На планерке у председателя: увеличение темпов уборочной, помощь многодетным семьям к 1 сентября

Карэліччына па тэмпах уборкі займае сёмую пазіцыю ў Гродзенскай вобласці. Старшыня райвыканкама Генадзій Шатуеў запатрабаваў на аператыўнай нарадзе ад аграрыяў павялічыць тэмпы, убіраць штодзень не менш як 6 працэнтаў плошчаў, занятых ураджаем.

— Недагрузкі падчас уборачнай вядуць да яе зацягвання, і як следства, да страты ўраджаю. А таму важна не расслабляцца. І тут не можа быць ніякіх адгаворак і апраўданняў, у прыватнасці, адносна надвор’я. Тым больш што няма зацяжных дажджоў. Не за гарамі ўборка кукурузы і цукровых буракоў, — падкрэсліў кіраўнік раёна.

На сёння ў раёне ўбрана 37 працэнтаў плошчаў збожжавых і зернебабовых культур. За дзень абмалочваецца 450-500 гектараў, ці 3%. Аднак з улікам наяўных магутнасцей карэліцкія аграрыі могуць убіраць па 900 га хлеба. Паводле слоў першага намесніка начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Аляксандра Манько, да канца тыдня будзе завершана ўборка яравога ячменю і азімага рапсу, тады тэмпы на жніве збожжавых і зернебабовых культур вырастуць удвая.

Таксама Генадзій Шатуеў даручыў больш актыўна ўносіць гліфасатзмяшчальныя гербіцыды на палі, вызваленыя ад лёну, дзе назіраецца празмерны рост пустазелля. Паводле слоў Аляксандра Манько, штодзень апрацоўваецца 70 га глебы, апрацавана 1461 га.

Пацікавіўся кіраўнік раёна і ступенню гатоўнасці ўстаноў адукацыі да новага навучальнага года. Намеснік старшыні райвыканкама Яўген Чычкан паведаміў, што прыёмка школ і дзіцячых садоў адбудзецца 11 і 12 жніўня, а 15 чысла будуць падведзены вынікі. З 1 жніўня шматдзетныя сем’і, у якіх выхоўваюцца трое і больш дзяцей, пачалі атрымліваць аднаразовую матэрыяльную дапамогу для падрыхтоўкі да навучальнага года. На кожнае дзіця-школьніка належыць 30 працэнтаў бюджэту пражытачнага мінімуму. Дапамога шматдзетным бацькам прадастаўляецца незалежна ад даходу сям’і. Сума выплаты на кожнага школьніка складае 98 рублёў 55 капеек. У раёне такую дапамогу атрымае 471 дзіця з 222 сем’яў. Бацькам, якія выхоўваюць дзяцей школьнага ўзросту, дапамога можа быць аказана і па месцы працы ў адпаведнасці з калектыўнымі дагаворамі, іншымі лакальнымі актамі. На Карэліччыне такая дапамога ўжо аказана ў суме 11,8 тыс. рублёў.

Таксама сем’і, якія маюць патрэбу ў падтрымцы, атрымаюць канцылярскія тавары, школьныя прылады, адзенне, абутак, якія сабралі падчас правядзення дабрачынных акцый, арганізаваных цэнтрам сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва і грамадскімі аб’яднаннямі. Так, нядаўна стартавала традыцыйная акцыя “У школу з “Добрым Сэрцам” Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі. Паўдзельнічаць у ёй можа любы ахвочы. У пункце дабра, размешчаным у гандлёвым цэнтры, можна пакінуць сшыткі, ручкі, фламастары, алоўкі і іншую канцылярыю. Напярэдадні Дня ведаў валанцёры перададуць рэчы сем’ям, якія маюць у гэтым патрэбу, над якімі шэфствуюць атрады руху «Добрае Сэрца». Таксама на днях дабрачынную кампанію «Збяром дзяцей у школу!» запусціў Беларускі Чырвоны Крыж. Валанцёры прымаюць ад неабыякавых жыхароў прадметы, якія спатрэбяцца рабятам падчас навучальнага года.

Іна ЛЕЙКА