Заробак і ўвод жылля наперадзе. Прамысловасць і АПК здалі назад. На пасяджэнні Карэліцкага райвыканкама падвялі вынікі работы за тры месяцы

За першы квартал бягучага года Карэліцкім раёнам выкананы 5 з 10 паказчыкаў прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця. Гэта намінальная налічаная сярэднямесячная заработная плата, паступленні даходаў у кансалідаваны бюджэт раёна, рознічны тавараабарот гандлю, грузаабарот транспарту, увод жылля. Пра гэта паведамілі на пасяджэнні Карэліцкага раённага выканаўчага камітэта пад кіраўніцтвам старшыні райвыканкама Генадзія Шатуева.

У рабоце выканкама прынялі ўдзел першы намеснік Старшыні Камітэта дзяржаўнага кантролю Рэспублікі Беларусь Дзмітрый Баско, першы намеснік Старшыні Камітэта дзяржаўнага кантролю Гродзенскай вобласці Аляксандр Садаўнічы, начальнік упраўлення эканомікі Гродзенскага аблвыканкама Аляксандр Камендант.

Зарплаты выраслі, а інвестыцыі знізіліся

Намінальная налічаная сярэднямесячная заработная плата ў раёне за першы квартал бягучага года склала 1040,7 рубля, у тым ліку ў сакавіку — 1121,7 рубля. Тэмп росту роўны 114,7%, у тым ліку за сакавік — 116,5%.

Выкарыстана 7767 тыс. рублёў інвестыцый у асноўны капітал, або ў супастаўных цэнах 39,9% да ўзроўню 1 квартала 2021 года. Паказчык не выкананы па прычыне таго, што ў мінулым годзе 53,2% інвестыцый прыпала на будаўніцтва ветраэнергетычнай устаноўкі каля агр. Лукі.

Малако ў плюсе, мяса — наадварот

У першым квартале 2022 года тэмп росту вытворчасці валавой прадукцыі сельскай гаспадаркі склаў 97% пры заданні 100,4%. Гаспадаркамі раёна выраблена прадукцыі на суму 29,5 млн рублёў.

За тры месяцы ў раёне атрымана 20 886,8 тоны малака. У мінулым годзе за такі перыяд надаілі 20 105,8 тоны. Выкананне задання склала толькі 101,2%. Выканалі даведзеныя заданні толькі тры сельгаспрадпрыемствы: СВК «Свіцязянка-2003», «Жухавічы» і «Маяк-Заполле». Астатнія з пастаўленымі задачамі не спраўляюцца, што запавольвае і тэмпы росту агульнараённага валавога аб’ёму.

Вытворчасць буйной рагатай жывёлы ў жывой вазе склала 1 633,6 т, або 96,5% (мінус 59,9 т) да ўзроўню 2021 года. Заданне не выканана на 1,5% і склала 98,5%. Сярэднясутачныя прывагі БРЖ склалі 719 г, што ніжэй за ўзровень 2021 г. на 4 г. Гэта галоўная прычына невыканання задання.

Вытворчасць свіней у жывой вазе склала 2 316,1 т (мінус 76,3 т), або 96,8% да ўзроўню 2021 г. Заданне выканана на 90,8%.

Рознічны тавараабарот у плюсе

Рознічны тавараабарот гандлю і грамадскага харчавання за тры месяцы склаў 1 6381,4 тыс. рублёў, ці 104,3% да ўзроўню мінулага года пры прагнозе 100,9%. У першым квартале ў раёне адкрыты 2 крамы: «Зоамагазін» і «Чырвоная цана».

Аўтобусы сышлі са стратных маршрутаў

Заданне па грузаабароце транспарту за 4 месяцы выканана на 105,2% пры заданні 100,4%.

Заданне па пасажыраабароце выканана на 48,5% пры плане 103,3% у сувязі з закрыццём трох стратных міжгародніх маршрутаў.

Аб’язная дарога вакол Міра і жыллё

За тры месяцы будаўніча-мантажныя работы выкананы ў аб’ёме 1 747 тыс. рублёў, або 49,9% да задання. Невыкананне задання звязана з тым, што асноўны аб’ём работ па будаўніцтве аб’язной дарогі вакол г.п. Мір запланаваны на другі квартал бягучага года.

У першым квартале ўведзена ў эксплуатацыю 936 квадратных метраў агульнай плошчы жылых памяшканняў, што склала 222,9% да задання.

Экспарт тавараў і паслуг

За тры месяцы аб’ём знешняга гандлю таварамі па раёне склаў 1 203,6 тысячы долараў ЗША (тэмп росту 23,5%), у тым ліку экспарт тавараў — 785,7 тысячы долараў ЗША, або 54,7%, імпарт тавараў — 417,9 тысячы долараў, ці 11,3%. Сальда знешняга гандлю склалася станоўчае ў памеры 367,8 тысячы долараў. Знешні гандаль ажыццяўляўся з 6 краінамі свету, у тым ліку ААТ «Карэлічы-Лён» (кароткае льновалакно) і ТАА «Вікас» (мясная прадукцыя) адпраўлялі сваю прадукцыю ў тры краіны: Расійскую Федэрацыю, Кітай і Бельгію.

Экспарт паслуг арганізацый раёна за тры месяцы склаў 77,5 тыс. долараў і павялічыўся ў 1,8 раза, імпарт паслуг — 1,5 тыс. долараў. Сальда склалася станоўчае ў суме 76 тыс. долараў. Асноўнымі экспарцёрамі паслуг з’яўляюцца ТАА «Вікас», музей «Замкавы комплекс «Мір», ПГУП «ТрансІмперыялПрам», ФГ «Белыя Лугі».

 

Іна ЛЕЙКА

Фота аўтара