Члены ІПГ № 5 Карэліцкага райвыканкама сустрэліся з жыхарамі вёскі Лядкі Ярэміцкага сельсавета

Месцам сустрэчы ў вёсцы Лядкі Ярэміцкага сельсавета з членамі інфармацыйна-прапагандысцкай групы райвыканкама стаў прыпынак аўтамагазіна. Дарэчы, у дзень нашага візіту ў населены пункт работнікі гандлю таксама завіталі сюды, і вяскоўцы ахвотна куплялі тавары, якія былі ў продажы ў вялікім асартыменце.

Кіраўнік ІПГ, намеснік старшыні Карэліцкага раённага выканаўчага камітэта Яўген Чычкан выступіў па тэме адзінага дня інфармавання насельніцтва «Гісторыя беларускай дзяржаўнасці — аснова грамадзянска-патрыятычнага выхавання». «Вы з’яўляецеся патрыётамі, усё жыццё аддалі гэтым мясцінам», — адзначыў прадстаўнік мясцовай улады і павіншаваў вяскоўцаў з надыходзячым Днём народнага адзінства.

Яўген Мікалаевіч звярнуўся яшчэ да двух актуальных пытанняў. Па-першае, заклікаў быць пільнымі і ўважлівымі пры надыходзе ацяпляльнага сезона, захоўваць правілы тэхнікі бяспекі, асабліва пры навядзенні парадку на прысядзібных участках. Па-другое, праяўляць прадбачлівасць і ні ў якім разе не верыць незнаёмым па тэлефоне, якія стараюцца падманным шляхам заўладаць чужымі грашыма.
Начальнік аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі Карэліцкага раённага аддзела ўнутраных спраў Віктар Зінчанка звярнуў увагу прысутных на «візіты» ў сельскія населеныя пункты прадстаўнікоў цыганскай нацыянальнасці. Заклікаў не давяраць ім і не пускаць у дамы, а пры з’яўленні незнаёмых у вёсцы тэлефанаваць у міліцыю.

Тэму забеспячэння палівам у сувязі з надыходам ацяпляльнага сезона ўзняў старшыня Ярэміцкага сельвыканкама Пётр Наўмовіч і прапанаваў па гэтым пытанні звяртацца ў мясцовы сельсавет.

Жыхароў вёскі Лядкі хвалюе пытанне асвальтавага пакрыцця населеннага пункта. Дадзенае пытанне ўзята на кантроль.

Галіна СМАЛЯНКА
Фота Аляксандра КАСЦЮКЕВІЧА