Старшыня Цэнтральнага камітэта Беларускага прафесійнага саюза работнікаў культуры, інфармацыі, спорту і турызму Таццяна Філімонава ўручыла лепшым аграрыям Карэліччыны Падзякі і падарункі

Жніво ў самым разгары. Прафсаюзы імкнуцца падтрымаць хлебаробаў добрым словам і ўшанаваць лідараў. Старшыня Цэнтральнага камітэта Беларускага прафесійнага саюза работнікаў культуры, інфармацыі, спорту і турызму Таццяна Філімонава наведала Карэліччыну і ўручыла перадавікам сельскагаспадарчай вытворчасці Падзякі і падарункі.

Прафсаюзны лідар завітала ў СВК «Свіцязянка-2003» і КСУП «Лукі-Агра». У першай гаспадарцы ў ліку ўзнагароджаных — вадзіцелі Аляксандр Лазарчык, Сяргей Занько, Станіслаў Санцэвіч, Мікалай Суднік. Госця выказала ім словы ўдзячнасці за старанную працу і запэўніла, што ў далейшым будуць ушаноўваць хлебаробаў і расказваць аб іх у друку.

Дапаўняе гэты «залаты» спіс і загадчык гандлёвага аб’екта грамадскага харчавання Алена Сак. У сталовай працуюць яшчэ 7 работнікаў: 3 повары і 4 раздатчыцы. У дзень нашага візіту, 11 жніўня, на абед у удзельнікаў жніва былі гарохавы суп, пюрэ з рыбай і салёнымі агуркамі, гарбата. Тут ствараюць разнастайнае меню. Сярод першых страў — боршч, расольнік, капуста, розныя супы, халаднік, сярод другіх — катлеты, адбіўныя, рулет, запяканка, суфле, каўбаскі, бефстроганаў, гуляш, на трэцяе — кампоты і гарбата. У дзень наведвання рыхтавалі абеды на 110 чалавек, падвячорак — на 50. Харчуюцца хлебаробы ў сталовай, на мехмайстэрні і палявых станах. «Мая праца звычайная, але патрэбная. Яе заўважылі і адзначылі, і гэта вельмі радуе», — сказала Алена Сак.

У КСУП «Лукі-Агра» таксама шмат старанных хлебаробаў. «Працую на КЗС з 2004 года, агульны працоўны стаж складае 4 дзясяткі. Сам родам з гэтых мясцін. Бацька Забенька Канстанцін Аляксандравіч працаваў трактарыстам і быў узнагароджаны ордэнамі Леніна і Працоўнага Чырвонага Сцяга. Я таксама працую сумленна», — гаворыць аператар зернесушыльнага комплексу Мікалай Забенька.

У бухгалтэрыі гаспадаркі сустракаемся з Таццянай Тананка. «У час жніва ўзнагароджваем не толькі камбайнераў. У ланцужку важныя ўсе звенні: і повар, які прыгатуе абед, і бухгалтар, які налічыць заробак. Кожная прафесія важная», — адзначыла прафсаюзны лідар і пажадала жаночаму калектыву бухгалтэрыі здароўя, шчасця, дабрабыту.

Пра сябе Таццяна Тананка расказала: «Сама з горада Асіповічы. Па размеркаванні пасля заканчэння Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі прыехала ў гаспадарку, і вось ужо 12 гадоў жыву і працую тут. Выйшла замуж, у сям’і выхоўваюцца дзве дачкі». Дарэчы, сярод узнагароджаных у гэты дзень — яе муж, галоўны аграном КСУП «Лукі-Агра» Павел Тананка.

Трактарыст-машыніст Андрэй Галушка працуе на скірдаванні саломы. «Я мясцовы, з вёскі Асташын, — сказаў хлебароб. — Бацька таксама працуе на пагрузчыку. Зямлю трэба любіць і сумленна выконваць сваю работу».

Са старшынёй прафкама гаспадаркі Юліяй Граб накіроўваемся ў поле. «Работнікі ў нас працавітыя. Нялёгкая праца на зямлі, але яны стараюцца», — адзначае яна і называе іх вельмі сціплымі: працаваць любяць, але не хваляцца поспехамі. Такі трактарыст машыніст Аляксандр Каляшчук.

У полі, каля вёскі Далматаўшчына, давялося сустрэцца з трактарыстам-машыністам Аляксандрам Беляком .»Работы хапае, убіраем зялёную масу з мая да кастрычніка. Горад не для мяне, тут навокал прыгожыя краявіды і свежае паветра», — паведаў Аляксандр.

«У нас умеюць працаваць. Чыстыя і дагледжаныя палі. Руплівыя хлебаробы і сапраўдныя гаспадары на роднай зямлі, якія змагаюцца за кожнае зярнятка, бо разумеюць, што будзе хлеб на стале — будзе мір на зямлі», — рэзюмавала Таццяна Філімонава.

 

Галіна СМАЛЯНКА
Фота Ірыны ПЯНЬКОЎСКАЙ