Мінпрыроды назвала самую зялёную вобласць Беларусі. У Карэліцкім раёне нарматыўны ўзровень азелянення не дасягнуты
Праграма па навядзенні парадку на зямлі — цэлы комплекс мерапрыемстваў, куды ўваходзяць работы не толькі па стварэнні прыгажосці і ўтульнасці, а і па ахове навакольнага асяроддзя і ўстойлівым выкарыстанні прыродных рэсурсаў, а таксама максімальным уцягванні адходаў у гаспадарчы абарот, таму што гэта рэальная эканоміка з рэальнай сыравінай, упэўнены міністр прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Андрэй Худык. Як добраўпарадкоўваюцца рэгіёны, у прыватнасці Ляхавіцкі раён, карэспандэнт «Звязды» паглядзела разам са спецыялістамі Мінпрыроды.
Спецыялісты Мінпрыроды на Ляхавіцкім кансервавым заводзе.
Архітэктурныя помнікі на пляжы і зваротная тара
Добраўпарадкаванню і рацыянальнаму выкарыстанню рэсурсаў аддаюць увагу ва ўсёй краіне, зыходзячы з існуючых у рэгіёне магчымасцяў. На Брэстчыне, напрыклад, працягваюць змагацца з міні-палігонамі адходаў. З існуючых тут 23 аб’ектаў да канца года застанецца толькі сем.
А ў Ляхавіцкім раёне з 2020 года ажыццяўляюць праект па добраўпарадкаванні тэрыторыі вакол гарадскога возера. На цэнтральным пляжы арыгінальна і па-наватарску ўпрыгожылі тэрыторыю: да Года малой радзімы тут паставілі 23 макеты найбольш значных помнікаў архітэктуры раёна, якія зроблены сіламі школьнікаў, бацькоў і настаўнікаў.
Схема ачысных збудаванняў на Ляхавіцкім малочным заводзе.
Спецыялісты знаёмяцца са схемай ачысных збудаванняў на Ляхавіцкім малочным заводзе.
Прадукцыя Ляхавіцкага кансервавага завода.
Славутасці падраздзяляюцца на тры катэгорыі: каталіцкія і праваслаўныя храмы, сядзібна-паркавыя ансамблі і страчаная спадчына (чатыры макеты аб’ектаў, якіх цяпер не існуе), іх аднаўлялі па здымках і ўспамінах старажылаў. Пра кожны аб’ект можна даведацца больш падрабязна, калі выкарыстаць QR-код, замацаваны на кожнай з пабудоў.
Памяншэнню выкарыстання прыродных рэсурсаў і зніжэнню аб’ёмаў стварэння адходаў спрыяе і выкарыстанне зваротнай тары на Ляхавіцкім кансервавым заводзе. Уся прадукцыя выпускаецца ў слоіках аб’ёмам ад 0,28 да трох літраў.
Ляхавіцкія спецыялісты расказваюць пра абарачэнне з адходамі ў раёне.
Дзякуючы гэтаму прадпрыемства вырашае некалькі задач. Скупляе шкляную тару аб’ёмам 0,5 літра, літровую і трохлітровую, якая выпускаецца айчыннымі заводамі. А таксама робіць прадукцыю больш таннай (з-за зваротнай тары) у рабоце з бюджэтнымі арганізацыямі. На 179 гектарах прадпрыемства вырошчвае 70 % прадукцыі для ўласных патрэб — купляюць толькі капусту і агуркі. Завод, дарэчы, — адзіны ў краіне вытворца кансерваванага шчаўя, якога ў прадпрыемства шэсць гектараў.
Пачатак — па часе, палова — па выніках
Убачанае ў Ляхавічах уражвае і пацвярджае, што ў кожным рэгіёне ёсць свае асаблівасці і традыцыі, запэўніў міністр. Так, зваротнае водакарыстанне на Ляхавіцкім малочным заводзе (дзякуючы ўласным ачышчальным збудаванням сцёкавых вод магутнасцю 270 м3/суткі) дазваляе расходаваць менш вады з прыроды. Перш чым трапіць у меліярацыйны канал ракі Ведзьма, сцёкавыя воды праходзяць фізіка-хімічную, механічную і біялагічную ачыстку. А адходы плёнкі тут спрэсоўваюць на гідраўлічным прэсе.
Лінія сарціроўкі смецця.
Цяпліцы Ляхавіцкага лясгасу.
Прэс для прэсавання адходаў плёнкі на малочным заводзе.
Асаблівасць мясцовага лясгаса — выраб уласнага мёду. У гаспадарцы сотня пчаліных сем’яў, якія за год даюць каля трох тон салодкага пачастунку. А яшчэ леснікі маюць уласны дэндрапарк плошчай 11 «сотак», які штогод дапаўняецца дэкаратыўнымі раслінамі, кветкамі і малымі архітэктурнымі формамі. Летась збудавалі цяпліцы, дзе вырошчваюць для сваіх патрэб пасадачны матэрыял.
