Бриллиантовый юбилей совместной жизни отпраздновали Александр и Нина Волчок из деревни Кришиловщина
Шэсцьдзясят два гады крочаць рука аб руку па жыцці Ніна Іосіфаўна і Аляксандр Фаміч Ваўчок з вёскі Крышылоўшчына Лукскага сельсавета.
Ніна і Аляксандр ажаніліся ў 1960 годзе. Жыццё пачалі з чыстага ліста — вырашылі будавацца. За гады сумеснага жыцця ўсяго было ўдосталь, але добрага больш. Цяжкасці пераадольвалі разам, і перад людзьмі не даводзілася чырванець. Жыццё ішло сваёй чаргой.
Аляксандр Фаміч працаваў на ферме «Далматаўшчына» падвозчыкам, Ніна Іосіфаўна — свінаркай на комплексе «Крышылоўшчына». Работа была не з лёгкіх, працавалі ўручную. Шчасцем было ў сям’і, калі нараджаліся дзеці.
— Я — самы багаты чалавек у вёсцы, — гаворыць субяседнік. — Наша багацце — у 5 дзецях, 15 унуках, 8 праўнуках. Часта прыязджаюць, сын Аляксандр — кожны дзень. Яшчэ шчаслівы тым, што ёсць добрая нявестка. Раіса кожны дзень наведваецца, прывозіць прадукты, дапамагае па доме. Яна ў нас за дачку, свае дочкі далёка, а яна штодзённа побач.
У сям’і Ваўчок заўсёды шанавалі працу. Аляксандр Фаміч працаваў тэхнікам па штучным асемяненні жывёлы ў калгасе «Сцяг Леніна». У 1973 годзе ўзнагароджаны ордэнам Знак Пашаны. Ніна Іосіфаўна мела галоўную прафесію на зямлі — выхоўвала дзяцей. Калі яны падраслі, маці пайшла працаваць паляводам у мясцовы калгас.
— Галоўнае ў жыцці — падтрымаць чалавека, — лічыць Аляксандр Фаміч. — Я заўсёды паважаў вяскоўцаў, стараўся ім дапамагчы. Ніколі і нікому не адмаўляў у просьбах. Стараўся сумленна выканаць сваю работу. Яе хапала, але былі маладосць і сіла. На падворках вяскоўцы трымалі да 400-500 галоў жывёлы, толькі ў нашай вёсцы — 120. Збіралі ў вёсцы да 15 40-літровых бідонаў малака і здавалі дзяржаве.
Яшчэ галава сям’і лічыць, што немалаважным з’яўляецца і той факт, каб дома быў надзейным тыл. На абранніцы жыцця былі пяцёра дзяцей і асабістая гаспадарка: карова, цяля, свінні, куры, качкі, гусі — усё трэба было дагледзець, і гаспадыня ўвіхалася па доме.
— Я перацягнула яго ў Крышылоўшчыну і не шкадую, — гаворыць пра мужа Ніна Іосіфаўна. — Нават на пенсіі добра ўдваіх разам, падтрымліваем і дапамагаем адзін аднаму, і старасць нам у радасць.
«Я нарадзіўся і гадаваўся ў беднай сям’і. Стараўся дапамагаць маці, якой прысвоена званне «Заслужаны калгаснік». Хацелася жыць па-чалавечы, працаваць сумленна, выхаваць добрых дзяцей — і гэта ўдалося», — напрыканцы сустрэчы зазначыў Аляксандр Фаміч.
Галіна СМАЛЯНКА
Фота Наталлі САКАЛЯНСКАЙ