі здаровымі, разумнымі, добрымі, творчымі.
Святам юнацтва і патрыятызму назвала векавы юбілей піянерскай арганізацыі намеснік дырэктара ДУДА «Карэліцкі раённы цэнтр творчасці дзяцей і моладзі» Вікторыя Русецкая і адзначыла, што на рахунку піянерскіх дружын шмат цікавых спраў, яны прымаюць удзел у конкурсах і акцыях. Пажадала ўсім сяброўства, згуртаванасці, міру.
Вучні даюць урачыстае абяцанне: «Я, уступаючы ў рады Беларускай рэспубліканскай піянерскай арганізацыі, перад сваімі таварышамі ўрачыста абяцаю: любіць сваю Радзіму, быць добрым, сумленным і справядлівым, заўсёды прытрымлівацца Статута і Законаў Беларускай рэспубліканскай піянерскай арганізацыі…» Права павязаць піянерскія гальштукі прадастаўляецца гасцям урачыстасці, піянерам-актывістам, педагогам-арганізатарам, членам БРСМ.
«З сённяшняга дня пачынаецца ваша піянерскае жыццё. Смела і ўпэўнена крочце па краіне Піянерыі. Памятайце, што вы выбралі надзейны шлях і на гэтым шляху побач з вамі будуць шумець хвалі акіяна Сяброўства і Дабра! Не ў гульні, а на справе пакарайце вяршыню за вяршыняй. Адольвайце самыя цяжкія перавалы. Шчаслівай вам піянерскай дарогі!» — пажадала старшыня Карэліцкага раённага Савета піянерскай арганізацым Кацярына Стасевіч.
У сваім выступленні піянеры-навічкі дружыны імя Мікалая Арцюха сярэдняй школы № 1 г.п. Карэлічы абяцаюць быць першымі, да добрых спраў гатовымі і адзін аднаго падтрымліваць.
Аб піянерскім руху і такіх яго прынцыпах, як сяброўства, грамадзянства, патрыятызм, нагадаў загадчык сектара ідэалагічнай работы і па справах моладзі Карэліцкага райвыканкама Генадзій Карпаленка і заклікаў піянераў захаваць і прымножыць слаўныя традыцыі.
На ўрачыстасці прысутнічала ветэран піянерскага руху, дырэктар Дома піянераў і школьнікаў з 1986 па 2010 год Лідзія Алясюк. Лідзія Казіміраўна адзначыла, што піянер — значыць першы, і піянеры таго часу былі заўжды першымі і ініцыятарамі карысных спраў. Многія піянерважатыя прадаўжаюць працаваць, аддаючы свае сэрцы дзяўчынкам і хлопчыкам. Пажадала, каб сённяшнія піянерскія арганізацыі жылі цікавым і змястоўным жыццём, і піянеры былі дастойнымі грамадзянамі нашай любімай Радзімы.
На ўрачыстай лінейцы ўспомнілі аб героях Вялікай Айчыннай вайны. Памяць аб загінулых была ўшанавана хвілінай маўчання. Піянеры ўсклалі кветкі да помніка.

Галіна СМАЛЯНКА
Фота Анжалікі ЗАБРОДСКАЙ