Жительница агрогородка Луки Раиса Харко на пенсии начала вязать игрушки и считает, что вязание — это йога для головного мозга
Раіса Міхайлаўна Харко з тых пенсіянерак, якія не любяць сядзець склаўшы рукі. Агарод, кветнікі, невялікая гаспадарка — усё гэта, зразумела, ёсць у кожнай вясковай гаспадыні, а ў яе яшчэ і творчае захапленне — вязанне цацак.
Гасцёўня Раісы Міхайлаўны нагадвае пакой псіхалагічнай разгрузкі: утульная, светлая, літаральна ў кожным куточку — цацка або лялька. Гномы, зайцы, вожыкі, мядзведзі і нават дыназаўры — усё арыгінальнае, непаўторнае, бо зроблена сваімі рукамі.
— Вязаннем цацак я захапілася некалькі гадоў таму, калі ў мяне з’явіўся смартфон, — расказвае майстрыха. — Я пачала глядзець розныя майстар-класы, і мяне, як гаворыцца, зацягнула. У дамашняй калекцыі каля паўсотні розных казачных герояў.
Вязаннем Раіса Міхайлаўна займалася яшчэ ў маладыя гады, у эпоху татальнага дэфіцыту: вязала для сябе і сваіх дзяцей арыгінальную вопратку. Зноў за кручок і ніткі ўзялася ўжо на пенсіі. Кожная цацка майстрыхі як жывая дзякуючы вочкам, вейкам, румянцу, адмысловым строям. Раней вочкі і вейкі яна малявала сама, а потым убачыла гэтыя дробныя, але такія важныя дэталі ў магазіне і пачала іх купляць. На стварэнне адной цацкі майстрыха траціць каля двух дзён. Асабліва хутка справа ідзе ўзімку, калі завершаны агародныя клопаты.
— Усе лялькі вельмі розныя па характары. Напрыклад, Чабурашка крыху сумны, Мішка вельмі добры, а дзяўчынка Вожык вельмі любіць прыбірацца: у яе модны зялёны капялюш, — пра сваіх лялек жанчына расказвае як пра жывых. — А галоўнае, што такія цацкі экалагічныя і бясшкодныя для дзяцей. Таму шмат што я ўжо раздарыла, некалькі нават прадала. Але на гэтым бізнес не пабудуеш: у цану вырабу я закладваю толькі кошт матэрыялу, а работа — гэта ўжо мой інтарэс. У чэрвені планую паехаць пагасцяваць на сваю Радзіму, у Карэлію. Там мае цацкі ўжо чакаюць дзеці.
Калі Раіса Міхайлаўна расказвае пра сваё захапленне, яе вочы свецяцца маладым агеньчыкам. Нездарма спецыялісты сцвярджаюць, што працэс вязання па ўздзеянні на структуры мозгу раўназначны разгадванню крыжаванак, лагічных задач і іншых галаваломак. Яшчэ вязанне называюць ёгай для галаўнога мозгу, таму, як сцвярджае Тамара Міхайлаўна, хочаш быць бадзёрым — бярыся за кручок і ніткі.
Іна ЛЕЙКА
Фота аўтара