У Карэліцкім раённым краязнаўчым музеі праведзена мерапрыемства, прысвечанае Міжнароднаму дню музеяў

У выставачнай зале шматлюдна: тут сабраліся вучні чацвёртых класаў сярэдняй школы № 2 г.п Карэлічы з нагоды Міжнароднага дня музеяў. Старшы навуковы супрацоўнік установы культуры Марыя Беленава нагадала пра важнасць дадзенай падзеі, якая ладзіцца да Года гістарычнай памяці. З гэтай нагоды вырашана правесці мерапрыемства «Гісторыя адной вуліцы», і аповед пойдзе пра вуліцу Царука ў райцэнтры. Напачатку Марыя Уладзіміраўна паведала пра Героя Савецкага Саюза Уладзіміра Зянонавіча Царука, чыё імя носіць гэтая вуліца. Нарадзіўся 20 снежня 1899 года ў вёсцы Вялікая Вобрына ў сялянскай сям’і. Удзельнік грамадзянскай вайны. З 1920 года — на падпольнай рабоце ў Заходняй Беларусі, з 1924 — сакратар падпольнага райкама партыі. Адзін з заснавальнікаў Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі.
У гады Вялікай Айчыннай вайны Уладзімір Зянонавіч — упаўнаважаны Цэнтральнага камітэта Камуністычнай партыі (бальшавікоў) Беларусі і Беларускага штаба партызанскага руху па Баранавіцкай вобласці. Затым — член Баранавіцкага падпольнага абкама партыі, першы сакратар Стаўбцоўскага падпольнага раённага камітэта партыі, камандзір партызанскага злучэння Стаўбцоўскай зоны. Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 15 жніўня 1944 года за ўмелае камандаванне партызвнскім злучэннем і ўзорнае выкананне баявых заданняў камандаванняў на фронце барацьбы з нямецка-фашысцкімі захопнікамі і праяўленыя пры гэтым мужнасць і гераізм Уладзіміру Зянонавічу Царуку прысвоена званне Героя Савецкага Саюза з уручэннем ордэна Леніна і медаля «Залатая Зорка».
Пасля вайны працаваў сакратаром Стаўбцоўскага райкама партыі, намеснікам старшыні Баранавіцкага аблвыканкама, старшынёй Баранавіцкага гарвыканкама. Выбіраўся дэпутатам Вярхоўнага Савета СССР 2-га і 3-га скліканняў, Вярхоўнага Савета Беларускай ССР 1-га і 4-га скліканняў. Жыў у горадзе Стоўбцы Мінскай вобласці. Узнагароджаны ордэнамі Леніна, Чырвонага Сцяга, Чырвонай Зоркі, медалямі.
У музей у гэты дзень завіталі выхаванцы ўзорнай тэатральнай студыі «Эксперымент» і Карэліцкай дзіцячай школы мастацтваў, якія падарылі дзяўчынкам і хлопчыкам цудоўныя вершы і песні. Іх выканаўцы — Віялета Лісоўская, Паліна Жук, Мацвей Абадзінскі, Эвеліна і Руфіна Нарбутовіч.
Затым старшы навуковы супрацоўнік музея прапанавала ўдзельнікам мерапрыемства накірацца на вуліцу Царука, каб прайсціся гістарычнымі сцяжынкамі. Тут у час Вялікай Айчыннай вайны было яўрэйскае гета. Падчас экскурсіі Марыя Беленава расказала і пра старыя назвы вуліц, якія знаходзяцца непадалёку ад вуліцы Царука. Яны спыніліся на цэнтральнай плошчы райцэнтра, дзе звярнулі ўвагу на старыя забудовы цэнтра пасёлка. «Былы яўрэйскі будынак 1914 года, яго пабудаваў яўрэй Каплан. У 1944-1961 г.г. тут размяшчалася школа. Цяпер гэта будынак Карэліцкай раённай газеты «Полымя», — адзначае Марыя Беленава. «На месцы Карэліцкага райвыканкама знаходзілася чайная, а на месцы Карэліцкага Цэнтра культуры і народнай творчасці — сінагога», — удакладніла Марыя Уладзіміраўна і прапанавала дзецям вярнуцца ў раённы музей, дзе быў паказаны фільм пра Вялікую Айчынную вайну. Тут для іх былі арганізаваны аквагрым і беспроігрышная латарэя.

 

Галіна СМАЛЯНКА
Фота Анжалікі ЗАБРОДСКАЙ