В СПК “Маяк-Заполье” делают шаги к большому молоку: строят два новых коровника на 610 голов, доильный зал и линию по переработке рапса

Збалансаваны рацыён, уласныя камбікармы, кваліфікаваныя кадры дазваляюць нарошчваць вытворчасць малака. Гэтую формулу поспеху добра ведаюць у СВК «Маяк-Заполле». А яшчэ ўпэўнены: каб развівацца, трэба будаваць новыя вытворчыя аб’екты.

«Кактэйлі» для жывёлы

У СВК «Маяк-Заполле» ўтрымліваецца 1509 галоў дойнага статка. Ад кожнай каровы тут атрымліваюць 22,7 кг малака за дзень, што на 1 кг больш, чым годам раней. З пачатку года ў гаспадарцы атрымана 65 690 ц малака, што складае 100% да ўзроўню мінулага года. Сельгаспрадпрыемства ўваходзіць у тройку мацнейшых вытворцаў сыравіны ў раёне.

— У авангардзе знаходзіцца МТФ «Паланая», дзе ад кожнай каровы атрымліваюць 24,2 кг малака, што на 3 кг больш у параўнанні з мінулым годам, — расказвае галоўны заатэхнік СВК «Маяк-Заполле» Аляксандр Рашатко. — За 6 месяцаў надоена 3 092 т малака, 70,4% сыравіны рэалізавана гатункам «экстра». За 5 месяцаў рэнтабельнасць прадукцыі склала 76%, выручка — 2 млн 347 тыс. рублёў, прыбытак — 1 млн 109 тыс. рублёў.

Гаспадарка мае моцную раслінаводчую базу. Амаль завершаны другі ўкос траў. Нарыхтавана 102% сена і 91% сенажу. Маецца 4 933 тоны кармавых адзінак, на адну ўмоўную галаву — 16 цэнтнераў кармавых адзінак, што крыху менш, чым летась. На сёння ў гаспадарцы не адкрылі ніводнай сянажнай траншэі гэтага года: выкарыстоўваецца корм, нарыхтаваны яшчэ летась.

Калі малако крыху ўпала, адразу ідзе аналіз кармоў, дадаюцца пэўныя кампаненты. Пагалоўе знаходзіцца на аднатыпным кармленні: сянаж, сілас, камбікорм, сенная рэзка, патака. Рагулі ў залежнасці ад прадуктыўнасці атрымліваюць сваю порцыю «кактэйлю».

— Камбікармы вырабляем самі, — падкрэслівае Аляксандр Рашатко. — У гаспадарцы дастаткова збожжа, каб не толькі пракарміць дойнае пагалоўе, але і рэалізаваць хлеб. Раз у тыдзень карыстаемся паслугамі перасоўнага млына, які здрабняе збожжа і для кароў, і для маладняку на дарошчванні. У дастатковай колькасці маецца рапсавы жмых і сланечнікавы шрот, прэміксы, соль і мел. У рацыёне статка збожжавы складнік не больш за 50%, астатняе — гэта бялковыя энергетычныя напаўняльнікі.

Малочнатаварную ферму «Паланая» абслугоўваюць 38 чалавек. У іх ліку 8 аператараў машыннага даення, 5 жывёлаводаў, 2 ветэрынарныя ўрачы, заатэхнік-селекцыянер, лабарант, асемянатар, упраўляючы фермы і яго памочнік. Поўная забяспечанасць кадрамі дае добрую аддачу. Так, сярэднясутачныя прыбаўленні ў вазе маладняку складаюць 924 грама, а захаванасць цялят — 100%.

Аператары машыннага даення Алена Лустач і Вольга Лапата за змену абслугоўваюць 900 галоў

— Нашы людзі цэняць свае працоўныя месцы, ставяцца да справы адказна, разумеюць: ад якасці працы залежыць іх заробак, — кажа Аляксандр Рашатко. — Так, аператары машыннага даення ў сярэднім зарабляюць 1 460 рублёў, цялятніцы — 1 380 рублёў. Пры выплаце прэміі ўлічваецца гатунак малака, добрасумленная работа, выкананне паказчыкаў.

Заатэхнік-селекцыянер Анастасія Філатава ў прафесіі больш за 40 гадоў, на «Паланой» працуе 16 гадоў.

