Бродячие собаки пугают жителей Райцевского сельсовета. Что предпринимает местная власть?
23 чэрвеня 12-гадовая дзяўчынка каталася на веласіпедзе недалёка ад Райцы і ўбачыла бадзяжных сабак, якія пачалі на яе брахаць. Вырашыла прыспешыць крокі, але ад страху самлела. На шчасце, ёй пашанцавала: падабраў вадзіцель аўтамабіля і адвёз дамоў. Па словах маці, з дачкой усё добра, медыцынская дапамога не спатрэбілася.
«У мяне таксама быў падобны выпадак каля двух тыдняў таму, — расказвае стараста аграгарадка Райца Анатолій Адзярэйка. — Сустрэўся з бадзяжным сабакам на вуліцы аграгарадка, ён брахаў на мяне. Я асабліва не спалохаўся, але пачуццё небяспекі было. Кінуў камень — і ён пайшоў ад мяне. Як старасту вёскі, гэтае пытанне мяне хвалюе, вяскоўцы не павінны баяцца хадзіць па вуліцах населеных пунктаў і іх ваколіцах».
На думку кіраўніка справамі Райцаўскага сельсавета Таццяны Фурс, бадзяжныя сабакі не могуць з’явіцца самі па сабе, іх альбо выгналі з дому ці прывезлі з іншых населеных пунктаў. Кантраляваць праблему даводзіцца мясцовай уладзе. Гэтаму пытанню ў Райцаўскім сельсавеце надаецца значная ўвага. Бадзяжныя сабакі ўзяты на ўлік і праводзяцца мерапрыемствы па іх адлове. За дапамогай звяртаюцца ў РУП ЖКГ. На сённяшні дзень два бадзяжныя сабакі адлоўлены, яшчэ дваіх трэба злавіць. Аднак яны не падпускаюць людзей блізка да сябе. «Трэба адносіцца да сваіх гадаванцаў з адказнасцю. Калі прывучылі, то не выкідваць на вуліцу»,— выказала пажаданне гаспадарам прадстаўнік мясцовай улады.
Участковы інспектар міліцыі Карэліцкага РАУС па абслугоўванні Райцаўскага сельсавета Яўген Ждан паведаміў пра тое, што аб бадзяжных сабаках чуў, праблема існуе. У кампетэнцыю праваахоўніка не ўваходзіць дадзенае пытанне, але разам з тым ён аказвае дапамогу па адлове такіх сабак у Райцаўскім сельсавеце. Па яго ініцыятыве ў маі прыязджалі работнікі камунгаса. «Праблему бадзяжных сабак вырашым разам. Пры звароце жыхароў у камунгас, сельсавет ці да ўчастковага інспектара аператыўна адбудзецца выезд для адлова сабак», — рэзюмаваў Яўген Ждан.
Галіна СМАЛЯНКА