На планерке у председателя: работа короткого номера 115, качество в работе и солидарная ответственность государства и граждан

Беларусь — гэта дзяржава для народа, і не людзі павінны бегаць вакол чыноўнікаў, а наадварот. Аб гэтым сказаў старшыня Карэліцкага райвыканкама Генадзій Шатуеў на штотыднёвай рабочай нарадзе з прадстаўнікамі службаў.

Найбольшая колькасць зваротаў грамадзян у дзяржаўныя органы кіравання традыцыйна звязана з пытаннямі ЖКГ, што цалкам зразумела: паслугамі галіны карыстаецца кожны грамадзянін краіны. Ужо некалькі гадоў паспяхова працуе адзіны кароткі нумар 115, куды можна накіроўваць пытанні, якія знаходзяцца ў кампетэнцыі жыллёва-камунальнай гаспадаркі. Так, служба 115 у Карэлічах за 5 месяцаў бягучага года прыняла 448 заявак, што на 25 заявак менш, чым за аналагічны перыяд мінулага года. Часцей за ўсё грамадзяне звяртаюцца па пытаннях функцыянавання каналізацыі, электразабеспячэння і аказання бытавых паслуг. Значна знізілася колькасць зваротаў, якія датычацца водазабеспячэння.

— Трэба выконваць сваю працу так, каб людзі сказалі «дзякуй», — падкрэсліў кіраўнік раёна. — Звароты ў райвыканкам паступаюць часам дыяметральна супрацьлеглыя. На днях — падзяка ад дачніка, які атрымаў сур’ёзную траўму ў сябе на ўчастку і трапіў на лячэнне ў нашу бальніцу. Часам бываюць і скаргі на нашы раённыя службы. Дык чаму нельга выконваць свае службовыя абавязкі якасна? Чаму дапускаецца ў рабоце фармалізм і безадказнасць?

Генадзій Шатуеў зазначыў, што працаваць з насельніцтвам на месцах павінны не толькі службы, але і дэпутаты.

— Дзе роля мясцовых дэпутатаў? Трэба ісці да людзей і размаўляць з імі.

Але разам з тым нашыя грамадзяне не павінны забывацца пра тое, што яны таксама адказныя перад дзяржавай.

— Жыхары прыватных дамоў утрымліваюць свае тэрыторыі ў парадку: рамантуюць плот і дах, абкошваюць пустазелле, прыбіраюць смецце. Але ёсць прыклады, калі на сяле людзі выкупляюць у сельгаспрадпрыемстваў дамы і лічаць так: кватэра мая, а дах — не. Адказнасць дзяржавы і грамадзян павінна быць салідарнай.

Іна ЛЕЙКА