Карэліцкая раённая бібліятэка ў гонар 220-годдзя Ігната Дамейкі зладзіла вечар-партрэт “Светач сусветнай цывілізацыі”
Карэліцкая раённая бібліятэка заўжды аб’ядноўвае тых, хто любіць родны край, шануе сваіх продкаў, успамінае вядомых землякоў.
Сталыя людзі, а гэта ветэраны працы і наведвальнікі дзённага аддзялення грамадзян пажылога ўзросту ДУ “Цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Карэліцкага раёна”, — захавальнікі мясцовых звычаяў і традыцый. Яны з задавальненнем перадаюць свой вопыт, расказваюць, як адзначаліся рэлігійныя святы, спяваюць абрадавыя песні, актыўна прымаюць удзел у шматлікіх бібліятэчных мерапрыемствах.
Вось і на вечар-партрэт “Светач сусветнай цывілізацыі”, які прысвячаўся 220-годдзю з дня нараджэння знакамітага юбіляра Ігната Дамейкі, прыйшлі амаль усе. Спачатку пра сусветна вядомага земляка з вёскі Мядзвядка Мірскага сельсавета, нацыянальнага героя Чылі, расказала бібліятэкар Валянціна Кошур.
Затым слова ўзяла мясцовы краязнаўца, член Гродзенскага абласнога аддзялення ГА «Саюз пісьменнікаў Беларусі» Святлана Кошур, якая больш падрабязна дапоўніла расказ пра яго як пра вучонага-даследчыка, геолага, рэктара Чылійскага ўніверсітэта. Святлана Кошур неаднаразова пісала пра яго ў сваіх кнігах “Вяртанне на Радзіму», “Зямля Карэліцкая і яе славутыя людзі”, на старонках газет “Культура”, “Гродзенская праўда”, раённай газеты “Полымя”.
Напрыканцы сустрэчы з вялікім задавальненнем паглядзелі ўрывак з відэафільма “Обратный отсчет. Игнат Домейко. Герой Чили из-под Новогрудка” і пазнаёміліся з матэрыяламі кніжнай выставы “Апостал навукі”.
Наталля КАЗАРЭЗ,
метадыст ДУК «Карэліцкая раённая бібліятэка»
Фота Ліліі АРЦЮХ