10 июля — День работников налоговых органов. Начальник управления по работе с плательщиками по Кореличскому району ИМНС Марина Осипович рассказывает о работе и о личном

Напярэдадні Дня работнікаў падатковых органаў журналіст газеты «Полымя» гутарыць з намеснікам начальніка інспекцыі — начальнікам упраўлення па рабоце з плацельшчыкамі па Карэліцкім раёне ІМПЗ па Навагрудскім раёне Марынай Сцяпанаўнай АСІПОВІЧ.

— Марына Сцяпанаўна, з якімі паказчыкамі ў працы сустракаеце сваё прафесійнае свята?

— За 6 месяцаў бягучага года ў кансалідаваны бюджэт паступіла каля 9 мільёнаў рублёў, план даходаў выкананы на 102,1%. Звыш задання ў бюджэт паступіла 8,8 тысячы рублёў. Тэмп росту паступленняў у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года склаў 103,1%.

— Што азначае асабіста для Вас працаваць у падатковых органах?

— Для мяне гэта магчымасць паўней рэалізаваць сябе на практыцы, зносіны з рознымі людзьмі, пастаяннае павышэнне сваёй кваліфікацыі і работа над сабой, вялікае жаданне працаваць на карысць сваёй Радзімы.

— Калегі па працы таксама адданы абранай справе?

—  У нашым упраўленні працуе 5 чалавек. Гэта прафесіяналы сваёй справы, якія маюць вялікі працоўны стаж у гэтай галіне і вызначаюцца адказнасцю, прынцыповасцю, павагай да плацельшчыкаў. З задавальненнем у сувязі з прафесійным святам хачу адзначыць Івана Прыму, Наталлю Хаўста, Святлану Троцкую, Юлію Лустач.

— Чым займаюцца работнікі падатковай інспекцыі ў вольны ад работы час?

— Па-першае, у кожнага ёсць сям’я, па-другое — свае захапленні. Асабіста я люблю наведваць старадаўнія замкі, ужо пабывала ў Мірскім, Нясвіжскім, Косаўскім, Гальшанскім, Лідскім. Гэта мне вельмі цікава, даведваюся аб гісторыі свайго краю,  аб тым, як жылі нашы продкі.

— Дзеці прадоўжылі Вашу справу?

— Яны выбралі свае дарогі ў жыцці. Сын Дзмітрый — інжынер, жыве і працуе ў г. Баранавічы, сын Уладзімір — загадчык МТФ аднаго з калгасаў Баранавіцкага раёна. У нейкай ступені яны прадоўжылі маю справу: мая першая прафесія — бухгалтар сельскай гаспадаркі, дзе адпрацавала больш за 20 гадоў. Я рада за выбар сыноў.

— Што для Вас Карэліччына?

— Гэта мая другая радзіма. Сама я з Ашмяншчыны, на Карэліччыну  прыехала ў 1983 годзе па размеркаванні ў саўгас «Варонча». Лічу, што гэта прыгажэйшая мясціна ў Карэліцкім раёне. Увогуле, тут прыжылася і стала сваёй, прайшла працоўны шлях ад бухгалтара да кіраўніка падатковай галіны.

— У Вас ёсць мара?

— Каб быў мір на Зямлі. Хочацца шмат падарожнічаць і больш пазнаць сваю Радзіму, яна — самая прыгожая ў свеце.

 

Галіна СМАЛЯНКА

Фота Іны ЛЕЙКІ