Прынята Нацыянальная стратэгія па абыходжанні з камунальнымі адходамі і другаснымі матэрыяльнымі рэсурсамі, згодна з якой да 2025 года Беларусь павінна ўцягнуць у гаспадарчы абарот 64 % камунальных адходаў. Сёння на Брэстчыне ў абарот уцягнута каля сарака працэнтаў адходаў, і гэта найлепшы вынік па краіне (у Беларусі ў цэлым гэтая лічба пакуль 32 %), адзначыў Андрэй Худык.
— Штогод экалагічная сітуацыя ў краіне паляпшаецца. Ідзе зніжэнне выкідаў у паветра, бо прыродакарыстальнікі прыслухоўваюцца да нашых парад і выконваюць патрэбныя мерапрыемствы. Стан водных крыніц (паверхневых і падземных) таксама паляпшаецца. 70 % паверхневых водных крыніц у краіне маюць экалагічныя адзнакі «добра» і «выдатна».
Дэгустацыя мёду ляхавіцкіх леснікоў.
На тэрыторыі каля гарадскога пляжа створаны музей пад адкрытым небам «З глыбіні стагоддзяў».
Разам з тым дагэтуль сустракаюцца экалагічныя парушэнні накшталт стварэння несанкцыянаваных звалак, парушэння правілаў эксплуатацыі аб’ектаў захоўвання адходаў, парушэнні рэкамендацый пры раздзельным зборы смецця. З усім гэтым працягваюць змагацца, і дынаміка някепская. «Па гэтым шляху ў еўрапейскіх краінах ішлі па паўстагоддзя, а мы, хоць па часе і знаходзімся ў самым яго пачатку, аднак па выніках — ужо на палове», — заўважыў міністр.
Найбольш зялёная — Гомельшчына
Гаворачы пра навядзенне парадку, нельга абмінуць тэму азелянення. Штогод падчас выканання праграмы па добраўпарадкаванні ў Беларусі павялічваецца колькасць зялёных насаджэнняў. Сёлета, напрыклад, высаджана 363 тысячы дрэў і 195 тысяч кустоў. А яшчэ — адрамантавана больш як 1000 кантэйнерных пляцовак для збору адходаў, рэканструявана і адрамантавана 147 гектараў газонаў, знесена 1125 старых і пустых дамоў, расказаў намеснік міністра Аляксандр Корбут.
Да азелянення актыўна далучаюць і жыхароў, у тым ліку ў рамках тэматычных акцый па закладцы паркаў, алей і садоў і догляду за ўжо высаджанымі раслінамі, аднак гэта ўдаецца не ўсюды.
На заводзе збіраюць каля паўмільёна зваротнай тары. А ўпакоўку, у якой яна прыходзіць, здаюць на другасныя адходы: штогод гэта каля 30 тон металалому, да 50 тон шкла, 25 тон паперы.
На лініі кансервавага завода.
— Узровень азелянення ў гарадах (у тым ліку райцэнтрах) павінен складаць да 40 %, — падкрэсліў Аляксандр Корбут. — На Брэстчыне гэты паказчык у сярэднім складае 43 %, на Віцебшчыне — 45 %, Гомельшчыне — 48 %, Гродзеншчыне — 34 %, Міншчыне — 44 %, Магілёўшчыне — 45 % і ў Мінску — 43 %. Пры гэтым нарматыўны ўзровень азелянення не дасягнуты ў 14 гарадах: Высокае, Пінск (Брэсцкая вобласць), Ваўкавыск, Скідзель, Ліда, Масты, Навагрудак, Астравец, Ашмяны, Свіслач, Слонім, Шчучын, Зэльва, Карэлічы (Гродзенская вобласць). Мяркуецца, што дасягнуць патрабаванага ўзроўню тут здолеюць толькі да 2025 года.
Абследаванне аб’ектаў азелянення сведчыць аб адсутнасці належнай тэхналогіі якасці работ па высадцы дрэў і далейшага догляду за пасадкамі. У прыватнасці, праз адзін-два гады загінула 86 % раслін, высаджаных уздоўж аўтадарогі Віцебск—Полацк (Полацкі раён), 89 % — высаджаных каля трасы Вязьма—Лапічы (Асіповіцкі раён), палова пасадак загінула ў Магілёўскім раёне каля трасы Віцебск—Гомель.
Прадукцыя ў шкляной тары для адгрузкі.
Уся ўпакоўка на заводзе шкляная.
У выніку арганізацыям прыходзіцца займацца падсадкамі дрэў замест загінулых, а не новымі саджанцамі. Пра гэта казаў і Юрый Шулейка, старшыня Брэсцкага аблвыканкама:
— Сёлета мы маем на мэце не проста высаджваць новыя дрэвы дзеля азелянення, а падсаджваць там, дзе яны гінуць, дзе не прыжываюцца і імі не займаюцца. Мы ўжо ўвесну перасаджвалі іх, падкормлівалі, перавязвалі. Пасаджана па вобласці шмат, але многае не расце, таму будзем аднаўляць.
Пакуль адны расліны трэба саджаць, іншыя неабходна вынішчаць. На працягу трох апошніх гадоў барацьбы з інвазійнымі раслінамі баршчэўнік Сасноўскага быў вынішчаны на 2766 гектарах, а меры па рэгуляванні распаўсюджвання яго колькасці праведзены ў краіне на 3,7 тысячы гектараў.
Ірына СІДАРОК
Фота аўтара