Геннадий Шатуев: «С задачей, поставленной Президентом нашей страны по расширению площадей под озимый ячмень, Кореличский район справляется»

У гэтым годзе ў Карэліцкім раёне будзе ўбрана 720 гектараў азімага ячменю, восенню пасевы будуць павялічаны да 980 га. З задачай, пастаўленай Прэзідэнтам нашай краіны, Карэліцкі раён спраўляецца. Пра гэта паведаміў старшыня Карэліцкага райвыканкама Генадзій Шатуеў.

— Гэтая культура ў нас была незаслужана забытая, і Прэзідэнт прыняў рашэнне пашыраць пад яе плошчы, — канстатуе кіраўнік раёна. — Плюсы ў тым, што яе ўбіраюць раней за іншыя збожжавыя культуры. Гэта дае магчымасць аператыўна атрымаць кармы для жывёлагадоўлі, абкатаць тэхніку і зернесушыльныя комплексы перад масавай уборкай хлеба. Летась з невялікай плошчы ў 85 га атрымалі 510 тон збожжа пры ўраджайнасці 60 ц/га. Як бачна, аддача ў культуры добрая. Думаю, сёлета ўраджай нас парадуе, бо была праведзена сур’ёзная работа па доглядзе: хімпраполка, двайная падкормка азотам і апрацоўка ад хвароб.

У раёне максімальна павялічаны плошчы пад азімы рапс. У гэтым годзе ён пасеяны на 4050 гектарах. У 2020 годзе мы атрымалі 8 423 т пры ўраджайнасці 32,3 цэнтнера на круг, у 2021 годзе — 8 146 т і 25 ц/га. Рапсавая эканоміка склалася дастаткова паспяхова: 71,9% рэнтабельнасці ў 2020 годзе і 53,3% у 2021 г. Акрамя таго, рапс — гэта альтэрнатыва імпартным кармам. Рапсавы жмых, які з’яўляецца выдатным кормам для дойнага пагалоўя, мы ўмеем вырабляць самі, тым самым змяншаючы выдаткі на вытворчасць малака.

У раёне пачаўся другі ўкос траў. Атрымана 70 тысяч тон сенажу пры леташнім узроўні ў 100 тысяч тон. Аднак другі ўкос траў абяцае быць добрым, так што мы падыдзем да паказчыка ў 90 тысяч тон і забяспечым дойнаму пагалоўю сытную зімоўку.

Уся работа сферы раслінаводства зводзіцца да эфектыўнай вытворчасці жывёлагадоўчай прадукцыі. Так, за 5 месяцаў бягучага года вытворчасць малака складае 102,9% да аналагічнага перыяду мінулага года.

СКАЗАНА

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр ЛУКАШЭНКА:

— Для таго, каб нам не перажываць, як заўсёды, па збожжавых каласавых, думаю, што нам трэба вярнуцца да больш сур’ёзнага вырошчвання азімага ячменю. Мяне хвалявала ў мінулым годзе, калі я прымаў жорсткае рашэнне, адно: ці зможам мы атрымаць не проста ўраджайнасць. Нам патрэбна якаснае добрае збожжа. Калі 10 млн т атрымаем — шчасце. На гэтых пасяўных плошчах, не скарачаючы аб’ёмы рапсу і іншых, — сказаў Прэзідэнт.

Падчас рабочай паездкі    ў Магілёўскую вобласць

Іна ЛЕЙКА