Старшыня Карэліцкага раённага Савета дэпутатаў Аляксандр Шкадаў прыняў удзел у мітынгу ў Луках
1 ліпеня а 15 гадзіне ў Луках на пляцоўцы каля мясцовага Дома культуры сабраліся прадстаўнікі мясцовых сельвыканкама і гаспадаркі, установы культуры, моладзь, дзеці. Тут праходзіць мітынг з нагоды вялікага свята — Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь. І не выпадкова: яно застаецца сведчаннем мужнасці, днём гонару, памяці нашага народа.
Слова прадстаўляецца старшыні Карэліцкага раённага Савета дэпутатаў Аляксандру Шкадаву. Аляксандр Віктаравіч у сваёй прамове нагадвае пра тое, што праз дзень мы адзначым Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь. «Мы думалі, што будзем жыць пад мірным небам, але першыя «званочкі» ўжо адчулі ў 2020 годзе. Хаця нас не зламаць, па-іншаму ацэньваем незалежнасць, нясём жывыя кветкі да абеліскаў і помнікаў», — адзначае прамоўца.
Аляксандр Шкадаў выказвае пажаданне абараняць сваю незалежнасць мірнай працай. Урачы павінны лячыць людзей, педагогі вучыць дзяцей, хлебаробы вырошчваць хлеб, а калі спатрэбіцца, то трэба стаць на абарону роднай Айчыны. «Вось толькі будзем прасіць у Госпада Бога, каб нішто падобнае не паўтарылася», — сказаў Аляксандр Віктаравіч.
«Любімая Беларусь» — такую назву мела канцэртная праграма, якую арганізавалі работнікі аддзела культуры і вольнага часу Лукскі Дом культуры». Прагучала шмат цудоўных песень пра нашу краіну, у якіх выканаўцы прызнаваліся ў любові роднаму краю і зямлі-матухні. А колькі прагучала добрых слоў і шчырых пажаданняў. Вось чатырохрадкоўе, у якім закладзена мара беларусаў:
Хай гуляюць на вуліцах дзеці
І не ведаюць болей вайны.
Хай заўжды будзе мір на планеце,
На вякі — ад вясны да вясны.
…Гучаць словы і песні на роднай мове. Вялізарныя ёлкі-прыгажуні абараняюць удзельнікаў мітынгу ад спякотнага сонца. Вось толькі яго промні павінны свяціць заўсёды, а неба быць блакітным-блакітным. Дзеля гэтага і сабраліся ўдзельнікі мітынгу. Аляксандр Шкадаў разам з жыхарамі лукскай зямлі усклалі жывыя кветкі да помніка загінулым воінам у гады Вялікай Айчыннай вайны і гэтым выказалі ўдзячнасць за жыццё пад мірным небам.
Напрыканцы хачу нагадаць вершаваныя радкі пра тых, хто заваяваў нам Перамогу ў далёкім сорак пятым:
Парадзелі рады ветэранаў,
Пасівелых, душой маладых,
Афіцэраў, байцоў, партызанаў.
Колькі іх засталося жывых?
Нам трэба памятаць пра мінулае і імкнуцца захаваць мір на зямлі. Дабрабыту і росквіту табе, лукская зямля! Няхай цвітуць сады, каласяцца палі збажыной, дзеці спяшаюцца ў школу!
Галіна СМАЛЯНКА
Фота Алены МАТУСЕВІЧ