СПК «Маяк-Заполье» лидирует на Кореличчине по урожайности зерновых культур и рапса

Свой уклад у забеспячэнне харчовай бяспекі краіны ўносяць хлебаробы СВК «Маяк-Заполле», дзе з кожнага гектара атрымліваюць 77,7 цэнтнера збожжа, што на 12,8 цэнтнера больш, чым на гэтую ж дату летась. Дарэчы, гэта самая высокая ўраджайнасць на Карэліччыне.

Механізатары Сяргей Рабко, Аляксей Ракач, Мікалай Мазур і Сяргей Сцепанчук ураджаем задаволены

— Зерневыя і зернебабовыя вырасцілі на плошчы ў 1936 гектараў. Ужо сабрана 14% гэтых плошчаў. Ураджай сфарміраваўся дастойны. Яравы ячмень дае па 72 цэнтнеры, пшаніца — 80,8. Паралельна са збожжавымі ўбіраем рапс, пад якім занята 450 гектараў. Ужо сабрана 12% гэтых плошчаў. Ураджайнасць таксама на вышыні — 44 цэнтнеры з гектара. Гэта таксама самы высокі паказчык на Карэліччыне. Цяпер галоўнае — аператыўна і без страт сабраць вырашчаны ўраджай. Для правядзення ўборкі ўсё ёсць, сіл дастаткова. Тэхнікі хапае. Праўда, з-за дажджоў даводзіцца прыпыняць уборку, а час не чакае. За жнівом ідзе пасяўная. 10 жніўня ўжо неабходна сеяць азімы рапс, з 25 жніўня — азімыя збожжавыя. Да гэтага яшчэ трэба салому ўбраць, унесці ўгнаенні. Складанасці ёсць, але мы ўпэўнены, што ўсё ў нас атрымаецца, — кажа старшыня СВК «Маяк-Заполле» Віктар Маковік.

Юрый Напорка ўбірае рапс

У сельгаспрадпрыемстве на жніве задзейнічаны 10 збожжаўборачных камбайнаў, на адвозцы — каля 15 адзінак тэхнікі. Прыступілі да працы чатыры зернесушыльныя комплексы. Складскія памяшканні гатовы для прыёмкі збожжа.

— Тэхніка спраўная, ураджай добры, таму працуем з добрым настроем. Праўда, як і штогод, надвор’е ўносіць свае карэктывы. Дажджы парушаюць рытм уборкі, палегліца прымушае манеўраваць. Дапамагае назапашаны вопыт, — дзеліцца загадчык участка Іван Гавака.

Моладзь дапамагае аграрыям на збожжатаку

Віды на ўраджай іншых культур у гаспадарцы добрыя. Вялікія плошчы адведзены пад цукровыя буракі, якія пры дастатку вільгаці актыўна фарміруюць ураджай. Цешаць вока і палі кукурузы, прызначанай на зерне і на сілас.

Іна ЛЕЙКА

Фота Ларысы ШУГЛІ