Горад атракцыёнаў, шмат музыкі і ласункаў. У Карэлічах адзначылі Дзень моладзі (+відэа)
26 чэрвеня. Нядзеля. Вечар паціху апускаўся на зямлю, а ў прыродзе яшчэ трымалася гарачыня. Сонечныя промні прадаўжалі лашчыць зямлю, быццам пасылаючы свае дары ў адно з самых слаўных свят — Дзень моладзі і студэнцтва. Галоўная плошча райцэнтра чакала ўдзельнікаў святочнага мерапрыемства, і яны прыходзілі ад старога да малога. І гэта не дзіўна: да свята моладзі ўсе маем дачыненне і лічым яго самім дарагім.
Асабліва шмат забаў было зладжана для дзяцей: атракцыёны «Батут», «Трапны стралок», карусель. Работнікі раённай бібліятэкі і Дома рамёстваў разгарнулі гульнёвую пляцоўку для самых маленькіх і разыгрывалі бяспройгрышную латарэю.
Прыўзняты настрой стваралі эстрадны калектыў «ART-SNEZH», зоркі эстрады з г. Мінска, а таксама неонавае шоў.
Карэліччанін Дзмітрый Куліцкі прыехаў на свята на арыгінальным самаробным веласіпедзе, які выклікаў цікавасць у гасцей свята.
— Два гады таму ўбачыў у інтэрнэце, як можна сваімі рукамі змайстраваць веласіпед і вырашыў паспрабаваць свае сілы. Частку камплектуючых узяў са старога ровара, усё астатняе — металалом. Тры месяцы работы — і цяпер езджу на арыгінальным веліку. Мне прапанавалі прадаць, але я не хачу, часта езджу на ім на работу ў СВК «Маяк-Заполле», дзе працую зваршчыкам. Дарэчы, ён мае форму матацыкла «Харлей» і абарудаваны катафотамі і ліхтарамі. Нядаўна сканструяваў такі ж веласіпед для свайго 10-гадовага сына. У планах — трэцяя педальная машына з карзінай для перавозкі пасажыра.
Аляксандр БАКЕЙ,
88-гадовы жыхар г. п. Карэлічы:
— Я прыйшоў на свята, каб успомніць маладосць. Калі мы былі маладымі, то збіраліся і выступалі з канцэртамі. Працаваў шафёрам, давялося шмат дзе пабываць. Гэта з памяці не выкрасліш: цудоўны быў час. Сёння проста хочацца акунуцца ў гэтую святочную атмасферу і хоць трошачкі пабыць у душы маладым. Маладосць — самая цудоўная і вясёлая пара. Сённяшнім дзяўчатам і юнакам вось што скажу: трэба жыць і радавацца кожнаму імгненню, працаваць на карысць нашай Айчыны, імкнуцца захаваць мір на зямлі. На свяце шмат дзяцей, і гэта вельмі радуе, бо дзеці — наша будучыня. І тое, што для іх арганізавалі розныя атракцыёны, безумоўна, добра. На тое і свята, каб весяліцца.
Ксенія МАЗУР (ВІЛІМОВІЧ),
жыхарка г. Мінск:
— Я — ураджэнка г.п. Карэлічы. Прыехала ў водпуск да матулі і бабулі з сынамі Данілам і Мікітам і вось прыйшлі на свята. Першыя ўражанні самыя яркія: мноства забаў для дзяцей. Адразу звярнулі ўвагу на велізарную горку, батут і пах поп-корна. У пасёлку сёння ўсё зрабілі для таго, каб маладыя і іх дзеці змаглі цудоўна правесці свой час і адпачыць з карысцю. Гэтае свята мяне вярнула ў гады майго дзяцінства. Са школьных гадоў памятаю, што дыскатэка была ў парку ў летнім анфітэатры, дзе дзяўчаты і юнакі бавілі час. І ўсё-такі маладосць — гэта адзін з лепшых часоў у жыцці, і трэба захоўваць гэтыя ўспаміны. Сённяшняе свята ўзбадзёрыла і ўзняло настрой. Так гасцінна сустрэла мяне і маіх дзяцей родная Карэліччына.
Крысціна ТАЎЛУЙ,
урач УАЗ «Карэліцкая ЦРБ»:
— На свята прыйшлі ўсёй сям’ёй, з мужам Іллёй і сынам Андрэем. Нам вельмі тут падабаецца, бо шмат сабралася карэліччан і гасцей. І вельмі добра, што такое свята арганізавалі, бо можна адпачыць, сустрэцца з сябрамі, а дзеці ў сваю чаргу могуць павесяліцца, для іх тут шмат атракцыёнаў. Як урач хачу пажадаць маладым весці здаровы лад жыцця, а сённяшнім арганізатарам выказаць словы ўдзячнасці за свята і пажадаць, каб у далейшым ладзілі падобныя мерапрыемствы. У нашым жыцці не так і шмат свят, а яны патрэбныя, бо збліжаюць жыхароў, і людзі становяцца бліжэйшымі і дабрэйшымі адзін да аднаго. На такім свяце ўпершыню, але спадзяюся, што будзем часцей наведваць падобнага роду ўрачыстасці, бо ўжо з першых хвілін узнімаецца настрой і хочацца танцаваць, вярнуцца ў маладосць — у самую цудоўную і найлепшую пару.
Генадзій КАРПАЛЕНКА,
загадчык сектара ідэалагічнай работы і па справах моладзі
Карэліцкага раённага выканаўчага камітэта:
— Напярэдадні Дня моладзі і студэнцтва на пасяджэнні райвыканкама было разгледжана пытанне аб рэалізацыі дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі на тэрыторыі раёна. Гэта гаворыць пра тое, што моладзь адыгрывае ключавую ролю ў нашай дзяржаве. Гэта наш важны кадравы патэнцыял, апора і фундамент беларускай дзяржавы, дзякуючы якому будзе фарміравацца будучае Рэспублікі Беларусь. У нашай краіне моладзі ўдзяляецца вялікая ўвага, у тым ліку ў нашым раёне. Сённяшняе свята таму пацвярджэнне: на цэнтральнай плошчы гарпасёлка Карэлічы развярнуўся сапраўдны парк забаваў для дзяцей і ладзіцца свята для юнакоў і дзяўчат. Можна з поўнай упэўненасцю сказаць, што наша моладзь не толькі ўмее працаваць, але праяўляе сапраўдны інтарэс да актыўнага адпачынку.
Галіна СМАЛЯНКА
Фота Іны ЛЕЙКІ