Мірскі замак, памятныя месцы раёна, шклозавод «Нёман». Выхаванцы лагера пры Лукскай СШ дзеляцца ўражаннямі ад адпачынку

Лета… Сонейка… Адпачынак… Лагер… Мары… Мары, якія здзяйсняюцца!

А яны і здзейсніліся — у выхаванцаў школьнага дзіцячага лагера “Верасок” з дзённым прабываннем Лукскай сярэдняй школы.

Кожны з 18 дзён, якія выхаванцы правялі ў лагеры, быў яскравым, займальным, запамінальным, незвычайным, з шматлікімі яркімі момантамі, насычаны прагулкамі, паходамі, экскурсіямі, паездкамі.

А вось некаторыя вучні захацелі падзяліцца сваімі  ўражаннямі:

Тананка Даша з захапленнем расказвае пра паездку ў г.п. Мір.

— У Мірскім замку я была першы раз. Мяне ўразілі магутныя будынкі і вельмі прыгожая тэрыторыя. Мы паднімаліся па крутых лесвіцах башань, пабывалі ў прыгожых залах, нават у турме-падзямеллі, убачылі партрэты ўладальнікаў замка, даведаліся пра легенду возера, якое размяшчаецца каля сцен замка, пабывалі ў радавой усыпальніцы князей Святаполк-Мірскіх.

— Мне не пашчасціла прыйсці ў лагер з першага дня, я захварэў, — расказвае Богуш Цімур, — але ўражанняў у мяне таксама шмат. Я з задавальненнем раскажу пра экскурсію ў парк жывёл “Дыпрыз”. Адразу здалося, што мы апынуліся ў царстве драўляных казачных герояў: завіталі ў госці да багатыроў, наведалі царства Снежнай каралевы, павіталіся з Бабай-Ягой, паплавалі на піратскім караблі.А колькі там зон адпачынку! І арэлі, і горкі, і альтанкі! З цікавасцю разглядалі прыгожых і незвычайных жывёл і птушак, кармілі морквай авечак, коз, ламаў, назіралі за рыбамі. Уразілі мяне вярблюды і кенгуру. Я вельмі хачу вярнуцца туды яшчэ раз.

Цікавым здаўся адпачынак у школьным лагеры вучню ўжо 3 класа Норанбергу Ягору.

— Мне спадабалася экскурсія па родных мясцінах. Мы праехалі і паглядзелі помнікі нашага раёна, устаноўленыя ў гонар людзей, якія загінулі за мірную будучыню дзеля нас. Мы ўсе ўдзячны воінам за мірнае неба над галавой і заўсёды будзем памятаць пра іх подзвігі. Адпачынак у нас праходзіў вельмі насычана і пазнавальна. Хочацца таксама расказаць, як мы наведалі пажарную службу ў Карэлічах. Там мы не толькі даведаліся пра службу пажарных, але і пагулялі з імі ў футбол.

— Я кожны дзень наведваў школьны лагер , — расказвае Самец Аляксей. – Кожны дзень, гэта нешта новае і цікавае. Мне вельмі спадабалася экскурсія на шклозавод “Нёман”. Я даведаўся, як робяць прыгожыя каляровыя талеркі, шклянкі, а сабачку са шкла, якога нам падарылі, паставіў у шафу і з гонарам паказваю ўсім. Яшчэ мне вельмі спадабалася мерапрыемства, праведзенае сумесна з работнікамі МЧС. Вельмі шкода, што лагер скончыўся, — з сумам гаворыць Аляксей.

— Вельмі прыемна было размаўляць з выхаванцамі ДАЛ “Верасок”. Усе хацелі расказаць пра тое, што ім было цікава. – расказвае начальнік лагера Богуш С.Г. – А ім было цікава і гэта радуе. Змена атрымалася вельмі насычанай, усіх мерапрыемстваў і не пералічыш. Закрыццё лагернай змены “Цімур і яго каманда” завяршылася музычным мерапрыемствам “Мары збываюцца”. Выхаванцы атрымалі памятныя сувеніры і граматы за актыўнасць. Вельмі прыемна, што пасля заканчэння лагернай змены, дзецям ёсць што ўспомніць. Хай нараджаюцца і збываюцца мары ўсіх — дзяцей і дарослых.