У КУСП «Чарняхоўскі-Агра» да справы адносяцца з душой
На прадпрыемстве КУСП «Чарняхоўскі-Агра» зараз самая гарачая пара. Кожная хвіліна на рахунку. Салодкі пах спелага збожжа, па-летняму гарачыя дні, напоўненыя грукатам камбайнаў і сельскагаспадарчай тэхнікі, горы залатога збожжа — усё гэта азначае, што ўборка ў поўным разгары.
На 19 жніўня ў прадпрыемстве ўбрана 59% плошчаў зерневых і зернебабовых культур. Усяго нашым земляробам трэба сабраць ураджай з 2320 га плошчаў. Намалоты радуюць, у сярэднім на круг атрымліваем па 54,7 ц збожжа. На ўборцы задзейнічана 9 камбайнаў, 9 аўтамабіляў на адвозцы збожжа, на дапрацоўцы збожжа — 3 зернесушыльныя комплексы (тут работа кіпіць практычна кругласутачна). Для большасці гэтая гарачая пара ўжо далёка не першая. Напрыклад, у камбайнераў Васілія Лагуціка — 35-я, Мікалая Скібы — 17-я, Ігара Бушмы — 23-я, Віталія Загібайлава — 11-я, у вадзіцеляў Сяргея Гімпеля — 40-я, Станіслава Маршчэўскага — 42-я, Васілія Выдрыцкага — 36-я, Івана Ходара — 25-я. Кожны з веданнем справы і майстэрствам адносіцца да даручанага ўчастка работы. Працаўнікі ведаюць дакладна: на колькі якасна пройдзе ўборка, на столькі павялічыцца дабрабыт, бюджэт як прадпрыемства ў цэлым, так і іх асабісты.
Паказальна і тое, што разам з уборачнай на прадпрыемстве ідзе «закладка падмурка» пад новы ўраджай: уборка саломы, лушчэнне, дыскаванне, ворыва, унясенне мінеральных угнаенняў, культывацыя. 13 жніўня прыступілі да сяўбы азімага рапсу. На гэтых відах работ працуюць тыя, хто душой і сэрцам адданы сельскай гаспадарцы і ў прыватнасці нашаму прадпрыемству: Сяргей Пляскач, Мікалай Жук, Ігар Брылевіч, Мікалай Грэмяка, Аляксандр Палуян, Аляксандр Кныш.
Не спыняецца і нарыхтоўка кармоў. На прадпрыемстве ўжо нарыхтавана 12040 т сянажнай масы (86% ад патрэбнасці), 1693 т сена (117%). Добрасумленна працуюць на гэтым участку Аляксандр Гурскі, Аляксандр Калянько, Вадзім Ракач, Віктар Шыманскі, Юрый Тананка.
Спякотней звычайнага ў гэтыя летнія дні і ў сталовай прадпрыемствы. Прыгатаваннем ежы заняты два асноўныя работнікі: загадчыца Алеся Доўжык і повар Вольга Лондар. Яны ведаюць сваю справу на выдатна і гатуюць для сваіх землякоў разнастайнае меню з першых і другіх страў: боршч, капусту, супы, плоў, галубцы, рыбу, катлеты і нават радуюць духмянымі беляшамі з мясам. Смачна, як дома. Работнікі сталовай нават прыносяць з дому часнычок, зеляніну — усё, каб было смачней і па-хатняму.
Ёсць у пастаянных работнікаў сталовай і памочніцы на час палявых работ. Гэта вопытны кадравы работнік Тамара Утлік і Валерыя Ганчар, якая сёлета скончыла Навагрудскі дзяржаўны сельскагаспадарчы прафесійны ліцэй і вырашыла да пачатку сваёй працоўнай дзейнасці падзарабіць і набрацца вопыту ў сваіх калег.
Смачныя і сытныя абеды і вячэры дастаўляюцца на палі і фермы прадпрыемства. Работнікі шчыра дзякуюць паварам. Здавалася б, адно слова «дзякуй», але гэта і ёсць высокая падзяка работнікам сталовай.
Алена МАКАР,
намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце КУСП «Чарняхоўскі-Агра»
Фота аўтара