Вянкі, карагоды, вогнішча: у Карэліцкім раёне свята «Каваль-Вярнідуб» запрашае гасцей
Свята «Каваль-Вярнідуб» упершыню пройдзе ў Карэліцкім раёне. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведамілі ў Карэліцкім райвыканкаме.
«Сёння з 20.00 да 1.00 у аграгарадку Краснае ўпершыню пройдзе свята «Каваль-Вярнідуб». Праграма прадугледжвае тэматычны тэатралізаваны паказ, традыцыйныя народныя гульні, бытавыя танцы і конкурсы. Госці мерапрыемства змогуць навучыцца плесці вянкі, паўдзельнічаць у абліванні вадой. Будзе запалена вялікае вогнішча, госці таксама змогуць прыняць удзел у вялікім дружным карагодзе», — расказалі ў райвыканкаме.
Акрамя таго ўдзельнікаў свята чакае канцэртная праграма творчых калектываў Іўеўскага раёна. У аграгарадку з нагоды свята «Каваль-Вярнідуб» будуць працаваць дзіцячая гульнявая пляцоўка, святочны гандаль, атракцыёны, выстаўка-продаж сувенірнай прадукцыі і інш.
Паводле народных павер’яў, вечарам на Івана Купалу ідзе ў разгул нячыстая сіла. І процістаіць ёй славянскі міфічны персанаж, народны абаронца — асілак Каваль-Вярнідуб. Менавіта ў гонар яго ў Карэліцкім раёне вырашылі арганізаваць тэматычнае свята.