Сельхозпредприятия Кореличского района завершают уборку картофеля
Беларусаў здаўна называюць бульбашамі. Мы ведаем мноства страў з гэтага караняплода, наша краіна ўваходзіць у дзясятку лідараў па вырошчванні бульбы ў свеце, а ў пераліку на душу насельніцтва займае першае месца ў свеце. Усе прыродныя ўмовы краіны (глеба і надвор’е) спрыяюць вырошчванню гэтай гародніны. Аднак рост кожнай культурнай расліны заўжды залежаў не толькі ад надвор’я, але і ад руплівых людзей, якія ўкладваюць шмат сіл у тое, каб на нашым стале заўжды быў “хлеб і да хлеба”.
У Карэліцкім раёне бульбу вырошчваюць у трох дзяржаўных прадпрыемствах: ДП “Царука”, “Лукі-Агра” і СВК “Жухавічы”. Акрамя таго, займаюцца вырошчваннем другога хлеба і фермерскія гаспадаркі, палі якіх размешчаны на тэрыторыі нашага раёна. Лідарам па тэмпах уборкі бульбы з’яўляецца ДП “Лукі-Агра”, дзе выкапалі 41 га з 70 пасаджаных і атрымалі больш за 1147 тон. Ураджайнасць складае 283 ц/га. Галоўны аграном прадпрыемства Павел Тананка кажа, што гаспадарка плануе выйсці на 300 ц/га.
У Луках бульбу вырошчваюць для харчовых мэтаў. Яе пастаўляюць у Карэліцкую ЦРБ, Лукскую бальніцу сястрынскага догляду і Жухавіцкі дом-інтэрнат для састарэлых і інвалідаў. У мінулым годзе лукскія аграрыі накапалі 2300 тон бульбы пры ўраджайнасці 290 ц/га. Караняплоды пастаўлялі ў Расію. Павел Мікалаевіч кажа, што калі расіяне зацікавяцца бульбай у гэтым годзе — гаспадарка гатова аднавіць пастаўкі. Сёлета ўраджай збіраюць двума камбайнамі, на якіх працуюць механізатары Сяргей Міхей і Мікалай Гоцка. Мікалай працуе на ўборцы бульбы першы год, кажа, што тут яму падабаецца, і ў наступным годзе ён плануе вярнуцца на бульбу. Таксама ў гаспадарцы ёсць пункт сарціроўкі, дзе працуюць тры аператары, яшчэ шэсць чалавек перабіраюць бульбу.
На пытанне, як атрымаць высокую ўраджайнасць, Павел Мікалаевіч адказвае:
— Сакрэт просты — патрэбна ведаць і любіць сваю справу. Мы зрабілі ўсё па тэхналогіі і атрымалі максімальную аддачу.
Сяргей СТОЛЯР
Фота аўтара