В агрогородке Жуховичи отпраздновали фестиваль «Жуховичский Mabon-fest»
Сёння аграгарадок Жухавічы сабраў гасцей на фестывалі «Жухавіцкі Mabon-fest». На плошчы гучала народная музыка ў сучаснай апрацоўцы. Працавалі пляцоўкі: восеньскі кірмаш «Рог багацця”, дзе была размешчана выстава сельгаспрадукцыі СВК “Жухавічы”, гульнёвая пляцоўка “Карнавал гульняў”, кулінарная пляцоўка “Пальчыкі абліжаш”, конкурс-выстава “Агароднінныя цуды”, ”Восеньская фантазія”, гандлёвыя рады, вуліца майстроў, дзе можна было ўбачыць вырабы ручной работы, фотазона “Беларуская хатка канца XIX ст.-пачатку XX ст.”
Галоўная пляцоўка прыбрана па-святочнаму. Героі тэатралізаванага прадстаўлення Багіня Жыва і Бог Ярыла зрабілі своеасаблівы экскурс у дзень восеньскага раўнадзенства, звярнуўшы ўвагу гледачоў на традыцыі і абрады, звязаныя з гэтым днём.
У дзень восеньскага раўнадзенства заўсёды частавалі гасцей мёдам, яблыкамі, пірагамі з капустай, грыбамі, крупянымі кашамі, і сёння не пагрэбавалі традыцыяй: усе жадаючыя мелі магчымасць падсілкавацца смачнай кашай.
Усё свята суправаджалася спевамі і танцамі. Дзецям на свяце не прыйшлося сумаваць. Ім былі прапанаваныя вясёлыя гульні.
Незабыўныя хвіліны святочнага канцэрта падарылі работнікі Ярэміцкага Дома культуры.
Урачыстым момантам фестывалю стала ўзнагароджанне ўсіх, хто зрабіў свята яркім, маляўнічым і смачным. За ўдзел у арганізацыі конкурсных выстаў “Агароднінныя цуды”, ”Восеньская фантазія” ўзнагароджаны Жухавіцкі філіял “Карэліцкая дзіцячая школа мастацтваў”, “Жухавіцкі дом-інтэрнат для састарэлых і інвалідаў”, ДУ “Жухавіцкая сярэднняя школа”; удзельнікі кулінарнай пляцоўкі “Пальчыкі абліжаш” Кацярына Колб, Вольга Касцюк, Ірына Жамойда; за дапамогу ў арганізацыі і правядзенні фестывалю Маргарыта Звонка, Алена Шахава; за ўдзел у конкурсе-выставе “Восеньская фантазія” Дыплом першай ступені атрымаў Максім Бараноўскі, Дыплом другой ступені — Вераніка Абламейка, Дыплом трэцяй ступені — Карына Пракопава, спецыяльным Дыпломам узнагароджана Дар’я Сак; за конкурс “Восеньскі вяночак” Дыпломам узнагароджаны Уладзіслаў Касцюк, а за цікавы касцюм Дыплом атрымаў Вадзім Касцюк.
Кацярына КУКАНАВА
Фота аўтара