Антисанитария, застолья, аварийная печь. Журналист «Полымя» поучаствовала в рейде по неблагополучным адресам

Падчас правядзення рэйду, удзельнікамі якога былі журналіст газеты «Полымя» і прадстаўнікі Карэліцкіх раённых аддзелаў — унутраных спраў і па надзвычайных сітуацыях, ставілася мэта: пазнаёміцца з жыццём і бытавымі ўмовамі аматараў выпіць. Іх прозвішчы і адрасы па этычных прычынах не называю.

Нашаму візіту жанчына была не асабліва рада. У хату не дае зайсці, спасылаючыся на беспарадак. Угаварылі — і трапілі ў «святліцу». Гэта, безумоўна, іронія: тут невядома калі прыкладаліся рукі. Гаспадыняй яе не назавеш, нават сорамна за жанчыну: так непрыглядна было ў пакоях. Ёй за пяцьдзясят, але мудрасці, пагадзіцеся, не трэба, каб навесці парадак і падтрымліваць яго пастаянна ў хаце.

Жанчына, на шчасце, не адзінокая — жыве з мужам і сынам. Аказваецца, ёсць дзеля каго старацца і адпавядаць свайму статусу — быць ахоўніцай сямейнага ачага. Магчыма, тады б іншых пытанняў не існавала. Да прыкладу, трэба паклеіць шпалеры і адрамантаваць печку. Што да другога, то спасылаецца на адсутнасць цэглы, а вось рамонтныя работы можа выканаць муж. Прадстаўнік РАНСа раіць ні ў якім разе пакуль не карыстацца печкай і абавязкова яе адрамантаваць.

Рукі патрэбна прыкласці і на прылеглай тэрыторыі — пакасіць траву. Разам з тым праваахоўнік заклікае не ўжываць спіртныя напоі і нагадвае пра тое, што чалавек — каваль свайго шчасця. Жанчына згаджаецца і абяцае выправіцца.

У другім доме была свая кампанія, якая «адпачывала». На стале — бутэлька гарэлкі і сёе-тое з закускі. Узрост сяброў па чарцы — ад 25 да 60 гадоў. Вядуць сябе маўкліва, акрамя маладой жанчыны. Па яе словах, яна працуе паляводам у мясцовым калгасе.

— Чаму п’яце ў спякоту? — цікавяцца ўдзельнікі рэйду. — Можа пахіснуцца здароўе, асабліва ў састарэлых, падумайце аб гэтым…

Гаспадыня дома з заўвагамі згаджаецца і канстатуе той факт, што не можа справіцца з «гасцямі»: яны любяць бавіць вольны час за чаркай. Сама  жанчына працуе і зараз спяшаецца на мясцовую ферму. Супрацоўнік РАУС раіць у крытычных сітуацыях тэлефанаваць па нумары «102» і сцвярджае, што праваахоўнікі выедуць на месца, каб станоўча вырашыць бытавыя пытанні.

Трэцяя сустрэча абнадзеіла. Наведваемся да дачніка, які прыехаў у вёску на лета са сталіцы. Ён прызнаецца: «Не п’ю, зараз ужываю лекі. Крок адзін-два зраблю і задыхаюся…».

Па яго словах, у хаце пачаты рамонт. У пакоі маюцца неабходныя рэчы для жыцця: канапа, халадзільнік, тэлевізар.

— А што з печкай? — цікавіцца супрацоўнік РАНС.

— Ёй не карыстаюся.

— Усё роўна трэба адрамантаваць.

— А чым харчуецеся?

— У халадзільніку — замарожаныя мяса, фарш, рыба…

Удзельнікі рэйду адзначаюць добрае месца для летняга адпачынку, але раяць гаспадару скасіць траву на падворку. Нагадваюць аб тым, што не трэба курыць у ложку, важна быць пільным, калі наведваюцца незнаёмыя, каб не здарылася крадзяжу. Субяседнік на парады рэагуе па-добраму і абяцае іх выконваць.

Алкагалізм многія лічаць хваробай, а яшчэ гэта вялікая бяда.  Рушацца сем’і і пакутуюць дзеці — што можа быць горш? Як ні кажыце, прыкра і балюча, калі разам з людзьмі сталага ўзросту п’юць маладыя, а гэтага не павінна быць.

Галіна СМАЛЯНКА

Шарж Мікалая ГІЗА