Выяснили, сколько стоит собрать первоклассника в школу в Кореличском районе
Журналісты раённай газеты «Полымя» разам з першакласніцай Дар’яй Бумай і яе мамай Таццянай Вячаславаўнай з г.п. Карэлічы накіроўваюцца ва ўнівермаг, каб сабраць першакласніцу да 1 верасня.
Пакуль мама з дачкой выбіраюць адзенне, гутарым з прадаўцом аддзела «Прамтавары» ўнівермага Жаннай Гацкай. Як высветлілася, выбраць ёсць што, і на школьныя тавары розныя цэны. Спадніца каштуе ад 16 да 20 рублёў, блузка — ад 16 да 40, сукенка — ад 27 да 35, штаны — ад 24 да 37, вадалазка — ад 19 да 35, сарафан — ад 22 да 44, спартыўны касцюм — ад 25 да 65, жакет — ад 24 да 25, жылетка — ад 15 да 21 рубля.
Пацікавіліся і наяўнасцю школьнага адзення для хлопчыкаў. Цэны наступныя: сарочка — 22-38 рублёў, джэмпер — 29-35, спартыўны касцюм — 72-75, штаны — 28-50, піджак — 57-59, касцюм — 72-79 рублёў.
У продажы маецца адзенне для школьнікаў ад 30 да 36 памераў, чорнага і цёмна-сіняга колеру для хлопчыкаў, а для дзяўчынак — клетка, чорны, сіні.
Пастаўшчыкамі адзення для школьнікаў з’яўляюцца беларускія вытворцы: «Світанак», «8 Марта», «Полесье», «Белкредо». Што датычыць апошняга вытворцы, гэта нашы суседзі — Навагрудская швейная фабрыка, дзе шыюць касцюмы для хлопчыкаў.
Надышоў час даведацца, што выбралі першакласніца Дар’я з мамай, і колькі гэта каштуе:
Ранец — 19 рублёў 55 капеек
Спартыўны касцюм — 38 рублёў 50 капеек
Спадніца — 18 рублёў 84 капейкі
Сукенка — 43 рублі 07 капеек
Джэмпер — 24 рублі 83 капейкі
Штаны — 29 рублёў 14 капеек
Блузка — 40 рублёў 50 капеек
Калготкі — 9 рублёў 81 капейка
Кошт на Дар’іна адзенне — 224 рублі 24 капейкі.
Вырашылі таксама пацікавіцца школьнымі прыладамі, якія карыстаюцца найбольшым попытам у пакупнікоў. Самае неабходнае з канцылярскіх тавараў і цэны на іх:
Сшытак — ад 7 да 36 капеек
Ручка — ад 37 да 84 капеек
Аловак — ад 12 капеек да 1 рубля 70 капеек
Лінейка — ад 47 да 69 капеек
Гумка — ад 50 капеек да 1 рубля 98 капеек
Пенал — ад 2 рублёў 99 капеек да 7 рублёў 7 капеек
Вокладка на сшытак — 8 капеек
Вокладка на кнігу — 46 капеек
Фарбы акварэльныя — ад 2 рублёў 11 капеек да 4 рублёў 49 капеек
Пластылін — ад 3 рублёў 96 капеек да 6 рублёў 74 капеек
Набор каляровых алоўкаў — ад 1 рубля 23 капеек да 3 рублёў 70 капеек
Як адзначыла прадавец Жанна Гацкая, яна працуе ў гандлі сорак гадоў, больш трыццаці прадае канцылярскія тавары, а школьную форму — чатыры гады. Пакупнік усё той жа: хоча купіць адзенне сучаснае, якаснае, мадэльнае, недарагое і пажадана беларускіх вытворцаў. Галоўнае, каб яно было ў продажы ў гандлёвай сетцы, тады наведвальнікі магазіна абавязкова зробяць свой выбар, а прадаўцы ім у гэтым дапамогуць.
З першых вуснаў
Першакласніца Дар’я БУМАЙ:
— Я рада, што іду ў школу. У мяне будуць новая сумка і шмат школьных прылад. Буду старацца вучыцца, каб шмат ведаць.
Мама Таццяна БУМАЙ:
— Я ўжо ў другі раз адпраўляю дзіця ў першы клас. Сын Уладзіслаў пойдзе ў 4 клас. Але ўсё роўна хвалююся. У гэтым годзе больш увагі ўдзяляецца школьнаму адзенню. У сярэдняй школе № 1 г.п. Карэлічы ўведзены сіні колер вопраткі. Я падтрымліваю гэтае рашэнне: трэба, каб дзіця прывучалася да парадку, а адзенне дзелавога стылю дысцыплінуе вучня.
Галіна СМАЛЯНКА
Фота Наталлі САКАЛЯНСКАЙ