Жительнице деревни Литаровщина Кореличского района Пелагее Янковской удалось выжить в Колдычевском лагере смерти

Год гістарычнай памяці стаў магутным штуршком для абуджэння ў сэрцах кожнага з нас патрыятычных пачуццяў, нацыянальнай годнасці, для асэнсавання ролі савецкага народа (а, значыць, і беларускага) у перамозе над нямецка-фашысцкімі захопнікамі. Уваскрашэнне гістарычнай памяці з’яўляецца найкаштоўнейшай магчымасцю замацаваць у свядомасці сённяшняга і заўтрашняга пакаленняў веданне рэальнай праўды аб трагічных падзеях, якія адбываліся на тэрыторыі роднай Беларусі, разумення ролі ўсенароднага адзінства ў часы суровых выпрабаванняў і таго, якой цаной заплацілі нашы дзяды і бацькі за незалежнасць і свабоду Радзімы.

 Мудрыя словы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі, што гістарычная памяць — гэта дарога ў будучыню, гучаць сёння як своеасаблівы наказ маладым, таму што выкрэсліванне з сэрца трагічных старонак біяграфіі Айчыны з’яўляецца ганебнай здрадай, капітуляцыяй перад ворагам, які марыць аб разбурэнні яе сённяшняга росквіту і шчасця. Як ніколі нам патрэбна яднанне, каб не даць аніякай магчымасці сучасным заходнім палітыкам недружалюбных краін звярнуць нашу моладзь з правільнай дарогі; не дапусціць перакройвання гісторыі; закласці ў свядомасці маладога пакалення моцны фундамент патрыятызму, любові і адданасці Бацькаўшчыне, гатоўнасць абараняць яе незалежнасць, як гэта было завешчана продкамі.

Мы не маем права забываць пра тых, каму абавязаны сённяшняму мірнаму жыццю. Як эстафету перадаваць з пакалення ў пакаленне памяць аб мужнасці савецкіх салдат у гады Вялікай Айчыннай вайны, партызан, працаўнікоў тылу, вязняў канцлагераў, салдацкіх удоваў, стаўшых сімвалам жаночай вернасці, мацярынскасці, працавітасці, чалавечай годнасці. Памятаць аб нявінных ахвярах, расстраляных, зажыва спаленых, закатаваных у варожых засценках. Не забыць нікога і нічога…

Апошнім часам успаміны ўсё часцей вяртаюць у далёкі 1969 год, у в. Літараўшчына былога Варанчанскага сельскага Савета, у прасторны дом, акружаны садам, дзе кватаравалі мы з мужам, працуючы — ён галоўным ветурачом саўгаса «Варонча», я — настаўніцай Варанчанскай СШ. Гаспадар дома, як аказалася потым, трагічна загінуў у аўтакатастрофе. Гаспадыні — Пелагея Навумаўна і Зінаіда Сямёнаўна і яе трое дзетак: дачка Таіса, сыны Генадзій і Дзмітрый сталі для нас па-сапраўднаму роднымі людзьмі. Сціплыя, надзвычай працавітыя, памяркоўныя, спагадлівыя, бесканфліктныя, яны служылі ўзорам сардэчных узаемаадносін паміж свякроўю і нявесткай. Яны ўмелі згладжваць вострыя вуглы, цяплом і шчырасцю сваёй душы сагравалі людзей, і, хоць перажыта было многае, не ачарсцвелі іх сэрцы…

