Карэліччане любяць і выпісваюць раённую газету «Полымя»

23 верасня, у пятніцу, праведзены Дзень падпісчыка ў будынку Карэліцкага раённага вузла паштовай сувязі. Карэліччане ахвотна выпісвалі раённую газету «Полымя» і ў выніку атрымлівалі сувеніры ад любімага выдання.

Падпісчыкі прызнаваліся ў любові і адданасці газеце. Інжынер аддзела збыту Карэліцкага раёна электрычных сетак Максім Пыпараў адзначае, што раёнку выпісвае пастаянна, яго цікавяць артыкулы пра людзей Карэліччыны і рэкламныя звесткі. Андрэй Януш, яго калега з гэтай жа арганізацыі, прызнаецца: «Люблю газету за беларускую мову, бо кожны павінен яе ведаць і размаўляць на ёй».

Па словах здымшчыцы доўгага валакна ААТ «Карэлічы-Лён» Марыны Ждан, «Полымя» ў іх доме — жаданы госць. Яе з нецярпеннем чакаюць і ў дзень выхаду спяшаюцца да паштовай скрыні. «Полымя» — любімая газета», — гаворыць падпісчыца і дадае, што ў мясцовым выданні яна знаходзіць шмат розных навін, і гэта радуе.

Наступны Дзень падпісчыка адбудзецца 30 верасня па тым жа адрасе. Чакаем тых, хто яшчэ не паспеў падпісацца на раённую газету «Полымя». Давайце застанемся сябрамі, і ў гэтым нам будзе дапамагаць раёнка. У ёй прачытаеце шмат карыснага і цікавага.

Галіна СМАЛЯНКА
Фота Кацярыны КУКАНАВАЙ