Ветеринарный фельдшер МТФ «Луки» Анжелика Батист: «Моя работа приносит мне безграничное удовольствие»
Як вядома, каб праца прыносіла задавальненне і не была ў цяжар, трэба займацца менавіта любімай справай, якая па душы. Так да выбару прафесіі падышла Анжаліка Баціст, ветэрынарны фельчар малочнатаварнай фермы «Лукі».
– Я вучылася ў Ільянскім дзяржаўным аграрным каледжы. Абрала для сябе прафесію ветэрынара з-за вялікай любові да жывёл. Вядома, у гады вучобы ў нас ва ўсіх была ілюзія, што мы будзем працаваць у прыватных клініках, лячыць сабачак, коцікаў. Але хто ж тады лячыў бы кароў, свіней і іншых сельскагаспадарчых жывёл? Я родам з Ашмянаў. Першыя некалькі месяцаў працавала па размеркаванні на МТФ «Жухавічы», а пасля перавялася ў Лукі, – расказвае дзяўчына. – Пазнаёмілася з мясцовым хлопцам, ён працуе дальнабойшчыкам, таму бачымся рэдка, аднак хутка плануем вяселле. За ўвесь час маёй працы я ні кроплі не пашкадавала ні пра тое, што сюды прыйшла, ні пра тое, якую прафесію абрала. Мая праца прыносіць мне бязмежнае задавальненне, гэта вельмі важна. З кожным днём мне хочацца пазнаваць усё больш, удасканальвацца. Ведаеце, так хочацца, прыйсці да хворай жывёлы і з першага погляду вызначыць поўны курс лячэння, каб ёй не было дрэнна, аднак так не бывае. Калі хварэюць яны, дрэнна і мне, я ўвесь час думаю, чым магу дапамагчы, як правільна лячыць, магу займацца гэтым абсалютна ў любы час. Жывёла заўсёды адчувае людзей, таму самае важнае – любіць яе і ні ў якім разе не баяцца, але ўсё ж быць асцярожным, інакш можна і траўму атрымаць. Тэрмін маёй абавязковай адпрацоўкі скончыўся ў мінулым месяцы, але я вырашыла, што нікуды адсюль з’язджаць не хачу, мой калектыў як другая сям’я, у нас адна агульная справа, якую мы любім.
Наталля САКАЛЯНСКАЯ
Фота аўтара