У 1924 годзе з далёкай Сібіры прывёз Канстанцін Васільевіч Янкоўскі ў родную вёску Літараўшчына маладую жонку, прыгажуню Пелагею. Яна адразу ж прыжылася на беларускай зямлі, палюбілася вяскоўцам. Працавітая, жвавая, добразычлівая. Жылі дружна, гадавалі сыночка Міцю. Шчасце абарвала вайна… Бацька з сынам пайшлі ў партызаны, ваявалі ў атрадзе імя Я. Коласа Першамайскай брыгады, якая дзейнічала на тэрыторыі былой Баранавіцкай вобласці. Хтосьці далажыў карнікам аб гэтым, Пелагею арыштавалі, прывезлі ў Гарадзішчанскі фашысцкі засценак на допыт. «Дзе муж? Дзе твой Канстанцін?» — гучала адно пытанне. «Не ведаю», — цвярдзіла ў адказ жанчына. І тады пачалі катаваць. Білі гумавымі дубінкамі па пятах, залівалі ваду ў нос, заганялі іголкі пад пазногці, кованымі ботамі мардавалі далікатнае жаночае цела. Калі губляла прытомнасць, аблівалі халоднай вадой і катавалі зноў. Паўжывую, чорную ад пабояў, прывезлі ў Калдычэўскі канцлагер пад Баранавічамі, дзе зверскі былі замучаны 22 тысячы чалавек. Яна выжыла, думаючы аб адным: толькі б не схапілі Косцю і Міцю, маліла Бога за іх выратаванне. Ёй не выйсці б з лагера смерці жывой, але ж бывае раз у жыцці шчаслівая выпадковасць, калі вяртаюцца з таго свету. Пелагеі Навумаўне ўдалося ўцячы і дабрацца да партызанаў, дзе былі яе муж, сын, якія расказалі, што хату іх спалілі фашысты, замест жылля засталося чорнае папялішча… Колькі бялізны перамылі яе рукі падчас знаходжання ў партызанах, колькі латак налажылі, колькі літраў заціркі зварылі, колькі буханак хлеба спяклі, колькі параненых выхадзілі! Не злічыць! Пасля вызвалення Беларусі ў 1944 годзе ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў сям’я Янкоўскіх вярнулася ў вёску. Канстанцін Васільевіч узначаліў Варанчанскі сельсавет, Дзмітрый Канстанцінавіч пайшоў у армію, праслужыў у Балгарыі да 1945 года. Жыццё наладжвалася, але лёс прадаўжаў выпрабоўваць Пелагею Навумаўну: яе муж, яе дарагі Канстанцін, загінуў ад кулі бандыта, які высачыў яго па дарозе на работу. Як перажыла непамерную страту, перадаць цяжка. Дапамаглі вяскоўцы, акружылі клопатам, падтрымкай, не далі паддацца адчаю. Ахіліў любоўю, вярнуўшыся з арміі, сын. Трэба было жыць, прывыкаць да долі салдацкай удавы. Жаніцьба сына, цудоўная нявестка, нараджэнне трох унукаў трошкі прытупілі душэўны боль. Якой жа сілай, вытрымкай трэба было валодаць, каб пасля неймаверных пакут і перажыванняў застацца чалавекам добрым і шчырым?! Чулым да чужой бяды і непатрабавальным да сябе, выпраменьваючым сціпласць і цеплыню. Які ж характар неабходна мець, каб насіць гора ў сабе, не выстаўляючы яго на паказ у любым выгадным выпадку, не выкарыстоўваць асабістае няшчасце і заслугі дзе папала? Пелагея Навумаўна не ўмела патрабаваць, не дабівалася льготаў, хоць для гэтага былі ўсе падставы. Гаварыла, бывала: «Як гэта я, мілая, пайду да дырэктара саўгаса з просьбамі, у яго спраў па горла, а мой брыкет пачакае…» Аднавяскоўцы не называлі яе інакш, як «залаты чалавек». З адным толькі не магла змірыцца, калі чула ў пасляваенныя часы ад некаторых чыноўнікаў у адрас салдацкіх удоваў, жонак партызан крыўднае: «Дапамагчы не можам, вы ж у вайне не ўдзельнічалі…»

Яе рукі, узараныя ўздоўж і ўпоперак барознамі маршчын і мазалёў ад паўсядзённай працы, умелі ўсё: касіць і жаць, трапаць лён і малаціць, калоць дровы, яны не ведалі стомы і да апошніх дзён знаходзілі работу на калгасным полі і ў дамашняй гаспадарцы, застаючыся пры гэтым ласкавымі, пяшчотнымі рукамі жанчыны. Яе паважалі і цанілі ў саўгасе «Варонча». Зажынкі ў гаспадарцы — Пелагея Навумаўна зажынае першы сноп перад камбайнамі. На свяце ўраджаю — яна ганаровы госць у прэзідыуме, а з трыбуны звернецца да людзей з няхітрымі цёплымі словамі, якія пранікалі ў сэрца кожнага чалавека. У мясцовай школе — часты госць у класе, піянерскі атрад якога насіў імя яе мужа, Канстанціна Янкоўскага. Для любімых унукаў, (яны былі для яе самым дарагім скарбам на свеце, іх песціла, аддавала часцінку свайго сэрца), бабуля стала сімвалам мужнасці, працавітасці, чысцюткага сумлення, стойкасці духу, чалавечнасці, адданасці Радзіме, і гэта ў многім паўплывала на фарміраванне іх характараў, паводзін, поглядаў і адносін да рэчаіснасці.

Мала хто ведаў, што ў апошнія гады жыцця Пелагея Навумаўна пакутавала ад страшэннага болю ў нагах, руках (рэха ваенных і пасляваенных выпрабаванняў), але не здавалася, у чым магла дапамагала нявестцы Зіне па гаспадарцы, дарыла ўсім, як і заўсёды, дабрыню і спагадлівасць, цешылася і ганарылася ўнукамі. А ўнукі не падвялі бабулю, і адтуль, з нябёсаў, яна, напэўна, радуецца, што выканалі запавет, сталі паважанымі людзьмі: унучка Таіса, адмысловы работнік гандлю, пусціла карані ў Маскве, Генадзій Дзмітрыевіч пайшоў на пенсію з пасады дырэктара Мірскага спіртзавода, Дзмітрый Дзмітрыевіч 20 гадоў узначальвае СВК «Жухавічы», узнагароджаны медалём «За працоўныя заслугі», носіць званні «Заслужаны работнік сельскай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь», «Чалавек года Гродзеншчыны».

Цяпер, успамінаючы Пелагею Навумаўну, не перастаю дзякаваць лёсу за колішняе знаёмства з ёю. Аб адным шкадую: што не занатоўвала пры сустрэчы яе ўспаміны, мудрыя меркаванні і парады, каб пакінуць у памяці пакаленняў больш поўныя вобразы тых, хто доўгі час недаравальна заставаўся ў цяні, але каму мы таксама павінны быць абавязаны за сённяшняе мірнае шчасце.

Галіна КАЛТУНОВА

Фота з архіва сям’і Янкоўскіх