Карэліччыну наведалі тэхнічныя інспектары працы прафсаюзаў

Чалавек-працаўнік заўжды ў полі зроку прафсаюзаў. Адна з форм работы — правядзенне маніторынгаў. У ходзе іх вывучаюцца пытанні аховы працы работнікаў у арганізацыях і на прадпрыемствах.

Карэліччыну наведалі чатыры рэйдавыя групы тэхнічнай інспекцыі працы Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі. На месцах яны дэталёва вывучалі пытанні аховы працы ў арганізацыях і сельгаспрадпрыемствах раёна. Разам з адказнымі за прафсаюзную работу раёна наведалі аб’екты Карэліцкага філіяла Гродзенскага аблспажыўтаварыства, Карэліцкага РУП ЖКГ, ДРБУ № 158, Карэліцкага РЦКіНТ, КСУП «Царука», «Малюшычы», СВК «Жухавічы» і «Свіцязянка-2003».

На нарадзе, якую вяла старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Лідзія Шэўка, выступілі са справаздачамі кіраўнікі рэйдавых груп — тэхнічныя інспектары працы прафсаюза. У сваіх прамовах яны звярнулі ўвагу на пытанні, якія найчасцей сустракаюцца падчас правядзення рэйдаў: забеспячэнне работнікаў спецадзеннем і мыючымі сродкамі, стан санітарна-бытавых памяшканняў і пакояў прыёму ежы, атэстацыя рабочых месцаў, вядзенне дакументацыі і іншыя.

Са станоўчага боку адзначана работа ў СВК «Свіцязянка-2003» і Карэліцкім раённым Цэнтры культуры і народнай творчасці.

Намеснік старшыні Карэліцкага раённага выканаўчага камітэта Ігар Лазарэвіч выказаў удзячнасць тэхнічным інспектарам працы прафсаюзаў за праведзеную работу, а адказных у калектывах раёна па пытаннях аховы працы работнікаў заклікаў звярнуць увагу на вядзенне дакументацыі і сродкі індывідуальнай абароны.

Галіна СМАЛЯНКА