Успаміны былога дырэктара Цырынскай СШ Пятра Сачыўкі аб знаходжанні ў лагеры смерці пад Азарычамі

Лагер  смерці пад Азарычамі быў створаны па загаду камандуючага 9-ай нямецкай арміі Хорпе, які загадаў размясціць паблізу пярэдняга краю абароны тры канцлагеры, у якія пад выглядам эвакуацыі было сагнана каля 50 тысяч непрацаздольных савецкіх грамадзян. Сюды ж былі звезены з усіх бальніц хворыя на тыф з тым, каб гэтая хвароба распаўсюдзілася на ўсіх тых, хто трапляў у лагер, а потым перанеслася на воінаў 65-ай арміі, якая наступала на гэтым участку фронта. Так што ў гады Вялікай Айчыннай вайны фашысты выпрабавалі бактэрыялагічную зброю на дзецях, жанчынах, бездапаможных старых. Фашысты размясцілі канцлагеры на балоце, на якім дзе-нідзе раслі невялікія дрэўцы. Умовы былі жудаснымі: снег, мароз, балотная гразь, холад, голад, хваробы, калючы дрот, па вуглах – вартавыя вышкі з кулямётамі, за калючым дротам – міны, забаронена паліць вогнішчы.

Да лагернай дарогі наша сям’я шмат пабадзялася па навакольных вёсках, бо з роднай вёскі мы былі выселены і нас пераганялі з адной мясцовасці ў іншую. За час гэтых бадзянняў сям’я панесла страты. Была забіта мая маці. Забіта фашыстам за тое, што ішла ў суседнюю вёску, каб здабыць якіх-небудзь харчоў. Старэйшую сястру паранілі. Жыццё было вельмі цяжкім без дастатковай ежы, у вандроўніцтве па хатах, дзе спалі не распранаючыся шмат дзён прама на падлозе.

На гэты раз нас пагналі на чыгуначную станцыю, дзе загадалі садзіцца ў вагоны. Заганялі ў такой колькасці, каб мы маглі там толькі стаяць. Праз паўдня стаяння ў вагонах адчулі, што цягнік крануўся і мы паехалі ў жудаснае невядомае. Нарэшце, позна ноччу цягнік спыніўся на невядомай станцыі, дзверы вагонаў адкрыліся, нам загадалі выходзіць і рухацца па дарозе. Тых, хто не мог ісці, расстрэльвалі на месцы. Так, застрэлілі маці майго сябра за тое, што яна не хацела пакінуць сваю 18-гадовую дачку, якая захварэла на тыф і не магла ісці. Застрэлілі разам з дачкой, і мой сябар адразу страціў маці і сястру, бацька ж яго загінуў крыху раней. Вось так гінулі цэлыя сем’і.

Калона абяздоленых людзей рухалася вельмі павольна. Была адліга, мы ішлі па глыбокай гразі, ледзь выцягваючы з яе ногі. Збочыць з дарогі было нельга. І не толькі таму, што гэта пагражала смерцю, але і таму, што паабапал дарогі была багна. Такой дарогай амаль усю ноч цягнуліся да наступнага лагера. Па дарозе фашыст адабраў у мяне торбу, у якой ляжалі ежа і запасная бялізна, і кінуў яе пад ногі ў гразь. Так мяне пазбавілі апошняга.

Лагер размясціўся на адкрытай мясцовасці. Гэта было проста поле, агароджанае калючым дротам. Ніводнай пабудовы. Тут мы правялі першую ноч, лежачы на сырой зямлі. З усходам сонца загадалі пакінуць лагер і рухацца далей. Мы не маглі рухацца разам з усімі, бо сястра зусім знясілела. І тады зноў сталі сведкамі таго, як расстрэльвалі тых, хто не мог ісці. Праз некаторы час на тэрыторыі лагера жывых людзей не засталося, ляжалі толькі целы забітых. Мы з бацькам усімі сіламі вялі ўперад сястру, бо інакш яна была б забіта. Гэта дарога  смерці. Хворыя павінны былі загінуць, другога выйсця не было. На гэтай дарозе дзеці пакідалі сваіх знясіленых бацькоў, бацькі пакідалі дзяцей. Або гінулі разам.

Цэнтральны лагер размяшчаўся на балоцістай нізіне. У ім на сырой зямлі дзень і ноч без ежы і цяпла ляжалі людзі. У сырой вопратцы, з мокрымі нагамі, галодныя і халодныя. І так дні і ночы. Без усякай надзеі на лепшае.

Толькі аднойчы фашысты прывезлі ў лагер цвілы хлеб. Яго проста пачалі кідаць у натоўп, бо каля машыны, што прывезла, адразу ж сабраліся дзеці, жанчыны, старыя. Зразумела, што хлеб дастаўся не ўсім, большасць так і засталася галоднай. Дзеці 5-9 гадоў адзінока хадзілі па тэрыторыі канцлагера, шукаючы ежу, клікалі маці, якія ўжо ляжалі нерухомыя. Паміралі і дзеці ад голаду, холаду і хвароб. Паміралі дзеці – сірацелі маці, паміралі маці – сірацелі дзеці. Рэдка якая сям’я выйшла з лагера ў поўным складзе. Я памятаю, як плакала жанчына, у якой памёр ад холаду чатырохгадовы сын, і прыгаворвала, што яна скажа свайму мужу, які, ідучы ў партызаны, прасіў яе берагчы дзіця.

Самая страшная ноч, на працягу якой загінулі тысячы людзей, была з 15 на 16 сакавіка. Разгулялася моцная завіруха з вялікім марозам. Знясіленыя ад холаду, хвароб, людзі засыналі вечным сном пад снежнымі сумётамі. Усё поле было пакрыта бугаркамі, дзе пад снегам ляжалі нябожчыкі.

Нас вызваліла наступаючая Савецкая армія. Я памятаю, як мы пакідалі пракляты лагер, ступаючы след у след, бо вакол былі закладзены міны. Групы знясіленых, змардаваных вязняў пацягнуліся да чыгункі. Было бездарожжа. Па ім днём і ноччу ішлі тыя, хто не сканаў у лагеры. Дарослыя на руках неслі падобных на шкілеты дзяцей. Яны яшчэ дыхалі, гэтыя косці, абцянутыя скурай. У большасці абмарожаныя ногі пачарнелі. Вісела лахманамі брудная, смуродная вопратка: вошы, кароста, тыф, запаленне лёгкіх. Абутку амаль няма, а на дарогах непралазная гразь. Людзі паміралі і потым, бо лагер высмактаў з іх усе сілы, і на жыццё ўжо іх не хапала. Мёртвых не было каму пахаваць, і яны ляжалі каля будынкаў, дзе жылі тыя, хто выйшаў з лагера. Іх пахавалі потым.

Час гоіць раны. Ад перажытага застаюцца ўспаміны ды боль ад хваробы, пачатак якой ляжыць ад таго бугарка на сырой зямлі, на якім я ляжаў шмат дзён, галодны і халодны. Думаю, што перажытае наклала адбітак на далейшы жыццёвы шлях, бо вельмі ўжо вялікія пакуты выпалі на долю тых, хто бязвінна і так жорстка пацярпеў ад фашысцкай навалы. І хацелася б, каб новае пакаленне людзей, якое расло і выхоўвалася ў нармальных сем’ях у мірны час, з павагай адносіліся не толькі да тых, хто адстаяў свабоду свайму народу, але і тых, хто стаў нявіннай ахвярай нямецкіх катаў.

Крысціна КАНДРАТОВІЧ,

вучаніца ДУА “Цырынскі ВПК дзіцячы сад-сярэдняя школа”