— У нашай прафесіі самае галоўнае — гэта згуртаванасць і разуменне агульнай мэты. На шчасце, на МТФ «Паланая» падабраліся такія людзі. Аператары машыннага даення ведаюць, чаму важна якасна апрацаваць вымя рагуль перад даеннем, а цялятніцы — своечасова напаіць і падаслаць маладняк.

Памочнік упраўляючага МТФ «Паланая» Алена Дзямідава

Новая ферма на 610 месцаў

На мінулым тыдні ў СВК «Маяк-Заполле» пачалі будаўніцтва двух кароўнікаў на 610 месцаў і даільнага блока пры МТФ «Востухава». Рашэнне аб будаўніцтве новага вытворчага аб’екта прынялі летась.

— Усе нашы фермы пабудаваны некалькі дзесяткаў гадоў таму. Вядома, яны ўвесь час рэканструяваліся, але новага нічога не будавалася. Безумоўна, гэта ўплывае і на якасць, і на колькасць малака. Для таго, каб атрымліваць больш якаснай прадукцыі, трэба павялічваць дойны статак, а значыць будаваць новыя сучасныя памяшканні, — кажа Аляксандр Рашатко. — Кошт аб’екта складзе 11 млрд рублёў. Будуць задзейнічаны фінансы ААТ «Банк развіцця Рэспублікі Беларусь», а таксама ўласныя сродкі. Пагалоўем для новых аб’ектаў забяспечым сябе самі.

На месцы, дзе размесціцца новы вытворчы аб’ект, працуе пакуль адзін бульдозер пад упраўленнем машыніста Уладзіміра Скоблі. Майстар Лідскай ПМК № 169 Уладзіслаў Шымук сочыць за тым, як ідзе зрэзка ўрадлівага грунту.

Майстар Лідскай ПМК № 169 Уладзіслаў Шымук і машыніст Уладзімір Скобля на будаўніцтве новага аб’екта

— Неабходна зрэзаць 8 тысяч метраў кубічных чарназёму і прывезці амаль 5 тысяч м кубічных пяску. Плануецца, што ў жніўні пачнецца мантаж падмурка. Тэрмін правядзення будаўніцтва — 15 месяцаў. Згодна з планамі, у жніўні 2023 года аб’ект будзе здадзены ў эксплуатацыю.

Рапсавы жмых уласнай вытворчасці

У СВК «Маяк-Заполле» завяршыўся мантаж лініі па перапрацоўцы насення рапсу. Тут будуць выпускаць два віды прадукцыі: рапсавы алей і жмых — высокапажыўны корм для жывёлы. Дзякуючы высокай тэхналагічнасці абсталявання, «Маяк-Заполле» пяройдзе на выкарыстанне рапсавага жмыху ўласнай вытворчасці. Пры 24-гадзіннай рабоце абсталяванне здольна перапрацаваць да 10 тон сыравіны, выхад канчатковай прадукцыі: 33% алею і 67% рапсавага жмыху.

Кошт лініі складае 1 млн 150 тыс. рублёў. Абсталяванне набыта ў лізінг на два гады.

Вытворчы аб’ект па перапрацоўцы насення рапсу — ужо трэці ў раёне. Аналагічныя лініі працуюць у СВК «Свіцязянка-2003» і «Жухавічы». Тэхналагічнае абсталяванне — чэшскай вытворчасці. Унікальнасць тэхналогіі Farmet заключаецца ў тым, што яна прадугледжвае самы прагрэсіўны спосаб перапрацоўкі насення рапсу — двухразовае прасаванне з экструзіяй, якое дазваляе не толькі павялічваць выхад алею, але і атрымліваць жмых лепшай якасці.

Лінія па перапрацоўцы рапсу да працы гатова

Для забеспячэння цэха па перапрацоўцы рапсу сыравінай у гаспадарцы ў мінулым годзе пасеялі 450 га азімага рапсу, павялічыўшы яго плошчы на 100 га. У гэтым годзе дададуць яшчэ 100 га. Плануецца, што атрыманага ўраджаю будзе дастаткова, каб загрузіць вытворчыя магутнасці лініі.

Несумненна, уласная вытворчасць унікальнай пратэінавай падкормкі для кароў дазволіць маякоўцам павялічыць надоі і прывагі, а значыць і асабісты дабрабыт.

Іна ЛЕЙКА

Фота аўтара