На «Белагро-2022» свитязянская буренка Скарлетт стала третьей среди племенных коров молочной породы второй лактации
У рамках міжнароднай спецыялізаванай выстаўкі «Белагра-2022» 8 чэрвеня адбыўся рэспубліканскі конкурс «Лепшая племянная карова малочнай пароды». Трэцяе месца сярод кароў другой лактацыі заняла карова па імені Скарлет СВК «Свіцязянка-2003». Найвышэйшы сутачны надой Скарлет – 51,3 літра.
— На конкурсе былі прадстаўлены 24 каровы з усіх шасці абласцей Беларусі, — расказвае дырэктар Карэліцкага цэнтра генетыкі і селекцыі Галіна Карп. — Наша Скарлет, якая летась сярод кароў першай лактацыі стала другой, сёлета прывезла ў родную гаспадарку трэцяе месца, кубак, дыплом, 140 базавых велічынь і сертыфікат на 5 тон камбікорму. За 305 дзён першай лактацыі Скарлет дала 11 451 кг малака пры тлустасці 4,24, за 67 дзён другой лактацыі — 3101 кг. У гаспадарцы вядзецца дзейсная работа па захаванасці дойнага статка і працягласці выкарыстання жывёлы, што дае магчымасць мець кароў 5-й і 6-й лактацый з прадуктыўнасцю ад 12 да 14 тысяч кг малака за 305 дзён лактацыі.
Важным фактарам з’яўляецца тое, што СВК «Свіцязянка-2003» — гэта племянная гаспадарка, якая вырошчвае рамонтны маладняк. За кошт выкарыстання племянной прадукцыі, якаснага, збалансаванага кармлення жывёл, арганізацыі догляду за імі сёлета вытворчасць малака на адну карову павялічылі з 4 184 кг да 4 791 кг, прыбаўка склала 607 кг.
Племянны маладняк «Свіцязянкі» карыстаецца попытам і рэалізуецца не толькі на тэрыторыі Гродзеншчыны, але і за яе межамі. Так, у снежні 2021 года гаспадаркай рэалізавана 30 нецеляў у адну з гаспадарак Гомельскай вобласці. У бягучым годзе 20 нецеляў набылі ў ДП «Лукі-Агра». Акрамя таго, племянныя свіцязянскія бычкі атрымалі высокі індэкс племянной каштоўнасці пры геномнай ацэнцы ў ЗША.
Іна ЛЕЙКА
Фота Галіны КАРП