Старшыня Карэліцкага райвыканкама Генадзій Шатуеў: “Задачы, пастаўленыя Прэзідэнтам, выканаем”
Уборка зерневых і зернебабовых культур у Карэліцкім раёне пройдзе якасна і з высокімі тэмпамі. Пра гэта паведаміў старшыня Карэліцкага райвыканкама Генадзій Шатуеў пасля ўдзелу ў селектарнай нарадзе па ўборачнай кампаніі, якую 26 ліпеня правёў з усёй краінай Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка.
— Сёлета карэліцкія аграрыі плануюць атрымаць 114 тысяч тон збожжа і 13 тысяч тон рапсу. На палях раёна вырашчаны добры ўраджай зерневых і зернебабовых культур, што, несумненна, стане годным укладам у рэспубліканскі каравай. Ва ўсім свеце кажуць, што чалавецтва напярэдадні голаду, таму ўсім нам трэба сабраць тое, што вырашчана, без страт. Усе нашы камбайны гатовыя да працы, за штурваламі — вопытныя механізатары, — падкрэслівае кіраўнік раёна.
Важную ролю іграе і выканальніцкая дысцыпліна. Таму і сам кіраўнік раёна, і кантралюючыя службы: пракуратура, міліцыя, пажарная — знаходзяцца на палях. Іх задача — абарона тэхнікі і палёў ад пажараў, забеспячэнне захаванасці намалочанага збожжа.
Падчас нарады Прэзідэнт асаблівае значэнне надаў забеспячэнню жывёлагадоўлі бялковымі кармамі. Ён падкрэсліў, што сотні мільёнаў долараў трацяцца на закупку бялковай сыравіны — соі і іншага. Таму гэта трэба вырабляць у сябе.
— Без бялковага корму не будзе расці вытворчасць малака, — кажа Генадзій Шатуеў. — Таму мы паступова пашыраем плошчы пад рапс і гарох. У наступным годзе ў СВК «Свіцязянка-2003» пасеем сою. У некаторых раёнах Беларусі (у суседнім Нясвіжскім, напрыклад) у парадку эксперыменту яе высейваюць. Аднак гэта паўднёвая культура, якая прывыкла да больш кароткага светлавога дня. Але з рахункаў скідаць яе нельга.
Кіраўнік раёна выказаў упэўненасць, што ўсе задачы, пастаўленыя Прэзідэнтам падчас селектарнай нарады па ўборачнай кампаніі, на Карэліччыне будуць выкананы.
Іна ЛЕЙКА