Куда и почем можно сдать овощи и фрукты в Кореличах?
Ліпень адорвае дарамі садоў і агародаў. Галоўнае — выкарыстаць гэтую магчымасць і сабраць вырашчаны ўраджай і, калі трэба, рэалізаваць яго лішкі. Як адзначаюць рупліўцы: і сабе прыбытак, і людзі задаволены.
Мы накіроўваемся ў аддзел нарыхтовак Карэліцкага філіяла Гродзенскага аблспажыўтаварыства, каб даведацца аб тым, як у бягучым годзе ідзе нарыхтоўка агародніны і садавіны ад насельніцтва.
— У ліпені нарыхтавана 400 кілаграмаў чарніц коштам 5 рублёў за кілаграм, — уступае ў гутарку начальнік службы прамысловасці і нарыхтовак філіяла Уладзімір Барыла. — У асноўным ягады рэалізаваны праз гандлёвую сетку раёна, вулічны гандаль каля рэстарана «Колас» райцэнтра, на рынку.
Давалі аб’явы аб закупцы ягад, бульбы і агародніны ў раённую газету «Полымя», змяшчалі ва ўсіх магазінах, на сайце філіяла. Суразмоўца яшчэ раз нагадаў аб тым, што чырвоныя парэчкі каштуюць 20 капеек за кілаграм, чорныя парэчкі — 30 капеек і столькі ж вішня.
Найбольш ахвотна здаюць раннюю агародніну. Кошт на яе мяняецца часта, у залежнасці ад попыту і прапаноў. Скажам, у ранняй бульбы тыдзень таму закупачная цана была 1 рубель 60 капеек за кілаграм, а з 25 ліпеня ўстанавілі новую цану — 1 рубель.
Таматы закупляюцца ад здатчыкаў са Столінскага раёна. Тут сітуацыя супрацьлеглая: нядаўна кошт на іх вагаўся ад 1 рубля 60 капеек да 1 рубля 80 капеек, цяпер вырас — ад 2 рублёў 50 капеек да 2 рублёў 80 капеек.
У нашым раёне масавы збор капусты не пачаўся, і нарыхтоўшчыкі закупляюць яе ў столінскіх фермераў. На гэтую агародніну кошт з 1 рубля паменшыўся да 60 капеек.
Акрамя гандлёвай сеткі, карэліцкія нарыхтоўшчыкі забяспечваюць ранняй агароднінай сталовыя сельгаспрадпрыемстваў, установы аховы здароўя раёна. Агародніна і садавіна для сельскага насельніцтва пастаўляецца ў стацыянарную сетку і аўтамагазіны, дзе карыстаецца вялікім попытам з нагоды добрай якасці і даступнага кошту.
Уладзімір Барыла ў нарыхтоўчай сістэме раёна працуе 32 гады. За гэты адрэзак часу адбылося шмат рэарганізацый і змен. «Сёння працаваць складаней: павысіліся патрабаванні да якасці закупляемай прадукцыі, паменшылася колькасць прадпрыемстваў па перапрацоўцы пладова-ягаднай прадукцыі, што прывяло да цяжкасцей па яе збыце. Паменшылася і колькасць жыхароў вёсак, і таму з’яўляюцца цяжкасці з нарыхтоўкай культурнай ягады, чарніц. Сітуацыю па нарыхтоўцы дапамагае вырашаць згуртаванасць калектыву нашага філіяла», — рэзюмуе Уладзімір Уладзіміравіч.
Прадавец аўтамагазіна Ірына Харошка паведаміла аб тым, што абслугоўвае жыхароў Красненскага, Цырынскага, Ярэміцкага сельсаветаў. Вяскоўцы ахвотна купляюць садавіну і агародніну. Па індывідуальных заказах прывозіць бульбу, цыбулю, моркву. Капуста карыстаецца попытам круглы год і пастаянна ёсць у продажы.
Давялося пагутарыць і са здатчыкам сыравіны Уладзімірам Кузьмічом, які прывёз вырашчаную прадукцыю са Столінскага раёна: капусту, агуркі, таматы. Агародніну вырошчваюць усёй сям’ёй, у якой выхоўваецца сямёра дзяцей, старэйшыя дапамагаюць у гэтай справе. Па словах столінца, праца яму ў радасць і прыносіць карысць. «І сабе прыбытак, і людзі рады», — зазначыў руплівы гаспадар.
Карэліцкім райспажыўтаварыствам за ліпень набыта сельгаспрадукцыі і сыравіны на суму 284 тысячы 300 рублёў, у тым ліку насельніцтву выплачана за здадзеную прадукцыю і сыравіну 197 тысяч 900 рублёў.
Закупачныя цэны за 1 кг на 28.07.2022 г.:
бульба — 1 руб.
капуста — 60 кап.
агуркі — 1 руб.
таматы — 2 руб. 80 кап.
чарніцы — 4 руб. 30 кап.
буракі — 1 руб.
цыбуля — 1 руб.
За ліпень 2022 года закуплена:
чарніц — 400 кг
капусты — 2700 кг
агуркоў — 1800 кг
таматаў — 4500 кг
бульбы — 3200 кг
цыбулі — 1200 кг
буракоў — 1500 кг
Галіна СМАЛЯНКА
Фота Іны ЛЕЙКІ