100-летняя жительница д. Малосельцы Кореличского района Мария Дмитриевна Чичук: «С семи лет много работала дома и на пана, а денег ни копеечки не было, босая ходила»

Бываюць людзі, сустрэчы з якімі не проста акрыляюць і дораць зарад добрага настрою і энергіі. Яны не забываюцца нават праз гады, бо асобы гэтыя, нібы каштоўныя камяні, нясуць на сабе адбітак гістарычных вехаў цэлай краіны. Да гэтай кагорты належыць 100-гадовая жыхарка вёскі Маласельцы Турэцкага сельсавета Марыя Дзмітрыеўна Чычук.

Марыя нарадзілася і ўсё жыццё пражыла ў Маласельцах. У сям’і нарадзілася васьмёра дзяцей, чацвёра з якіх памерлі меленькімі. Марыя была старэйшай, таму першай памочніцай у бацькоў. Маме дапамагала глядзець малодшых, а бацьку ўпраўляцца з гаспадаркай. З сямі гадоў касіла, арала, сеяла.

— А як адышлі пад Польшчу, то сталі жыць вельмі бедна: усю добрую зямлю забралі асаднікі, а нам пакінулі няўдобіцу. Я іх добра памятаю: Дзеўчапольскі, Дзядзюшка. Мы ўсе хадзілі да іх на працу наймацца. Я пасвіла 15 кароў, зарабляла на хлеб. За дзень атрымлівала адзін злоты, а чаравічкі каштавалі 10. Гэта было вельмі дорага, таму ўсе мы хадзілі босыя. Ніколі капеечкі не было. Ой, цяжка! — уздыхае Марыя Дзмітрыеўна. — Закончыла чатыры класы польскай школы, вучылася добра, але далей не пайшла, бо грошай не было заплаціць за вучобу.

Не паспелі людзі нацешыцца ўз’яднанню Беларусі, як пачалася Вялікая Айчынная вайна.

У памяці назаўсёды карціны, як карнікі лавілі партызан, білі, а потым вешалі ў Турцы. Страх… Не дай Госпадзі… І ўспамінаць не хочацца… Памятаю, як на загорскую гару ўпаў наш самалёт і лётчык выжыў. Дык людзі пераапранулі яго ў цывільнае, далі касу і пайшлі з ім за Нёман. Відаць, да партызан завялі. Яўрэеў  моцна білі. У нас хаваўся Мойша, якога тата добра ведаў. Тады казалі, што немцы ўсю сям’ю расстраляюць, хто будзе яўрэяў хаваць. Наша сяло, як і многія іншыя, моцна гарэла, асабліва наш канец. Ні жытла, ні ежы… Шукалі мерзлую бульбу і елі. Ой, гаравалі…

У 1943 годзе Марыя выйшла замуж за свайго аднагодка і аднавяскоўца Паўла, з якім разам і ў школу хадзілі, і кароў пасвілі.

— У 1944 годзе муж пайшоў на фронт, — успамінае Марыя Дзмітрыеўна. — Да гэтага яго забралі ў паліцэйскі пастарунак, хацелі, каб пайшоў у паліцыю служыць. Дык мой татка падкупіў варту і Павел уцёк да партызанаў. На шчасце, вярнуўся з вайны цэлы і здаровы.

У сям’і Чычук нарадзілася пяцёра дзяцей: чатыры сына і дачка. І, здавалася, калі ўсе беды ўжо адступілі, моцна захварэла Марыя Дзмітрыеўна.

— Балеў страўнік, пачалася ангіна, мучыў ціск. Я высахла, пажаўцела. Памятаю, дзеткі падыдуць да мяне, а я ляжу, устаць не магу і малюся: “Госпадзі, дапамажы мне пражыць, пакуль яны сабе на хлеб заробяць”. Паціхеньку акрыяла. Потым пайшла ў калгас працаваць. Спачатку даяркай, потым звеннявой, паляводкай. Усё ўручную рабілі, пакуль тэхніка не прыйшла. Усе мае дзеці вывучыліся, два старэйшых хлопца інстытуты закончылі, — з гонарам зазначае жанчына.

— Марыя Дзмітрыеўна, ці былі ў Вашай сям’і доўгажыхары? — цікаўлюся.

— Мая бабуля Зося з Чыжыноўцаў 104 гады пражыла.

— Раскажыце, як Вы харчаваліся раней і як цяпер.

— Я ўсё жыццё на малацэ. Мяснога мала ела, ды і не было яго. І сёння не люблю. Устаю раніцай у колькі захачу, іду агарод глядзець, папалю трохі, падмяту, пасціраю. Потым гадзін у 12 паем макаронаў дробненькіх з малаком або картоплі. Кільку ў тамаце люблю. Раз на дзень ем звычайна. На ноч не ем ніколі. А так чай і малако п’ю, кофей толькі, як ціск трэба падняць.

— Лекі якія-небудзь прымаяце?

— Тры разы на дзень п’ю сардэчныя кроплі. Яны ад усіх хвароб дапамагаюць. Усё жыццё іх п’ю. Я нават на каранавірус не хварэла.

— Тэлевізар глядзіце?

— Люблю Прэзідэнта нашага Лукашэнку слухаць. Ён пра нас, старых, клапоціцца. У мяне добрая пенсія, усяго хапае. Я колькі жыла, столькі грошай не мела. Раней рубельчыка не было. Як дзеці вучыліся, хадзіла па сяле, пазычала.

— Дык як жа пражыць 100 гадоў, Марыя Дзмітрыеўна?

— Маліцца! Кожную справу пачынаць толькі з малітвы. Не злаваць, любіць людзей і працаваць.

Дзякую жанчыне за сакрэт даўгалецця і, едучы дадому, думаю пра глыбокую мудрасць сказаных слоў. Як важна глядзець на гэты свет з удзячнасцю за простыя рэчы: за цёплы ранак, усмешку твайго дзіцяці, хлеб на стале — так, як гэта робіць сведка цэлага стагоддзя Марыя Дзмітрыеўна Чычук.

 

Іна ЛЕЙКА

Фота аўтара

1
1