Аляксандр Сонгін: “Мы хочам, не губляючы сваіх нацыянальных адметнасцяў, жыць у згодзе і міры з усімі нацыямі і народнасцямі ў нашай агульнай незалежнай краіне”

Аляксандр Сонгін: “Мы хочам, не губляючы сваіх нацыянальных адметнасцяў, жыць у згодзе і міры з усімі нацыямі і народнасцямі ў нашай агульнай незалежнай краіне”
Аляксандр Сонгін, cтаршыня Союза палякаў на Беларусі:

– Нацыянальныя грамадскія аб’яднанні займаюць асаблівае месца ў адраджэнні і папулярызацыі нацыянальных традыцый, вывучэнні роднай мовы, з’яўляюцца важным рэсурсам развіцця міжкультурнага дыялога. Наша грамадскае аб’яднанне “Саюз палякаў на Беларусі” існуе 30 гадоў і яднае больш за 2,5 тысячы чалавек, якія адносяць сябе да польскай нацыянальнай меншасці, цікавяцца польскай мовай і культурай. Мы праводзім вялікую кансалідуючую работу і ў сваёй дзейнасці цесна супрацоўнічаем з гарадскімі, раённымі і абласнымі органамі кіравання, а таксама з апаратам Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцей пры Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь.

На Беларусі зарэгістравана 66 аддзелаў Саюза палякаў. Працуюць Дамы польскія, на базе якіх функцыянуюць бібліятэкі, творчыя калектывы песні і танца, вывучаецца польская мова, праводзяцца мерапрыемствы, накіраваныя на захаванне нацыянальна-культурных традыцый, знаёмства з польскай літаратурай і мастацтвам.

Штогод разам з галоўным упраўленнем адукацыі Гродзенскага аблвыканкама мы праводзім абласныя конкурсы “Знаўца польскай арфаграфіі” і дэкламатараў польскай паэзіі. Пры падтрымцы раённых і гарадскіх выканаўчых камітэтаў ладзяцца рознабаковыя мерапрыемствы для азнаямлення жыхароў рэгіёнаў з культурнай спадчынай польскага народа. Заўжды цікава і шырока праходзяць фэсты польскай культуры і побыту “Эйсмантаўскі фэст” у аг. Вялікія Эйсманты, “Паланэз” у Слоніме, музыкі Чэслава Немена ў вёсцы Старыя Васілішкі і аг. Васілішкі, свята майстроў народнай творчасці “Казюкі”, вечары польскай паэзіі ў Гродне, адкрыты конкурс беларускай і польскай музыкі імя Станіслава Манюшкі ў Мінску і іншыя. Калектывы польскай песні і танца прымаюць удзел амаль ва ўсіх рэгіянальных і рэспубліканскіх фестывалях і святах нацыянальных культур, у мерапрыемствах, прымеркаваных да дзяржаўных святаў.

Гродзенскі гарадскі аддзел нашага Саюза актыўна ўдзельнічае ў мерапрыемствах, арганізаваных культурным цэнтрам “Фестывальны” падчас Рэспубліканскага фестывалю нацыянальных культур у Гродне. Фестываль для нас – гэта магчымасць сустрэцца, пазнаёміць шырокае кола гасцей менавіта з асаблівасцямі нацыянальнай культуры палякаў, далучыцца да шматнацыянальнага сузор’я талентаў. Мы з адкрытымі сэрцамі прапаноўваем свае духоўныя скарбы, дорым песні і танцы, расказваем пра традыцыі, побыт, размаўляем за круглым сталом, каб данесці галоўны пасыл: мы хочам, не губляючы сваіх нацыянальных адметнасцяў, жыць у згодзе і міры з усімі нацыямі і народнасцямі ў нашай агульнай незалежнай краіне. Як гэта было і, спадзяюся, будзе заўжды.

Мы ўпэўнены, што эфектыўны міжкультурны дыялог этнічных груп магчымы толькі пры мэтанакіраванай скаардынаванай дзейнасці дзяржаўных органаў і нацыянальна-культурных аб’яднанняў. Дзякуючы развіццю гэтага дыялогу разнастайнасць культур становіцца крыніцай узаемнага духоўнага ўзбагачэння і спрыяе фарміраванню і ўмацаванню талерантных адносін, павагі, узаемаразумення, што з’яўляецца неабходнай умовай мірнага суіснавання ў шматнацыянальным беларускім грамадстве.