Таіса Мухіна: «У лесе каля Райцы пахаваны два невядомыя чырвонаармейцы»
Як кувала зязюля сваё векавое –
Цяжка слёзы было мне стрымаць:
Ці змагу я жыць у спакоі,
Калі хлопцы пад елкай ляжаць…
Аднойчы асенняй раніцай я прачнулася, калі сонца яшчэ толькі пачынала ўзыходзіць. Я падумала, што яшчэ рана, спяшацца няма куды і можна паспаць. Але пачула з кухні бацькаў голас: “Сёння пойдзем з табою ў лес, навучу цябе збіраць грыбы”. Мне было мо гадкоў 7-9, дакладна не памятаю, аднак з лёгкасцю адгукнулася на прапанову. Па лесе доўга не хадзілі, але грыбоў назбіралі розных: лісічак, баравікоў, сыраежак. Назад вярталіся дарогай, якая выводзіць да бальніцы. Я стамілася, таму ішлі павольна. На самым выхадзе з лесу бацька раптам спыніўся і, гледзячы тужлівым позіркам на елку, раптам сказаў: “Ведаеш, а тут ляжаць два салдаты…”.
Мне было дзіўна: ні помніка, ні крыжа, ніякага знаку… Як бы адчуваючы маё нямое запытанне, бацька працягнуў: “Мы пахавалі іх тут, а каб не запамятаць, пасадзілі елку”. Вось і адказ. Якія яшчэ пытанні могуць быць у малое? Так моўчкі і прыйшлі дамоў. Здавалася, гэта бацькава інфармацыя недзе згубілася ў нетрах памяці.
Прайшлі гады… За бездакорную вучобу за 9 клас мяне ўзнагародзілі пуцёўкай у лагер працы і адпачынку. Апынулася я ля Шчучына ў мястэчку Ражанка. Аднойчы вечарам ля вогнішча ладзіўся канцэрт. Усё было проста цудоўна, пакуль не загучала песня ў выкананні адной дзяўчынкі, словы ў ёй вельмі мяне ўзрушылі:
“…Мой отец был три года солдатом,
Но ни дня он не пробыл отцом.
Я дождь люблю, люблю цветы, люблю весну,
И войны я умею ненавидеть!
Но я смотрю все фильмы про войну,
Как будто в них могу отца увидеть.”
І тут нібы бліскавіца апаліла мяне: мне ўзгадалася бацькава паведамленне пра загінулых чырвонаармейцаў і выклікала такое ўзрушэнне душы, што я не магла стрымаць слёз. Усе абкружылі мяне і давай супакойваць. Чамусьці ім думалася, што ў мяне няма бацькі. Я ж толькі адмоўна ківала галавой, бо не магла вымавіць ні слова. Хацелася пабыць адной і ад душы выплакацца. Я разважала так: аўтар гэтых слоў не інакш, як сын ці дачка аднаго з салдат, пахаваных пад елкай. Іх родныя не могуць ведаць пра гэта, бо ніхто не ведае, а я ведаю і раскажу ім. І такое прасвятленне настала і ў сэрцы, і ў душы ад такога рашэння. Сёння мне думаецца, што гэта проста была самота па бацькоўскім доме, бо ніколі нікуды і не ездзіла. А тужлівая песня толькі паспрыяла ўражлівай душы і выклікала такі паток слёз.
Прайшло некалькі дзясяткаў год… Мінулай восенню разам з малодшым з усіх братоў (старэйшым за мяне на 6 год) вярталіся з грыбоў. Сцежка вяла да бальніцы. Лес пастарэў, зарос, дарога ледзь абазначалася сярод кустоўя. І тут мне ізноў на памяць прыйшло: “тут пахаваны два салдаты”. Сваю дасведчанасць я выказала брату. Аказваецца, ен таксама ведаў пра гэта і ведаў значна больш за мяне. Вядома, ён старэйшы, ды пры тым хлопчык, яму запомнілася больш з бацькавага паведамлення. А было ўсё так (некаторыя фрагменты аповеду забыліся з-за вялікага адрэзка часу). На пачатку вайны, калі нямецкая армія імкліва ішла ў наступленне, байцы Чырвонай Арміі абараняліся да апошняга, каб замарудзіць іх наступ. Без стратаў не абышлося. Хто знайшоў загінулых двух чырвонаармейцаў на ўскрайку лесу і паведаміў у вёску, невядома. Але трое сталых райцаўскіх мужчын, якія жылі недалёка адзін ад аднаго, вырашылі паціху схадзіць у лес і, як належыць, пахаваць вайскоўцаў. Так і зрабілі. Хведар Бурышын, Юзік Шпічок і Коля Чычук (гэта не прозвішчы, а вясковыя мянушкі) пабралі рыдлёўкі і накіраваліся ў бок лесу. Там, на ўскрайку, воддаль дарогі, і выкапалі яму. У аднаго з хлопцаў знайшлі медальён, а вось ці прачыталі, каму ён належыць, невядома, бо былі малаграматнымі. Дый невядома, ці сабе забралі, ці ў магілу яго паклалі. Пахавалі салдат як патрэбна, зруйнавалі зямельку, зверху дзёрнам аблажылі. А каб не запамятаваць, пасадзілі елачку. Даўно спілавалі тую елку. Колькі гадоў прайшло, а хто там ляжыць – да гэтай пары невядома. Чыйсьці сын, брат, а можа – муж ці бацька? Няма адказу…
Штогод кукуе зязюля, адлічваючы камусьці гады… Шмат ці мала? Ды яны ўжо не лічаць, яны проста маўчаць…
А раптам… у Год гістарычнай памяці знойдуцца людзі-прафесіяналы, якія змогуць па арыенцірах адшукаць захаванне і вярнуць страчаныя імёны?
Таіса МУХІНА,
агр. Райца