В детском оздоровительном лагере «Вясёлка» открылась первая спортивная смена
Дзіцячы аздараўленчы лагер «Вясёлка» размясціўся ў маляўнічым месцы. Сама прырода спрыяе таму, каб дзяўчынкі і хлопчыкі маглі тут падыхаць свежым паветрам і набрацца новых сіл. Дарослыя паклапаціліся аб тым, каб для іх былі створаны добрыя ўмовы для адпачынку і арганізаваны цікавыя мерапрыемствы.
14 чэрвеня адбылося адкрыццё першай змены. Дождж не перашкодзіў вясёлкаўцам правесці свята, яны сабраліся ў актавай зале. Раздзяліць з дзетварой радасць прыехалі ганаровыя госці, якія выказалі мноства пажаданняў. Намеснік старшыні Карэліцкага раённага выканаўчага камітэта, старшыня РА РГА «Белая Русь» Яўген Чычкан пажадаў захоўваць тэхніку бяспекі, добрых сонечных дзён, цудоўнага адпачынку. Загадчык сектара спорту і турызму Карэліцкага райвыканкама Аляксандр Галушка нагадаў, што гэтая змена спартыўна-аздараўленчая, і работнікі лагера зробяць усё магчымае, каб дзеці ўмацавалі сваё здароўе. «Час адпачынку — не ўседазволенасць, а адказнасць», — нагадаў благачынны цэркваў Карэліцкай акругі, протаіерэй Мікалай Орса і пажадаў дзетвары быць уважлівымі і паслухмянымі, а таксама здароўя і радасці. Святар асвяціў адпачываючых, домікі, сталовую святой вадой.
Як адзначыла дырэктар дзіцячага аздараўленчага лагера «Вясёлка» Марына Урбановіч, галоўная мэта — захаваць бяспечнае знаходжанне дзяцей у лагеры, іх жыцці і здароўе, арганізаваць добры адпачынак. Першая змена прадоўжыцца з 11 па 28 чэрвеня. Усіх адпачываючых — 51, у асноўным гэта прыхільнікі спорту, якія прадоўжаць вучэбна-трэніровачны працэс. У ліку абслугоўваючага персаналу — дырэктар і яго намеснік, выхавальнікі, педагог-арганізатар, інструктар па фізічнай культуры, медработнікі і работнікі кухні — усе імкнуцца працаваць сумленна дзеля добрага адпачынку дзяцей.
Запланавана шмат цікавых спраў, мерапрыемстваў, сустрэч, якія не дазволяць сумаваць рабятам. Наладжана цеснае супрацоўніцтва з рознымі раённымі службамі. Гэта дазволіць праводзіць час весела, цікава, праяўляць лепшыя якасці кожнага адпачываючага. «Спадзяюся, што ад першай змены ў дзяцей застануцца самыя яркія і незабыўныя ўражанні», — адзначыла Марына Антонаўна.
У дзіцячым аздараўленчым лагеры «Вясёлка» наладжана пяціразовае харчаванне: сняданак, абед, падвячорак, вячэра-1 і вячэра-2. Па словах шэф-повара Кацярыны Буячынскай, тут рыхтуюць стравы згодна з прыкладным двухтыднёвым меню. У рацыёне — тварог, рыба, шмат свежай агародніны і садавіны. Адно з новаўвядзенняў сёлета — выпечка асабістай вытворчасці: піражкі з павідлам і сочнікі з тварагом. З першых страў вараць гарохавы суп, боршч, свежую капусту, суп бульбяны з мяснымі фрыкадэлькамі. Салаты інтрыгуюць не толькі сваімі назвамі, але смакававымі якасцямі: «Случ», «Беласнежка», «Зара»,
«Вітамінны», «Школьныя гады», «Студэнцкі».
Не менш арыгінальныя назвы ў мясных страў, якія прыходзяцца да спадобы ўсім адпачываючым: біточкі «Школьнік», каўбаскі «Магілёўскія», зразы «Выдумка» і іншыя.
— Гэтая змена спартына-аздараўленчая, таму адпачываючыя павінны добра харчавацца і атрымліваць патрэбную колькасць калорый, — зазначыла шэф-повар і дадала, што калектыў на кухні згуртаваны, які імкнецца сумленна выконваць свае абавязкі.
Слова — дзецям
Кірыл КУЖАЛЕВІЧ:
— Пяты год адпачываю ў «Вясёлцы». Мне тут вельмі падабаецца. Харчаванне каларыйнае і смачнае, за што вялікая падзяка паварам. Сёння ўдзельнічаў у святочным канцэрце, і гэта вельмі здорава. Хачу добра адпачыць, прадаўжаць трэніравацца, набыць сяброў.
Дзіна САС:
— Я люблю спорт. Займаюся гандболам. У лагер прыехала, каб набрацца новых сіл і энергіі. Тут мне падабаецца ўсё: свежае паветра, добрае харчаванне, сустрэла новых сяброў. Спадзяюся, што дні ў «Вясёлцы» правяду з карысцю.
Арцём МАРУК:
— Кожны год на працягу пяці гадоў прыязджаю сюды. У «Вясёлцы» набыў шмат сяброў. Разам удзельнічаем у мерапрыемствах, ходзім на трэніроўкі, гуляем у футбол. У гэтай змене зноў сустрэў аднадумцаў. Разам нам вельмі цікава і весела.
Галіна СМАЛЯНКА
Фота Іны ЛЕЙКІ