«Мы с вами из одного теста». Ребята из города-побратима Красногорска отдохнули в детском оздоровительном лагере «Вясёлка»
Сяброўскія адносіны паміж Карэліччынай і Краснагорскам існуюць даўно. Неаднойчы гарады-пабрацімы абменьваліся дэлегацыямі, сустракалася і моладзь. Дзяўчаты і юнакі адпачывалі ў дзіцячых аздараўленчых лагерах сяброўскай краіны. Зараз краснагорцы праводзяць цёплыя жнівеньскія дзянькі ў ДАЛ «Вясёлка».
«Добры дзень, дарагія госці!»
Пад такой назвай ладзілася свята ў дзіцячым аздараўленчым лагеры «Вясёлка». Тут адпачываюць 79 дзяўчынак і хлопчыкаў і 10 краснагорскіх рабят. На летняй эстрадзе пад адкрытым небам яны абменьваліся талентамі, іх твары свяціліся ўсмешкамі.
Завіталі на свята і прадстаўнікі мясцовай улады. Намеснік старшыні Карэліцкага раённага выканаўчага камітэта Яўген Чычкан сказаў, што на гэты раз прывёз у лагер добрае надвор’е, дзяўчынкі і хлопчыкі змогуць пабываць на возеры Свіцязь, наталіцца навакольнымі краявідамі. Яўген Мікалаевіч пажадаў ім добрага адпачынку, цікавых мерапрыемстваў, прыехаць у лагер у наступным годзе.
У сваёй прамове начальнік упраўлення адукацыі Карэліцкага раённага выканаўчага камітэта Ірына Асташэвіч адзначыла, што сяброўства паміж Карэліччынай і Краснагорскам існуе даўно, у тым ліку ў пытанні аздараўлення дзяцей, пажадала адпачываючым масу станоўчых эмоцый. А паколькі брэндам Карэліцкага раёна з’яўляецца лён, уручыла краснагорцам сувеніры з лёну.
«Мы рады быць гасцямі, — гаварылі яны ў адказ. — Нам расказвалі, што ў Беларусі вельмі здорава, і гэта сапраўды так. Спадзяёмся, што ў будучым будзем абменьвацца дэлегацыямі. Галоўнае, каб сябравалі не толькі дзяржавы, але і дзеці».
Краснагорцы ўручылі лагеру «Вясёлка» і атрадам падарункі. Затым кожны з атрадаў прадэманстраваў сваё майстэрства. Выступленні дзяўчынак і хлопчыкаў суправаджаліся апладысментамі. Не магло пакінуць раўнадушным і выступленне краснагорскіх рабят. «Краснагорскі раён: край мары і дабра, гэта агульны наш дом», — гучалі радкі з песні гасцей.
На свята прыехаў настаяцель храма Пакрова Прасвятой Багародзіцы аграгарадка Турэц Андрэй Абрамовіч, які расказаў прысутным пра свята прарока Божага Іллі.
«Мы быццам з аднаго цеста»
Журналіст раённай газеты «Полымя» папрасіла падзяліцца ўражаннямі кіраўнікоў маладзёжнай дэлегацыі з г. Краснагорска Марыю Андрэеўну Рэмпель і Таццяну Гаўрылаўну Палякову.
— Хто сёлета прыехаў у «Вясёлку» з Краснагорска?
— 10 дзяцей і два кіраўнікі групы. Моладзь з ліку лепшых важатых гарадскога лагера «Сказочный» г. Краснагорск, якіх дэлегавалі ў гэтую паездку. Узрост — 14-17 гадоў, 8 дзяўчат і двое юнакоў.
— Чым спадабалася Беларусь і менавіта «Вясёлка»?
— Беларусь — гэта добразычлівыя і гасцінныя людзі. Прырода шыкоўная, чыстае паветра, спіцца добра. Лагер «Вясёлка» спадабаўся: тут усё абсталявана і прадумана для адпачынку дзяцей. Футбольнае і валейбольнае палі, добрыя альтанкі, архітэктура корпусаў.
— Дзе пабывалі і што асабліва захапіла?
— На ААТ «Карэлічы-Лён», у Мірскім замку, на ферме «Малюшычы» і ў іншых мясцінах. Асаблівае ўражанне атрымалі ў Малюшычах, бо ўбачыць наяве жывёлу было сюрпрызам. У захапленні засталіся і ад наведвання прыватнага музея ў Міры, экскурсію праводзілі вучні мясцовай школы.
— Што асабліва прываблівае ў беларусах?
— Гасціннасць і добразычлівасць. Наша адзінства, і, відавочна, што мы, рускія і беларусы, з аднаго цеста.
— Што змаглі прадэманстраваць?
— Мы ўдзельнічалі ў конкурсах: «Міс лагера», «Спяваем разам», на свяце выступілі з візітнай карткай аб Краснагорску.
— Якія стравы асабліва падабаюцца ў сталовай лагера?
— Прыгатаваныя з натуральных прадуктаў, яны нагадваюць смак дзяцінства. Катлета як ад бабулі і пах ягаднага кампоту.
Марына УРБАНОВІЧ,
дырэктар лагера «Вясёлка»:
— На трэцяй змене адпачываюць 79 юных карэліччан і 10 прадстаўнікоў маладзёжнай дэлегацыі з г. Краснагорска. Акрамя таго, на тэрыторыі стацыянарнага лагера размяшчаліся чатыры неперасовачныя палатачныя лагеры: ДАЛ «Следопыт» ДУА «Сярэдняя школа № 1 г.п. Карэлічы», ДАЛ «Звёздный» ДУА «Сярэдняя школа № 2 г.п. Карэлічы», ДАЛ «Туристы» ДУА «Лукская сярэдняя школа» і ДАЛ «Олимпиец» ДУ «Дзіцячая юнацкая спартыўная школа Карэліцкага раёна». На рахунку адпачываючых — шмат цікавых спраў і мерапрыемстваў: эстафеты, экскурсіі, конкурсы, сустрэчы. Рабяты забралі з сабою добрыя ўспаміны і станоўчыя эмоцыі.
Слова — маладзёжнай дэлегацыі з г. Краснагорска
Паліна СЦЯПАНАВА:
— Вельмі спадабалася, што на пашы шмат жывёлы. У Расіі таксама ёсць, але не ў такіх маштабах. 3 вокнаў аўтобуса бачылі кароў і коней, таксама буслоў. Гэта натхняе: я мастак, і для мяне вельмі важна бачыць прыгожае. Спачатку здавалася, што мы ў Расіі, а цяпер пакрыху ўкараняемся ў культуру суседзяў. Адчуваеш сябе як дома: народ у Беларусі гасцінны.
Арына КАРАБЛІНА:
— У Беларусі цудоўная прырода і добразычлівыя людзі. Вакол шмат зеляніны, прыгожыя кветкі, прывабныя палі. Мы наведалі шмат новых цікавых мясцін. Хочацца вярнуцца сюды яшчэ раз.
Аляксандр ЛАПЦІЕЎ:
— Хочацца выказаць падзяку адміністрацыі Карэліцкага раёна і лагера «Вясёлка» за цікавы і актыўны адпачынак. Кожны дзень былі займальныя мерапрыемствы, у якіх з радасцю прымалі ўдзел. Асабліва запомнілася шоу «Міс лагера». Незабыўныя ўражанні засталіся пасля паездак у Мірскі замак і Лаўрышаўскі манастыр. Нам вельмі сумна будзе з’яжджаць: «Вясёлка»стала нашым другім домам.
Запісала Галіна СМАЛЯНКА
Фота Іны ЛЕЙКІ